Алег Рудакоў: Беларусы ў сучаснай прасторы – погляд з глыбінкі Сібіры. Аналіз і прапановы

“Быць беларусам – цяжкая праца?”

Дзень добры, шаноўныя спадарыні і спадары!

Вітаю вас на нашым чарговым З’ездзе. Вітаю ўсіх сяброў і знаёмцаў, вітаю й новых чальцоў нашага руху! Ад шчырага сэрца і ад імя Іркуцкага беларускага клуба “Крывічы” віншую вас з нашай працоўнай, але ў той жа час і святочнай сустрэчай.

Напярэдадні маёй вандроўкі на З’езд адзін мой сябра ў мяне спытаўся: ці ёсць плён з такіх сустрэч, ці трэба рабіць высілкі, каб трапіць на З’езд ЗБС? Што гэта дае, акрамя прыемнасці сустрэч?

Быццам простае пытанне, на якое лёгка даць адказ. У той жа час мяне гэта накіравала на вялікі роздум.

Ну, безумоўна, мы павінныя збірацца згодна са статутам раз на 4 гады на справаздачны з’езд, на якім нам трэба абмеркаваць дзейнасць кіраўніцтва ЗБС і даць гэтай дзейнасці ацэнку. І тут, зноў жа безумоўна, праца кіраўнікоў ЗБС відавочная і заслугоўвае самага шчырага прызнання. Зроблена шмат, зроблена якасна, ёсць разуменне, куды рухацца і як. Але збольшага гэта тактычныя рашэнні сённяшніх задач.

А ці мяняецца што ў глабальным плане? Кім ёсць беларусы ў сучаснай прасторы? Ці скараціўся адсотак асіміляцыі беларусаў за мяжой і нават у самой Беларусі?

Не буду казаць пра іншыя краіны. Буду казаць пра Расію, пра нашу Сібір. У Іркуцку, нягледзячы на разбег актыву на два самастойныя аб’яднанні, справа збольшага ідзе няблага. Узнікаюць новыя беларускамоўныя мастацкія гурты, пашыраецца колькасць маладзёнаў, якія імкнуцца вучыць беларускую мову. У клубе “Крывічы” ладзяцца курсы беларускай мовы, існуюць секцыі па бытавым народным беларускім танцы, па аўтэнтычных спевах, амаль штомесяц (акрамя ліпеня і жніўня) ладзяцца беларускія святы, ідзе адукацыя беларусаў і іх нашчадкаў, народжаных у Прыбайкаллі, праводзіцца штогод міжнародны фестываль “Беларускі кірмаш”, які збірае больш за 20 гуртоў з Іркуцкай вобласці і куды, як ужо склалася традыцыя, прыязджаюць знакамітыя выканаўцы з Беларусі, а ў гэтым годзе быў гурт і з Томска.

Здаецца, у нас справа беларушчыны ідзе поўным ходам. Можна не турбавацца. Аднак усё ж такі не. Ёсць недарэчнасць. Агульная колькасць беларусаў у Іркуцкай вобласці скарачаецца. З кожным афіцыйным перапісам статыстыка дае нам усё новыя лічбы, якія скарачаюць наш народ у разы. Чаму?

Праўда, ёсць апраўданне. Перапіс вядзецца не паўсюль добрасумленна. Вось, напрыклад, у 2012 годзе падчас перапісу ў Баяндаеўскім раёне было запісана толькі 8 беларусаў. Але ж тут месціцца вядомая ўжо на ўсю Расію і Беларусь знакамітая вёска Тургенеўка, заснаваная ў 1909 годзе перасяленцамі з Гродзенскай губерні. Тут заснаваны і актыўна дзейнічае Беларускі народны хор “Варэнічкі”, у школе вядуцца ўрокі па беларускай мове, і працуе Дзіцячая беларуская фальклорная студыя “Ручнічок”. Прыязджаю ў Тургенеўку, прыходжу на рэпетыцыю, пытаюся: шаноўныя, чаму беларусамі не запісаліся? А мне ў адказ: “А нас ніхто і не пытаўся!”. Атрымалася, што перапісчыку нават лянота была па хатах хадзіць. Яна прыйшла ў сельсавет, узяла кнігу ўліку жыхароў, адтуль усё перапісала, і ўсіх, нават буратаў (там ёсць некалькі сямей бурацкіх), запісала рускімі! Вось такая яна статыстыка “па-рускі”!

