Алег Рудакоў: Вязем з Іркуцка ў Беларусь тое, што было туды вывезена з Беларусі

Нястомны актывіст Іркуцкага моладзевага клуба “Крывічы” і сябра Рады “Бацькаўшчыны” Алег Рудакоў у свой прыезд на радзіму па традыцыі завітаў і да нас на сядзібу. Гэтым разам давялося пагутарыць і пра рэчы, якія радуюць “Крывічоў” у Беларусі, і пра тое, што трывожыць іх у Іркуцку. А яшчэ пра надзвычай удалы і шматлюдны выступ Алега Рудакова і Вольгі Галанавай у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, які адбыўся напярэдадні нашай сустрэчы.

Ведаем, што днямі Вы вельмі ўдала выступілі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

– А перад гэтым яшчэ выступалі на фестывалі “Наш Грунвальд 2019”… Я найперш жадаю падзякаваць Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” і асабіста Ніне Шыдлоўскай і Анастасіі Комлік-Ямацінай за тое, што нахтхнілі на прыезд і паспрыялі, каб наш гурт атрымаў запрашэнне на гэты фестываль сярэднявечнай культуры. Атмасфера фестывалю нам надзвычай спадабалася. Там збіраюцца людзі па-добраму апантаныя, вельмі патрыятычныя і, што асабліва цешыць, маладыя. У гэты прыезд мы пасябравалі з гарадзенскімі хлопцамі з гурта “Варта часу”, з барысаўскімі дзяўчатамі з гурта “Вір”. Дый наогул падарожжа атрымалася, можна сказаць, феерычным. Не паспелі мы дабрацца да Беларусі, як адразу правялі некалькі сустрэч, далі безліч інтэрв’ю для прэсы, радыё, тэлебачання – і дзяржаўнага, і недзяржаўнага. Фестываль доўжыўся два дні, і ўсе два дні мы з поспехам па паўгадзіны выступалі на цэнтральнай сцэне, кожны раз з новай праграмай.

І якія ж нумары Вы паказвалі аматарам сярэднявечча?

– Адмыслова для гэтага прыезду падрыхтавалі шмат песень і танцаў беларусаў Іркуцкай вобласці. Мы не адзін год збіралі і запісвалі іх у нашых этнаграфічных экспедыцыях па вёсках Іркуччыны, заснаваных перасяленцамі з Беларусі 1902–1912 гадоў, у тым ліку падчас сталыпінскай рэформы. Карацей, мы, як заўжды, з Іркуцка вярталі ў Беларусь тое, што было туды ў свой час вывезена з Беларусі.


02-67718570_3062588137115199_4791034854751862784_n.jpg


А хіба ў нас тут свайго няма, што на ваш “тавар” такі попыт?

– Да нас на сустрэчы прыходзяць фалькларысты, дык яны часта сведчаць, што некаторых песень ніколі не чулі. А ў некаторых знаходзяць цікавыя асаблівасці: у тэкстах, у манеры выканання. І такая самая сітуацыя з танцамі. На “Грунвальдзе” некаторыя знаўцы прызнаваліся, што не ведалі пра танцы “Падгорная”, “Чацвёра”. А ў беларускіх вёсках пад Іркуцкам гэта самыя звычайныя танцы. Хто ведае, чаму так сталася. Можа на Іркуччыне нешта захавалася, у той час як у Беларусі знікла, альбо пад уздзеяннем часу і небеларускага асяродка неяк трансфармавалася… Я ж, бывае, паўжартам кажу, што ўжо нядоўга засталося, і неўзабаве супольнасць “беларусы Прыбайкалля” набудзе выразныя рысы, выяўна аформіцца, пачне вылучацца сваёй адметнай традыцыяй. Бо клуб жа наш увесь час пашыраецца, моладзь – прыходзіць. Да нашага актыву хтосьці далучаецца пасля кожнага масавага свята. Нядаўна на дзень горада, нягледзячы на тое, што ішоў дождж і многія перадумалі на яго ісці, усё ж сабралі калону ў 28 чалавек.

І пасля гэтыя актывісты распаўсюджваюць беларушчыну ў іншых асяродках?

– У тым ліку. Але ўсё ж такі галоўная наша місія – гэта захоўваць і вывучаць у горадзе беларускую традыцыю, а пасля адраджаць, вяртаць яе ў беларускую вёску. Робяць гэтую справу розныя людзі, і, такім чынам, усё гэта пашыраецца па вобласці, па вёсках. У некаторых з’яўляюцца фальклорныя гурткі, дзіцячыя гурткі. Напрыклад, у вёсцы Тургенеўка Баяндаеўскага раёна настаўніца фізкультуры абгрунтавала неабходнасць унесці змены ў навучальную праграму – замяніць частку ўрокаў фізкультуры танцамі. Вядома, беларускімі.

То бок святы ладзіце толькі каляндарна-абрадавыя?

– Неабавязкова. У жніўні будзем арганізоўваць вяселле – адна пара вырашыла пабрацца шлюбам цалкам у беларускім каларыце, па ўсіх правілах. А 15 верасня – так, у вёсцы Аляксандраўск Аларскага раёна святкуем Дажынкі. Далей – Багач, Пакровы, Каляды, Гуканне Вясны, Купалле ды іншыя святы. Паміж імі – гістарычныя вечарыны, пасяджэнні літаратурна-гістарычнага клуба “Мысляры Беларусі” – апошняе такое было ў траўні, прысвечанае памяці Васіля Быкава. Карацей, штомесяц у нас бывае па некалькі мерапрыемстваў.

