Алег Трусаў: Лёс беларускай мовы можа быць вырашаны ў гэтым годзе

Зараз у нашай краіне ідзе гаворка аб так званай канстытуцыйнай рэформе. Хто толькі пра яе не гаворыць у СМІ, на розных форумах, сайтах і стрымах.

Адно з самых балючых пытанняў, гэта колькі дзяржаўных моваў павінна быць у будучай дэмакратычнай Беларусі. Адна ці дзве? Дарэчы. У свой час Бабарыка гаварыў пра тры мовы: беларускую, рускую і англійскую. Пасля таго, як у жніўні мінулага года да мірнага беларускага супраціву далучылася масава рускамоўнае насельніцтва нашай краіны, якое адразу прызнала нацыянальную сімволіку як сваю, але пераходзіць на беларускую мову ў іх вялікага жадання не было, яны зноў, як у далёкім ужо 1995 г., сталі на пазіцыі тых, хто пад уплывам Крамля навязаў краіне так званае двухмоўе. Наіўныя людзі верылі, што ў Беларусі будзе ідэальная сітуацыя, пра якую калісьці казаў старшыня ВС БССР Дземянцей: “У нас, хто как хаціт, тот так і гаварыт”.

У выніку ж разгарнулася татальная русіфікацыя ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Асабліва ў адукацыі і сістэме дзяржаўнага кіравання. Гэта вельмі падабалася Крамлю, які не шкадаваў грошы і ўсяляк падтрымліваў і зараз падтрымлівае русіфікатараў. Уладзімір Пуцін вылучыў асобную кан-цэпцыю “русского мира”, дзе ёсць асобныя праграмы падтрым-кі спачатку грашыма, а потым і зброяй так званага “русскоязычного населения”. Гэта ідэя легла ў абгрунтаванне анексіі Крыма і вайны на Данбасе. Цікава, што пасля ўмяшальніцтва Пуціна ў армяна-азербайджанскі канфлікт у непрызнанай армянскай рэспубліцы Арцах (Нагорны Карабах) з’явілася яшчэ адна дзяржаўная мова – руская. Такая сітуацыя за-раз у Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Пра дзве дзяржаўныя мовы на Беларусі зараз гаворыць каманда Ціханоўскай, блогерка і палітык Вольга Карач, прыхільнікі новай партыі “Вместе” і іншыя аматары “великого и могучего языка и великой культуры”.

Прыводзяць прыклады двухмоўя ў Бельгіі і Ірландыі, і нават Індыі, ужо не кажучы пра Швейцарыю. Але ў Бельгіі жывуць два народы – валоны і фламандцы, і таму ў іх дзве дзяржаўныя мовы. Кожны швейцарскі кантон мае адну мову, на якой і гаворыць. Урад Ірландыі траціць вялікія сродкі, каб хоць неяк захаваць сваю родную мову, але яна паступова знікае і асаблівай перспектывы на захаванне не мае.

А што мы маем зараз у Беларусі? Мы адна з самых монанацыянальных краін Еўропы, бо беларусы складаюць у нас больш за 80 % насельніцтва. На апошнім перапісе, нягледзячы на 25 год русіфікацыі, больш за 50 % грамадзян Беларусі назвалі роднай мовай беларускую, прычым акрамя беларусаў, гэта і палякі, і рускія, і татары, і яўрэі. Насельніцтва краіны збольшага разумее беларускую мову, бо вывучае яе ў школе.

Доўгі час крыніцай захавання беларускай мовы была наша вёска. Але зараз яна імкліва вымірае, і мы сталі адной з самых урбанізаваных нацый у Еўропе. Толькі ў Менску жыве 2 млн. чалавек. Але дзеці ў Менску і вялікіх гарадах, асабліва ў малым узросце (3-6 гадоў), ужо зусім не разумеюць беларускай мовы, а калі яны ідуць у рускамоўную школу, то беларуская мова там для іх чужая, замежная і, галоўнае – непатрэбная, бо ўсе ВНУ краіны рускамоўныя.

Цалкам рускамоўныя войскі, суды, міліцыя і амаль увесь дзяржаўны апарат.

Таму калі мы пакінем дзве дзяржаўныя мовы, то за бліжэйшыя 25 год у нас застанецца адна дзяржаўная мова, і, вядома, не беларуская.

Калі за гэты час нас не захопіць Расія, то нас чакае лёс нават не Ірландскай рэспублікі, але, бадай, лёс Белфаста (Паўночнай Ірландыі), якая належыць Брытаніі, а мова ірландцаў там у поўным заняпадзе.

Таму, калі мы хочам жыць, як у Чэхіі, Даніі, Славакіі, Галандыі, мы павінны вярнуць беларускай мове, як адзінаму фактару існавання самастойнай беларускай нацыі, статус адзінай дзяржаўнай мовы. У Канстытуцыю можна запісаць пункт, што статус выкарыстання рускай і іншых замежных моў у краіне вызначаецца асобным законам. Гэты закон у нас існуе з 1990 г. і называецца “Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”. Яго трэба ўдасканаліць і дапрацаваць. Там запісана, што на пераход да беларускай мовы патрэбна 10 год. Але павінны быць запіс, што ўсе дзяржаўныя чыноўнікі павінны здаваць пры прыходзе на службу абавязковы экзамен на веданне беларускай мовы, а на пэўных пасадах і англійскай. (Як, дарэчы, у Ірландыі)

У адпаведнасці з вынікамі апошняга перапісу з 2022 году не менш, чым 50 % усіх школ і ВНУ краіны пераводзяцца на беларускую мову навучання. Кожны беларускамоўны грамадзянін краіны мае права ва ўсіх сферах жыцця карыстацца беларускай мовай на роўных правах з рускамоўнымі грамадзянамі.

Асноўная мова дзяржаўнага апарата краіны – беларуская. Аднак на працягу 10 гадоў па пісьмовай просьбе рускамоўных грамадзян краіны яны могуць карыстацца рускай мовай у перапісцы з чыноўнікамі, у судах, банках і іншых дзяржаўных структурах, навучацца на рускай мове ў школах і ВНУ.

Закон аб мовах пасля прыняцця Канстытуцыі можна вынесці на грамадскае абмеркаванне, каб удасканаліць яго асобныя палажэнні.

Ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў