Алена Макоўская: Беларусь – дыяспара. Новыя задачы і кірункі супрацоўніцтва

Паважаныя сябры!

Сёння мы сабраліся ўжо сёмы раз, каб абмеркаваць найважнейшыя пытанні, што непакояць беларусаў у краіне і па-за яе межамі, ацаніць, што было зроблена за мінулыя 4 гады, з часу правядзення Шостага з’езда, пагутарыць пра нашы поспехі і праблемы, але што найбольш важна – вызначыць задачы на будучыню.

Ад Першага з’езду, скліканага “Бацькаўшчынай”, прайшло 24 гады, амаль чвэрць стагоддзя. Тады, на пачатку 1990-х, мала хто ўяўляў сабе характар, магутнасць і спадчыну беларускай дыяспары. Тым не менш дзяржава з прыхільнасцю паставілася да сваіх суайчыннікаў у замежжы, пачала развіваць кантакты з імі. На жаль, працэсы гэтага ўзаемадзеяння не заўжды былі аднароднымі і сістэмнымі.

У 2014 годзе, пасля актыўных захадаў і Згуртавання “Бацькаўшчына”, і беларускай дыяспары быў прыняты Закон “Аб беларусах замежжа”. Перад гэтым пытаннямі дыяспары апекаваліся збольшага Міністэрства культуры і Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. З прыняццем закона “Аб беларусах замежжа” каардынаваць яго выкананне і супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай пачало Міністэрства замежных спраў, і гэта лагічна, таму што пытанні супрацоўніцтва з дыяспарай палягаюць не толькі ў сферы культуры і рэлігіі. Закон, што важна, юрыдычна замацаваў тэрмін “беларус замежжа” і вызначыў асобаў, што належаць да беларусаў замежжа. Паводле апытання, праведзенага лабараторыяй Новак на замову “Бацькаўшчыны” напярэдадні нашага з’езда, прадстаўнікі беларускай дыяспары пазітыўна ацэньваюць прыняцце закона, нягледзячы на яго дэкларатыўны характар і лічаць яго пэўным сімвалічным крокам прызнання беларускай дыяспары. Крокам, які трэба, аднак, падмацоўваць канкрэтнымі падзаконнымі актамі і іншымі практычнымі дзеяннямі.

Да 2020 года дзейнічае падпраграма “Беларусы ў свеце”, якая з’яўляецца часткай дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. Гэты дакумент скіраваны збольшага на задавальненне культурніцкіх патрэб беларускай дыяспары і слаба падмацаваны фінансава. Праграма працуе на водгук, на задавальненне зваротаў і не ставіць нейкіх стратэгічных задач, дасягненне якіх можна б было ацаніць пасля яе завяршэння. Да ўсяго, супрацоўніцтва беларускай дзяржавы з дыяспарай па-ранейшаму будуецца на прынцыпе лаяльнасці да ўлады, што таксама абмяжоўвае сувязі і аслабляе патэнцыял працы.

Калі зноў вярнуцца да вынікаў апытання, зладжанага лабараторыяй “Новак” (адмысловая прэзентацыя даследавання будзе зробленая пазней на з’ездзе), можна пабачыць, што патэнцыял супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай прадстаўнікамі дзяржаўных структур і грамадскага сектару Беларусі ацэньваецца па-рознаму. Дзяржаву больш цікавяць прамыя інвестыцыі і дапамога ў рэалізацыі тавараў. Грамадскія арганізацыі зацікаўленыя ў атрыманні тэхналогій, ведаў, экспертызы, а таксама лічаць вельмі важнай ролю дыяспары ў захаванні ідэнтычнасці, у рэфармаванні Беларусі.

Відавочна, што ў развіцці ўзаемадзеяння з дыяспарай перспектыўным будзе комплексны падыход. І тут нам не трэба прыдумляць нешта новае, бо іншыя краіны свету дораць нам багаты досвед эфектыўнага супрацоўніцтва з дыяспарай.