Давайце вернемся да выступу “Крывічоў” ў Музеі…

– Гледачоў у музей прыйшло блізу паўсотні чалавек! І старыя сябры, і людзі, з якімі дасюль стасаваліся толькі віртуальна, праз сацсеткі… З гэтай сустрэчы засталіся відэазапісы, усё можна паглядзець у інтэрнэце.



Дарэчы, у мінулую сустрэчу Вы расказвалі, што плануеце выпускаць мультымедыйную прадукцыю.

– Гэта яшчэ наперадзе. Па ўсім відаць, гэта будуць дзве кружэлкі: відэа па беларускім танцам, адмыслова зробленае такім чынам, каб з яго дапамогай танцам можна было і навучацца, а таксама аўдыё – аўтэнтычныя спевы, найбольш адметныя з нашага збору, якасна запісаныя ў прафесійнай студыі, колькасцю не меней за трыццаць. Яшчэ вельмі карціць рабіць альманах, хай яно і цяжка фінансава. Называцца будзе “Апавяданні, казкі і гісторыі беларусаў Іркуцкай вобласці”. Там, як вынікае з назвы, будуць гісторыі перасялення, гісторыі сем’яў, расказаныя самімі людзямі, адметныя казкі, цікавыя фантастычныя гісторыі. Напрыклад, у вёсцы Жызнеўка мне расказалі пра трох братоў, якія заснавалі вёску на пачатку XX стагоддзя, і адзін з іх быў чараўнік. Даволі тыповы – і нашкодзіць мог, і дапамагчы, вылекаваць, напрыклад. А чараваць ён навучыўся яшчэ ў Беларусі, ад нейкага млынара. На Іркуччыне быў шанаваны змеямі, кіраваў імі, а як аднойчы не паклікалі яго на вяселле, дык ён нешта пашаптаў каню, і той заўпарціўся везці маладых, не крануўся з месца… Розных цікавостак назапасілася вельмі шмат. Абавязкова трэба, каб гэта ведалі іншыя.


03-67604975_3062580100449336_1006752407335469056_o.jpg


Дарэчы, а што зараз чуваць пра затопленыя вёскі Іркуцкай вобласці? Як людзі спраўляюцца з трагедыяй?

– Становішча з патопам вельмі складанае, цяжкае і трагічнае. Вёскі, асабліва ў Тулунскім і Ніжняудзенскім раёнах, пацярпелі найбольш. А ў тых раёнах, між іншага, знаходзяцца, можа, 70% вёсак, запачаткаваных беларускімі перасяленцамі. Напрыклад, затопленая Іяй вёска Пабярэга, заснаваная ў 1904 годзе перасяленцамі з Беларусі, фігуравала ў планах маіх экспедыцый. Я раней там не быў, а цяпер невядома, ці будзе наогул куды ехаць. Канкрэтна гэтую вёску затапіла пад дах. Прытым што самы вялікі патоп, які людзі там помняць – гэта “патоп” 1984 года, які папсаваў людзям агароды. Цяпер жа вада паднялася на 15 метраў, прытым што дамба ў Тулуне разлічаная на 10. Многія хаты проста змыла, загінулі людзі, дасюль шмат жыхароў лічацца прапалымі без вестак, усе рэчы выйшлі са строю, не ўратавалася скаціна. Гэтыя трупы плавалі ў вадзе, паводка павымывала могільнікі, таму зараз медыкі спяшаюцца правесці ўсе патрэбныя прафілактычныя мерапрыемствы, каб не распаўсюдзіліся інфекцыі ды хваробы. Дзяржава дапамагае, але спіс рэчаў, якія падлягаюць кампенсацыі, абмежаваны, і дапамога пакрывае страты мінімальна. Але самая вялікая праблема – гэта, безумоўна, жытло. У ацалелых хатах немагчыма жыць, іх ужо не прасушыць. І калі людзі з тых месцаў раз’едуцца, а ўсё якраз ідзе да гэтага, то да ўсяго яшчэ будуць страчаныя і беларускія асяродкі.

Што паробіш, стыхія…

– А я думаю, што прычына – барбарская дзейнасць чалавека. Кажуць, у Саянах, у вярхоўях чатырох рэк, якія разліліся – Ія, Уян, Ака і Біруса – сустрэліся цыклон з антыцыклонам, вылілася шмат вады. Няхай сабе. Але праз тое, што там ужо даўно няма тых лясоў, якія былі раней, бо усё высечана або спалена пажарамі, вада папросту не мела ніякай натуральнай перашкоды.

Будзем спадзявацца, што злыбеды жыхароў Іркуцкай вобласці на гэтым скончацца, і неўзабаве людзі ўсё ж змогуць аднавіцца… Распавядзіце, чым парадуеце тых, хто прыйдзе на сустрэчу 31 ліпеня ў Магілёве?

– Як заўсёды, будзем кіравацца рэакцыяй публікі. Але мы яшчэ не паказалі ўсяго, што рыхтавалі перад прыездам, таму абавязкова пакажам рэдкі танец “Шасцёра”. У сібірскіх вёсках яго любяць і ведаюць…

Гутарыў Сяргей Кандраценка,
фота і відэа з фэйсбуку Алега Рудакова