Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская ўзнагароджаныя Медалямі БНР

22 жніўня сядзібу Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" з урачыстым візітам наведаў заступнік старшыні Рады БНР Мікалай Пачкаеў. Кіраўніцы Згуртавання Алене Макоўскай і старшыні Рады "Бацькаўшчыны" Ніне Шыдлоўскай за заслугі ў папулярызацыі беларускай мовы і культуры былі ўручаныя Медалі да стагоддзя БНР.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні да юбілею абвяшчэння БНР заснавала юбілейную ўзнагароду - Медаль. Гэтай узнагародай уганараваны шэраг беларускіх культурных і палітычных дзеячаў у Беларусі і за мяжой. 22 жніўня ў офісе Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" сябра Рады БНР Мікалай Пачкаеў з Лондана ўручыў медалі кіраўнікам ЗБС "Бацькаўшчына" Алене Макоўскай і старшыні Рады Згуртавання "Бацькаўшчына" Ніне Шыдлоўскай.

Заснаванне гэтай узнагароды – вельмі важны крок Рады БНР, у пэўнай ступені яго можна разглядаць як яе вяртанне ў Беларусь. Акрамя гэтага, само святкаванне Дня Волі (25 сакавіка) заўсёды было і ёсць вельмі важнай падзеяй і галоўным нацыянальным святам для ўсёй беларускай дыяспары і беларусаў на Радзіме. У гэты дзень заўсёды праводзіліся самыя масавыя дэманстрацыі.

У дадзеным выпадку мы маем справу з нацыянальнай узнагародай, якая ўручаецца ўрадам Беларусі ў эміграцыі тым дзеячам, якія практычна не маюць шанцаў быць уганараванымі з боку дзяржавы праз тое, што працуюць у недзяржаўным сектары або публічна вызнаюць дэмакратычныя погляды.


YYD_5268.jpg

YYD_5289.jpg

YYD_5302.jpg

YYD_5310.jpg

YYD_5316.jpg

YYD_5335.jpg

YYD_5331.jpg


Ад імя Управы, супрацоўнікаў Згуртавання і калектыву кампаніі "Будзьма беларусамі!" мы з радасцю вітаем гэтае справядлівае рашэнне Рады БНР і шчыра віншуем шаноўных спадарыняў Алену і Ніну з заслужанай узнагародай!

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"