І ўсё ж куды падзеліся беларусы, якіх у нашым рэгіёне ў 1913 годзе было 300 тысяч, у 1989 годзе – 50 тысяч, а ў 2012 – 16 тысяч? Пры гэтым мы ўжо праводзім З’езды Роду. Напрыклад, у 2016 годзе наша актывістка Ганна Пятрусь сабрала ў радавой вёсцы Жызнеўка Заларынскага раёна свой род, куды з’ехалася з розных іркуцкіх гарадоў і вёсак, ды і з некаторых іншых рэгіёнаў Расіі, больш за 100 чалавек. А пачыналася ўсё гэта з трох братоў Пятрусь, якія прыехалі пад час Сталыпінскай рэформы ў гэтую вёску. Дык значна за 100 гадоў пашырыліся!

І ўсё ж такі беларусамі з гэтага роду запісалася, мабыць, толькі наша Ганна. Але яна ўжо апантаная беларуска! Чаму нашчадкі беларускіх перасяленцаў не запісваюцца згодна са сваёй нацыянальнасцю?

Адказ вельмі просты: нашчадкі перасяленцаў страчваюць сувязь з гістарычнай Радзімай. Больш за тое, нашых беларусаў раней, ды і цяпер, у Сібіры як толькі не называлі і называюць: то літоўцамі, ці літвінамі, то палякамі, то “хахламі”, маючы на ўвазе ўкраінцаў, то, безумоўна, рускімі з Заходняга краю…

Гэтае становішча можна паправіць, бо цяга да каранёў, асабліва сярод моладзі, ёсць. Трэба толькі самаахвярна працаваць!

У другіх рэгіёнах Расіі сітуацыя, ведаю, не лепшая, а можа, нават і горшая.

З аднаго боку, колькасць беларускіх суполак у Расіі пашыраецца, але, прабачце за шчырасць, збольшага гэтыя суполкі маюць лубачны характар. Так, у якой-небудзь вобласці ці краі ўзнікае беларускае аб’яднанне. Яно нават атрымлівае нейкія мясцовыя гранты, яно нават стварае нейкім цудам гурт, які спявае беларускія песні. А далей усё. Прытоку моладзі, якая нарадзілася ўжо на гэтай тэрыторыі, але мае беларускія карані, амаль няма. А нават і тыя з маладых, якія прыходзяць, хутка расчароўваюцца і сыходзяць. Вось не так даўно прыехала ў Іркуцк адна наша дзяўчына, былая актывістка клуба “Крывічы”, яна па сямейных абставінах была вымушаная з’ехаць з Іркуцка ў іншы рэгіён Расіі (не буду казаць, які, неістотна), але, памятаючы нашу актыўную працу ў беларускай суполцы і адчуваючы сябе шчырай беларускай, пачала шукаць мясцовых беларусаў. Знайшла! Ёсць афіцыйна зарэгістраванае аб’яднанне, якое ва ўладзе даволі нядрэнна прадстаўленае. Ёсць і нейкі мастацкі як быццам беларускі гурт, але…

Беларускія святы не праводзяць, сустрэчы праводзяць на 8 сакавіка, каб павіншаваць жанчын, альбо на Дзень Перамогі, каб адзначыць ветэранаў, пры гэтым накрываюць стол, дастаюць нават адкуль-небудзь беларускую гарэлку (ну хтосьці з Беларусі прывёз), робяць дранікі на закуску… ну, вось неяк свята і правялі… Але нашай дзяўчыне, якая прызвычаілася да іншага імпэту, да па-сапраўднаму беларускага духу, не знайшлося да чаго зачапіцца.

Зноў жа, яна нядрэнна спявае. Пайшла ў беларускі гурт. Ёй там узрадаваліся. Але акрамя песень кшталту “Цячэ вада ў ярок”, там нічога і не ведаюць. Больш за тое, аказалася, што спевакі там нават прафесійныя, але не маюць беларускіх каранёў. Спяваюць лубачныя беларускія песні толькі дзеля таго, каб “паказаць” беларускую культуру на якім-небудзь свяце альбо абласным фестывалі. Развучылі тры-чатыры песні і… а болей і не трэба. Зноў наша дзяўчына расчаравалася… Паспрабавала на беларускай мове нават паразмаўляць з кіраўніком аб’яднання (ён беларус, але савецкага выхавання), узяць на сябе нейкія ініцыятывы, аднак той нават спужаўся, палічыў яе нацыяналісткай, размову вёў прынцыпова па-руску (а то ж яшчэ што падумаюць). Вось так і сышла з беларускай суполкі гэтая шчырая беларускамоўная маладая дзяўчына.