***

Мы жывём у эпоху сапраўднага перасялення народаў (і гаворка ідзе не пра наступствы катаклізмаў і войнаў, а пра тэндэнцыі, звязаныя з натуральнай для сучаснага чалавека міграцыяй). Кожны год па ўсім свеце мігруе каля 3 мільёнаў чалавек. Сёння сусветная дыяспара налічвае 215 мільёнаў. Навукоўцы мяркуюць, што гэтыя працэсы будуць інтэнсіўна развівацца, і колькасць дыяспары ў свеце у 2050 годзе дасягне ўжо 405 мільёнаў. Гэта значыць, што дыяспара будзе рабіцца ўсё больш заўважнай і ўплывовай глабальнай сілай, а яе капітал (эканамічны, сацыяльны, інтэлектуальны) будзе толькі ўзрастаць.

Менавіта таму найбуйнейшыя краіны свету пашыраюць працу з дыяспарамі. Яны робяць актыўныя захады, каб знайсці і ўмацаваць сувязі з суайчыннікамі за мяжой – прафесіяналамі з розных сфераў, прыцягваючы іх да выканання нацыянальных праектаў. Раней плынь людзей ішла толькі ў адным кірунку – за мяжу, і гэта выклікала занепакоенасць краін-донараў, бо яны гублялі працоўную сілу і інтэлектуальны патэнцыял. Але сёння яны актыўна карыстаюцца з гэтага патэнцыялу, бо змаглі праз задзейнічанне дыяспар арганізаваць зваротную плынь у выглядзе ідэй, інавацый, капіталу і тэхналогій, і не толькі ў эканоміку, але і ў культуру, адукацыю, сацыяльную сферу.

Навукоўцы вылучаюць наступныя транснацыянальныя практыкі, як дыяспара можа дапамагаць у развіцці краін свайго паходжання.

Такім чынам, дыяспара – гэта:

  1. Адвакат і дыпламат. Яна выкарыстоўвае свае веды, кантакты, моўныя навыкі і культурныя ідэі для ўмацавання бяспекі сваёй радзімы, узмацнення стратэгічных, дыпламатычных і знешнепалітычных мэт.

  2. Пасярэднік у вырашэнні эканамічных, сацыяльных, культурных і іншых задач.

  3. Стваральнік уласных рынкаў капіталу шляхам размяшчэння дэпазітных рахункаў, прадстаўленне крэдытаў, узаемную падтрымку фондаў.

  4. Крыніца прамых інвестыцый у малы і сярэдні бізнес краін свайго паходжання.

  5. Крыніца ведаў і экспертызы, асабліва ў сферах, якія знаходзяцца ў стагнацыі, патрабуюць новых тэхналогій.

  6. Філантроп. Дыяспара аказвае дапамогу ў рэалізацыі сацыяльных і грамадска-значных, культурніцкіх, адукацыйных праектах.

  7. Адпраўшчык грашовых пераводаў на радзіму.

  8. Памагаты ў пераадоленні рознага роду катастроф і бедстваў.

  9. Крыніца зваротнай міграцыі спецыялістаў з неабходных для развіцця краіны сфер.

  10. Турыст. Тут маюцца на ўвазе і бізнес-туры, і медыцынскі турызм, і інш.

  11. Чалавечы капітал.

Існуе вялікая колькасць прыкладаў эфектыўнага супрацоўніцтва краін са сваімі дыяспарамі. Тут можа прыдацца і вопыт краін Поўдня (Арменія, Індыя, Мексіка, Кітай, Чылі, Аргенціна, краіны Афрыкі і інш). Дзяржаўныя стратэгіі супрацоўніцтва з дыяспарамі існуюць у такіх перадавых краінах як Аўстралія, Канада, Ізраіль і Новая Зеландыя, а таксама ў шэрагу краін Еўрапейскага саюза, у тым ліку ў Ірландыі, Літве, Латвіі і Польшчы.

