18 лістапада спаўняецца 90 гадоў сябру Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Анатолю Вярцінскаму, паэту, адному з найстарэйшых літаратараў Беларусі.
Анатоль Вярцінскі нарадзіўся ў 1931 годзе ў сялянскай сям’і, скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ ў 1956 годзе і некалькі гадоў працаваў у рэдакцыях раённых газет. У 1962 годзе выдаў свой першы зборнік паэзіі “Песня пра хлеб”, які моцна паўплываў на гучане ўсёй беларускай паэзіі 1960-х агулам.
У тым самым годзе Анатоль Вярцінскі пераехаў у Мінск і пачаў супрацоўнічаць з газетай “Літаратура і мастацтва”. У 1986–1990 гадах быў яе галоўным рэдактарам – і менавіта ў той перыяд на старонках выдання друкавалася праўда пра Курапаты.
Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1964 года, працаваў адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1998 года Анатоль Вярцінскі зрабіўся сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтра.
З 1990 па 1995 год быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснікам старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. Уваходзіў у склад камісіі, якая распрацоўвала тэкст беларускай Канстытуцыі.
Вершы Анатоля Вярцінскага нязменна рабіліся заўважнымі падзеямі ў беларускай літаратуры, многія з іх пакладзеныя на музыку. А ягоныя пераклады п’ес Лопэ дэ Вегі, Міхаіла Себасцьяна і Віялеты Пальчынскайтэ, а таксама ўласныя п’есы для дзяцей былі пастаўленыя на сцэнах рэспубліканскіх тэатраў.
За кнігу публіцыстычных нататак “Нью-ёркская сірэна” Анатоль Вярцінскі быў у 1988 годзе ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы, а ў 2010 годзе за высокі ўклад у беларускую літаратуру стаў лаўрэатам прэміі “Залаты апостраф” ад рэдакцыі часопіса “Дзеяслоў”.
У 2019 годзе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Вярцінскі быў узнагароджаны медалём “100 гадоў БНР”.
Шаноўны спадар Анатоль! Згуртаванне “Бацькаўшчына” шчыра дзякуе Вам за творчасць, якая нясе людзям асалоду і ўзбагачае духоўна, і за Вашу грамадскую дзейнасць, якой мы захапляемся і якую бярэм за прыклад.
Сардэчна віншуем Вас з юбілеем, зычым моцнага здароўя і натхнення, спадзяемся прачытаць яшчэ шмат Вашых новых кніг!
Управа МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”»