Я не перабольшваю. Так шмат дзе. Лубачнае беларускае аб’яднанне, лубачны гурт, які ведае пару беларускіх песень, але калі пад чарачку ды за сталом, дык лепей заспяваць “наша” – “Чорны воран”, напрыклад. Між сабой усе размаўляюць на “зразумелай”, безумоўна, рускай мове і адзначаюць у найлепшым выпадку 3 ліпеня – дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

Вывучэння беларускай гісторыі, беларускай мовы, беларускай традыцыі, беларускага рамяства, беларускай аўтэнтычнай песні, беларускага народнага бытавога танца ў такіх суполках і блізу няма. А якраз вось гэта ўсё і выхоўвае беларускага шчырага патрыёта, гэта якраз і прыцягвае моладзь. Моладзь адчувае толькі тады сувязь са сваёй гістарычнай Радзімай, калі прыцягваецца праз інтэрактыў да беларускасці ў шырокім сэнсе.

Ды вось зусім просты прыклад. На апошнім З’ездзе беларусаў Расіі толькі я і яшчэ адзін кіраўнік казалі сваю прамову па-беларуску. Астатнія кіраўнікі з велічэзнай Расіі казалі толькі па-руску. Больш за тое, калі я выказваўся, некаторыя нават на мяне шыкалі – маўляў, не можа, як усе, “нармальна гаварыць”. А кіраўнік, як вядома, – “галава” аб’яднання. Калі ў яго няма патрэбы вывучыць беларускую мову, то адкуль яна возьмецца ў шараговых чальцоў?

А калі так, то гэта ўжо не беларускае аб’яднанне, не нацыянальная супольнасць, а проста зямляцтва. Ну, вось у Маскве, напрыклад, ёсць зямляцтва з Іркуцка. І на 8 сакавіка разам збіраюцца, і на Дзень Перамогі, і на Дзень Іркуцкай вобласці, і песні спяваюць, і нейкія выставы іркуцкіх мастакоў ладзяць і г.д.

Але гэта ў нас у Расіі, а што ў вас у Беларусі?

Вось прыехалі да нас у чэрвені аж амаль 40 чалавек – бізнесоўцы з Беларусі. Прыехалі не проста так. Прыехалі з цудоўнай місіяй – прадставілі Кірмаш беларускіх тавараў. Дапамаглі мы ім. І ў плане арганізацыі мерапрыемства, і ўрачыстае адкрыццё з канцэртам, і на Байкал паездку, і людзей запрасілі актыўна… Задаволеныя яны былі, бо добра гандаль пайшоў! Але… Пачаў я з імі па-беларуску размаўляць. Здзіўленне вялікае. Праўда, той-сёй адказаў, пастараўся. Ёсць там сярод іх тыя, якія збольшага “трасянкай” валодаюць. Але выказалі некаторыя і непаразуменне. Кажуць мне: навошта вам гэтая беларускасць? Мы там, у Беларусі, на беларускай мове збольшага не размаўляем, а вам навошта? Што сказаць у адказ?

Я сказаў, што гэта нашая адметнасць, у гэтым нашая ўнікальнасць. Праз гэта мы адчуваем сувязь з продкамі, сувязь з радзімай. А тое, што ў Беларусі мала хто размаўляе, дык нічога, прыедзем – навучым!

Сябры! Толькі разам, толькі праз нашу матчыну мову, толькі праз беларускую адукацыю, праз асветніцкую самаахвярную дзейнасць, толькі праз выхаванне сапраўднага беларускага патрыятызму мы здолеем захаваць сваю нацыю, сваю культуру, свой народ. Нам трэба не толькі самім памятаць свае карані, але спыніць асіміляцыю, падтрымаць моладзь, народжаную за межамі Беларусі, даць ёй магчымасць у інтэрактыве далучыцца да сваіх каранёў і сваёй нацыянальнасці.

А пакуль мы будзем толькі спяваць на Дні незалежнасці Расіі альбо на свяце Перамогі пару лубачных беларускіх песень – сэнсу не будзе.

Для параўнання, гурт “Крывічы” можа праспяваць болей за 300 старажытных аўтэнтычных песень, як абрадавых, так і побытавых!

Так, “быць беларусам – цяжкая праца”. Але яна проста неабходная, “каб не ўмёрлі”! Як кажа мой сябра ў Іркуцку, спадар Алесь, “цяжка дыхаць паветрам, але ж мусіш”.

Дык будзьма беларусамі! Сапраўднымі, а не лубачнымі!

І тады будзе жыць беларускі народ! Будзе жыць Беларусь! Жыве Беларусь!

Алег Рудакоў
VII з’езд беларусаў свету 15-16 ліпеня 2017 г.