Безумоўным сусветным лідарам у стратэгічным узаемадзеянні з эмігрантамі з’яўляецца Ірландыя. Там дзейнічае Сетка ірландцаў свету (Global Irish Network), якая аб’ядноўвае 300 найбольш уплывовых ірландцаў з усяго свету, працуе наўпрост з ірландскім урадам, арганізуе Міжнародныя эканамічныя форумы ў Ірландыі і з’яўляецца сусветным лабістам ірландскіх дасягненняў у сферы навукі, культуры, эканомікі на самым высокім узроўні.

Супрацоўніцтва з дыяспарамі ў свеце перадусім ідзе праз інстытуцыялізацыю стасункаў, а менавіта – праз стварэнне асобных дзяржаўных устаноў, якія гэтымі пытаннямі займаюцца, паралельна з профільнымі аддзеламі ў розных міністэрствах. Ствараюцца навукова-даследчыя інстытуты і праграмы грантавай падтрымкі дыяспары.

Так, 14 дзяржаўных профільных устаноў былі адмыслова створаныя ў Азіі. Індыя, Бангладэш і Шры-Ланка яшчэ ў 2004 годзе заснавалі міністэрствы для задавальнення патрэбаў дыяспары і каардынацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне міграцыі і рэалізацыі праграм развіцця. Галоўнае ўпраўленне па справах Кітая, пры якім дзейнічаюць два ўніверсітэты, што абслугоўваюць у асноўным кітайскую дыяспару, знаходзіцца пад юрысдыкцыяй найвышэйшага выканаўчага органа краіны. Камісія філіпінцаў за мяжой (CFO) падпарадкоўваецца непасрэдна канцылярыі прэзідэнта і садзейнічае развіццю эканамічных і культурных сувязяў паміж Філіпінамі і яе дыяспарай. Урад Філіпінаў таксама арганізаваў узаемадзеянне з дыяспарай на ўзроўні адмысловых аддзяленняў пры міністэрствах працы і занятасці і замежных спраў.

Клопат пра сувязі з дыяспарай не спыняецца на нацыянальным узроўні. Вельмі часта пры наяўнасці масавай эміграцыі з пэўных рэгіёнаў краіны, калі існуе захаванне сямейных сувязяў, супрацоўніцтва арганізоўваецца ўжо органамі ўлады на мясцовым узроўні, праз спецыяльна арганізаваныя цэнтры.

У 1997 годзе ўрад Паўднёвай Карэі заснаваў Замежны некамерцыйны фонд, афіляваны з Міністэрствам замежных спраў і гандлю. Асноўнай задачай Фонду з’яўляецца развіццё стасункаў з дыяспарай, каб, цытую, “выкарыстоўваць магчымасці замежных карэйцаў для нацыянальнага развіцця ў адпаведнасці з палітыкай глабалізацыі”. Канец цытаты.

У Ірландыі з 2004 па 2014 год у межах урадавай праграмы падтрымкі эмігрантаў Міністэрства замежных спраў і гандлю было падтрымана 470 арганізацый у 30 краінах свету на суму 126 млн еўра. Фінансаваліся як лакальныя нізавыя ініцыятывы, так і буйныя праграмы недзяржаўных арганізацый. Мэтамі праграмы была падтрымка сувязяў паміж Ірландыяй і ірландцамі, задавальненне патрэбаў пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, развіццё ірландскай ідэнтычнасці, падтрымка бізнес-сувязяў, правядзенне эканамічных форумаў і развіццё новых каналаў камунікацыі.

Такіх прыкладаў можна прывесці дзясяткі. Усе краіны, якія працуюць са сваімі дыяспарамі, робяць гэта таму, што бачаць рэальны практычны і прагматычны вынік такога супрацоўніцтва і партнёрства. Усе праграмы падтрымкі ствараюцца пры актыўным і раўнапраўным удзеле і зацікаўленасці дыяспары.

