Адкрыты ліст дзеячаў і экспертаў у беларускай мове і культуры да беларусаў

Беларуская мова і нацыянальная культура апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы. Гэта вынік не толькі маштабнага дзяржаўнага крызісу апошніх месяцаў, але і мінулых дваццаці шасці гадоў. Пры гэтым заняпад беларускай культуры – не проста збег абставін ці нейкіх знешніх фактараў, а вынік дзяржаўнай палітыкі: палітыкі згортвання беларусізацыі, барацьбы з уласнай спадчынай і нацыянальнай памяццю, барацьбы з беларускасцю, будавання не паўнавартаснай нацыянальнай культуры незалежнай дзяржавы, а залежнай, другаснай, рэшткавай культуры.

Зусім не дзіўна, што ў працаўнікоў гэтай сферы і да выбараў 09.08.2020 былі сур'ёзныя прычыны не падтрымліваць дзейную ўладу. А фальсіфікацыя, беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненні да мірных беларусаў і беспакаранасць вінаватых сталі апошнім штуршком і не пакінулі іншага выбару беларускай інтэлігенцыі, апрача як пратэставаць. За гэта яны адчулі на сабе ўвесь спектр рэпрэсій: пагрозы, звальненні, арышты, прымус да эміграцыі, паклёп, разгон цэлых калектываў, закрыццё ўстаноў культуры.

Пры гэтым Беларусь мае вялікі патэнцыял, каб адраджаць і развіваць сваю нацыянальную культуру. У нас ёсць галоўнае для гэтага – свая незалежная дзяржава, хаця ўлады зрабілі шмат, каб паставіць незалежнасць пад пагрозу. У нас ёсць адукаванае грамадства, а таксама матываваная, таленавітая, крэатыўная, сучасная еўрапейская моладзь. У нас ёсць інстытуцыянальная база, створаная мінулымі пакаленнямі. У нас ёсць неймаверны нацыянальны ўздым, энергія народа.

У нас ёсць дастаткова паважаных, максімальна кампетэнтных спецыялістаў у сферы нацыянальнай культуры, якія гатовы праводзіць узважаныя, добра прадуманыя, але ў той жа час рашучыя рэформы ў сферы культуры. Мы, ніжэйпадпісаныя дзеячы і эксперты ў беларускай мове і культуры, заяўляем аб гатоўнасці дапамагчы сваімі ведамі і дзейнасцю ў справе рэфармавання ў гэтай галіне.

Важна назваць і апісаць асноўныя прынцыпы і прыярытэты, згодна з якімі будуць вырашацца наяўныя праблемы.

Папярэднія ўмовы

Мы перакананы, што без рэалізацыі гэтых найважнейшых, тэрміновых крокаў у грамадскім жыцці немагчымы ніякі выхад з цяперашняга крызісу, у тым ліку і ў сферы беларускай культуры:

  1. Неадкладнае спыненне палітычных рэпрэсій у дачыненні да ўсіх дзеячаў культуры і мастацтва, як і да ўсіх грамадзян Беларусі. Вызваленне палітвязняў, забеспячэнне магчымасці бесперашкодна прыехаць у Беларусь тым, хто быў выгнаны з краіны.

  2. Аднаўленне на пасадах дзеячаў культуры, звольненых і вымушаных звольніцца па палітычных матывах; забеспячэнне ім ранейшых умоў працы; прыцягненне да адказнасці вінаватых у супрацьпраўным звальненні (ганенні, прымусе да звальнення).

  3. Правядзенне новых, сумленных выбараў, пасля чаго новыя ўлады, маючы народны давер, змогуць ажыццяўляць неабходныя рэформы і змены ў заканадаўстве.

Пасля выканання гэтых перадумоў дзяржава зможа выправіць катастрафічнае становішча беларускай культуры, кіруючыся наступнымі прынцыпамі.


У сферы дзяржаўнага будаўніцтва:

1. Гарантыя незалежнасці як першасная ўмова выжывання і развіцця беларускай культуры і беларусаў як народа. Ніякі гандаль суверэнітэтам не можа быць апраўданы. Адной з галоўных мэтаў самога існавання беларускай дзяржавы павінна быць адраджэнне і развіццё беларускай культуры, незалежнасць беларускага культурнага і інфармацыйнага поля, узмацненне ў грамадстве беларускай ідэнтычнасці, беларускіх каштоўнасцей.

2. Заканадаўчая абарона беларускай мовы, нацыянальнай сімволікі як неад'емных атрыбутаў дзяржаўнасці. Бел-чырвона-белы сцяг, герб "Пагоня", беларуская мова павінны атрымаць пацверджаны статус нацыянальных сімвалаў, якія абараняюцца Законам.

3. Прыняцце дзяржавай на сябе абавязку павышэння моўна-культурных кампетэнцый усіх дзяржаўных службоўцаў: авалоданне беларускай мовай, веданне беларускай гісторыі, культуры. Пасля адпаведнай дапамогі дзяржаўным службоўцам з боку дзяржавы ўсе беларусы змогуць атрымліваць якасныя паслугі і рэалізаваць свае моўна-культурныя правы.

4. Стварэнне, зацвярджэнне і рэалізацыя дзяржавай агульнанацыянальнай стратэгіі адраджэння беларускай мовы і культуры (далей – Стратэгія) з выразна акрэсленымі мэтамі, выканаўцамі і гарызонтам часу выканання. Такія праекты ўжо распрацоўваліся, у прыватнасці Таварыствам беларускай мовы, але Стратэгія павінна быць прынята дзяржаўнымі ўладамі як доўгатэрміновы практычны арыенцір і крытэрый ацэнкі дзейнасці ўрада ды профільных органаў, устаноў.