Усе гэтыя прыклады дэманструюць адно: калі мы хочам выніку, мы павінныя зрабіць вельмі шмат, і зараз мы, бадай, толькі ў пачатку гэтага шляху. Але калі мы ў найбліжэйшы час не задзейнічаем напоўніцу такі рэсурс як беларусы замежжа – з іх ведамі, вопытам, патэнцыялам, сувязямі, – наша краіна выпадзе з глабальных працэсаў і ёй будзе наканавана стаць сусветнай правінцыяй, а не цэнтрам Еўропы.

Каб пабудаваць эфектыўнае супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, мы павінныя ведаць іх сучасны партрэт, геаграфію, прафесійны складнік. Пакуль жа мы можам канстатаваць, што ведаем толькі лічбу ў тры з паловай мільёны ў 73 краінах і тое, што ў 26 краінах свету працуюць арганізацыі беларускай дыяспары. Сталае, сістэмнае вывучэнне дыяспары вядзецца сіламі нашага грамадскага аб’яднання, Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку і шэрагам апантаных навукоўцаў, даследчыкаў з Беларусі і замежжа. Я лічу, што гэтага абсалютна недастаткова для разумення і ведання сваёй дыяспары, яе патэнцыялу.

Дарагія сябры! Сярод праектаў выніковых дакументаў нашага з’езда, якія вы атрымалі пры рэгістрацыі, ёсць падрыхтаваныя ЗБС “Бацькаўшчына” “Прапановы ў дзяржаўную стратэгію развіцця стасункаў з беларусамі замежжа”, да распрацоўкі якіх далучыліся спецыялісты ФНКА “Беларусі Расіі”. Падчас падрыхтоўкі гэтага дакумента мы зыходзілі з таго, што паспяховае супрацоўніцтва можна пабудаваць толькі праз ажыццяўленне наступных крокаў:

  • пабудова даверу;

  • стварэнне механізмаў уключэння дыяспары, яе матываванне;

  • падтрымка дыяспары, паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці;

  • пашырэнне правоў і магчымасцяў беларусаў замежжа.

Асабліва хачу падкрэсліць: любое супрацоўніцтва пачынаецца з пабудовы даверу. І Беларусь тут не з’яўляецца ўнікальнай. З гэтага пачыналі ўсе краіны, што маюць цяпер эфектыўнае супрацоўніцтва. Дыяспара не адразу ацэньвалася пазітыўна, як і самі дыяспары не заўжды мелі давер да краін паходжання. У нашай сітуацыі недавер таксама мае месца. Тут адыгрывае ролю і той факт, што Беларусь – постсавецкая краіна. У савецкія часы ўсе, хто з’язджаў, успрымаліся адназначна негатыўна, як тыя, хто здрадзіў савецкаму ладу. Негатыўныя стэрэатыпы застаюцца ва ўспрыманні міграцыі і да гэтага часу, як у любым закрытым грамадстве. Недавер існуе і з боку дыяспары, якая вельмі часта ўспрымае ініцыятыву ўсталявання кантактаў з боку дзяржаўных структур як спробу ўмяшальніцтва ці жаданне ўзяць пад кантроль дзейнасць той ці іншай арганізацыі. Безумоўна, сюды трэба дадаць і тое, што невялікая дзяржаўная дапамога калі і аказваецца, то ў асноўным лаяльным арганізацыям. А міжнародны вопыт моцна перасцерагае ад стварэння прывілеяваных груп у супрацоўніцтве з дыяспарай. Дэманстрацыяй пэўнага недаверу таксама ёсць тое, што беларусы імкнуцца не афішаваць сваю эміграцыю, наяўнасць пашпарта іншай краіны і да т.п.

Каб пераадолець недавер, найперш патрэбная шырокая асветніцкая кампанія з удзелам дзяржавы, грамадства і дыяспары. Кампанія мусіць уключаць камунікацыю, інфармаванне, правядзенне шэрагу мерапрыемстваў з удзелам усіх бакоў – кангрэсаў, канферэнцый і гэтак далей. Дасягненні беларускай дыяспары, яе багатая спадчына, яе ўнёсак у захаванне нашай ідэнтычнасці, паўстанне нашай незалежнасці нарэшце павінныя ўвайсці ў падручнікі і школьныя праграмы.

Наступным крокам можа стаць мабілізацыйная кампанія з правядзеннем мерапрыемстваў для прафесіяналаў з розных сфер, падтрымка паездак у Беларусь уплывовых людзей з дыяспары, арганізацыя выстаў, культурных мерапрыемстваў з удзелам беларусаў замежжа. Надзвычай важна было б ладзіць сумесныя з дыяспарай валанцёрскія летнікі і моладзевыя фестывалі, ствараць сеткі кансультацый, інтэграваць дыяспару ў грамадска-палітычныя працэсы ў краіне.

І яшчэ адным вельмі важным – магчыма, найважнейшым – аспектам супрацоўніцтва з дыяспарай з’яўляецца падтрымка працэсаў, накіраваных на захаванне беларускасці, паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці дыяспары. Таму што менавіта культура стварае тыя моцныя сувязі, якія лучаць беларусаў са сваёй краінай. Грамадзянская і тэрытарыяльныя ідэнтычнасці, якія дамінуюць сёння ў беларусаў, могуць мяняцца са зменай грамадства і тэрыторыі. Сёння наша мова, наша культура, наша ідэнтычнасць не толькі звязваюць нас з беларускай дыяспарай, але і з’яўляюцца грунтам нашай незалежнасці.

На жаль, захоўваць беларускую ідэнтычнасць за мяжой сёння па-ранейшаму вельмі складана праз невыразнасць нацыянальнай палітыкі ўнутры Беларусі. Пакуль адсутнічае выразная палітыка па падтрымцы беларускай культуры і мовы з боку дзяржавы ўнутры Беларусі, найперш на ўзроўні СМІ, беларускіх школаў і ВНУ, тыя людзі, якія мігруюць у іншыя краіны, не будуць цікавіцца і не будуць цаніць беларускую культуру, мову, гісторыю і традыцыі.

***

Дарагія сябры! Кожны з’езд беларусаў свету адлюстроўвае пэўныя грамадска-палітычныя працэсы, што ідуць як у самой краіне, так і па-за яе межамі, тым ці іншым чынам уплываюць на Беларусь, яе грамадства. Цяпер складваецца сітуацыя, калі ўсім робіцца відавочна, што беларуская дыяспара ператвараецца ў вельмі каштоўны рэсурс, які найперш патрэбны самой Беларусі і з’яўляецца фундаментам яе развіцця.     

З кожным годам свет усё больш глабалізуецца, робіцца ўзаемазвязаным і ўзаемазалежным. Кожная краіна, якая хоча атрымаць максімум выгады ад гэтай узаемазалежнасці, актыўна стварае і развівае комплексныя сеткі з людзей для атрымання сацыяльнай, эканамічнай і культурнай карысці. Беларуская дыяспара, па сутнасці, якраз і ёсць такой сеткай, удзельнікі якой могуць быць мабілізаваныя для нацыянальнага будаўніцтва, стаць мостам для атрымання ведаў, экспертнай дапамогі, рэсурсаў для сваёй краіны.

Менавіта цяпер мы павінныя аб’яднаць свае намаганні, каб выпрацаваць новыя кірункі супрацоўніцтва дзяржаўных інстытуцый, грамадскіх арганізацый з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Сёмы з’езд беларусаў свету мусіць стаць вельмі важнай платформай для распрацоўкі гэтых задач. “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, маючы шматгадовы досвед супрацоўніцтва з арганізацыямі беларусаў замежжа і шматлікія напрацоўкі ў гэтай галіне, у сваю чаргу, гатовае актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы і рэалізацыі новай стратэгіі ўзаемадзеяння Беларусі і дыяспары.

Алена Макоўская
VII з’езд беларусаў свету 15-16 ліпеня 2017 г.