У сферы інфармацыйнага поля:

5. Фармаванне незалежнага інфармацыйнага поля Беларусі. На тэлебачанні, радыё, у Інтэрнэце, кіно, музыцы павінны дамінаваць беларускія пляцоўкі і прадукты, самастойныя і беларускацэнтрычныя па змесце.

6. Забарона цэнзуры, забеспячэнне роўных ўмоваў для прыватных і грамадскіх СМІ, дэідэалагізацыя СМІ, недапушчэнне прапаганды. Падсправаздачнасць грамадскіх СМІ непалітычным органам грамадскага кантролю. Поўная рэдакцыйная аўтаномія СМІ.


У сферы адукацыі:

7. Аўтаномія ўсіх вышэйшых навучальных устаноў (незалежна ад формы ўласнасці), Балонскі працэс, выбарныя рэктары і ўлады ВНУ. Акадэмічная свабода пры выкананні агульнанацыянальнай Стратэгіі. Залежнасць фінансавання з боку дзяржавы ад эфектыўнасці, акадэмічных поспехаў і рэалізацыі Стратэгіі. Абарона ад цэнзуры і палітычнага падпарадкавання. Дэідэалагізацыя, дэпалітызацыя навучальных і акадэмічных інстытутаў.

8. Рэформа школы. Аўтаномія школ пры выкананні агульнанацыянальнай Стратэгіі і падсправаздачнасць перадусім мясцовым уладам. Пазбаўленне школ ад палітычных задач, кадравыя змены у выніку прыцягнення да адказнасці супрацоўнікаў школ за ўдзел у фальсіфікацыях выбараў.

9. Безумоўнае забеспячэнне магчымасці атрымоўваць адукацыю на ўсіх узроўнях і па ўсіх спецыяльнасцях на беларускай мове. Адказнасць дзяржавы за стварэнне матэрыяльных умоў для гэтага.


У сферы культурных ініцыятыў:

10. Захаванне наяўных культурных устаноў, асабліва на лакальным узроўні з асноўным кірункам дзейнасці – захаванне і адраджэнне беларускай нацыянальнай культуры. Мэтавыя гранты ад дзяржавы на дзейнасць культурных устаноў усіх узроўняў пры гарантыі іх аўтаноміі і выкананні агульнанацыянальнай Стратэгіі.

11. Падтрымка дзяржавай незалежных, грамадскіх культурных ініцыятыў на аснове грантавай сістэмы з захаваннем аўтаноміі арганізатараў і прыярытэту для такіх ідэй, што накіраваны на захаванне і развіццё мясцовых традыцый, на папулярызацыю беларускай культуры як часткі сусветнай, на ўзмацненне беларускай ідэнтычнасці.


Безумоўна, гэта не поўны пералік праблем і неабходных дзеянняў з боку беларускай улады. Аднак гэта прыярытэты, без якіх пад пагрозай будуць заставацца і дзеячы беларускай культуры, і ўсе яе носьбіты, і само існаванне нашай нацыянальнай культуры.

Большасць беларусаў, незалежна ад узроўню іх адукацыі, нацыянальнай свядомасці і зацікаўленасці беларускай культурай, хоча жыць у свабоднай, незалежнай краіне, у дзяржаве, якая выклікае гонар сваіх жыхароў, якая мае адказную, адукаваную, асвечаную ўладу.

Мы верым, што хутка Беларусь будзе менавіта такой. Для нас будзе гонарам паспрыяць гэтаму, даўшы сваю экспертызу і працу для неабходных рэформаў.

Ліст падпісалі:
Святлана Алексіевіч, пісьменніца, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі
Уладзімір Някляеў, паэт
Уладзімір Арлоў, літаратар
Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік
Аляксандр Фядута, доктар габілітаваны гуманітарных навук, рэдактар беларускага біяграфічнага альманаха "Асоба і час", каардынатар серыі "Беларуская мемуарная бібліятэка"
Таццяна Нядбай, паэтка, перакладчыца, намесніца старшыні Беларускага ПЭНа
Лявон Баршчэўскі, літаратар, педагог, шматгадовы выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэя
Ганна Севярынец, настаўніца, пісьменніца, даследчыца беларускай літаратуры
Аляксандр Пашкевіч, гісторык, кандыдат гістарычных навук, рэдактар часопісаў "Arche" і "Наша гісторыя"
Сяргей Сурыновіч, доктар біблейскага багаслоўя, рыма-каталіцкі святар
Антоні Бокун, пастар, перакладчык, філолаг
Любоў Уладыкоўская, доктар культуралогіі, экс-дырэктар Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф.Скарыны
Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца, культуролаг, выкладчык Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта
Ян Максімюк, перакладчык, журналіст
Аліна Ваўранюк, настаўніца, аніматарка культуры, Беласток
Захар Шыбека, доктар гістарычных навук, ганаровы прафесар Тэль-Авіўскага ўніверсітэта
Аляксандр Краўцэвіч, доктар гістарычных навук
Аляксандр Смалянчук, доктар гістарычных навук, прафесар Інстытута славістыкі Польскай Акадэміі Навук
Алена Маркава, доктарка гісторыі, выкладчыца Карлава ўніверсітэта
Павел Татарнікаў, мастак-графік, дацэнт кафедры графікі БелАМ
Барыс Пятровіч (Сачанка), пісьменнік, старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Алена Ляшкевіч, журналістка і фалькларыстка
Павал Касцюкевіч, пісьменнік, перакладчык
Таццяна Заміроўская, пісьменніца, журналістка, музычны крытык
Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускага фонду культурнай салідарнасці
Алесь Белы, гісторык, культуролаг, доктар гуманітарных навук (PhD)
Ірына Мазюк, фалькларыст
Андрэй Хадановіч, літаратар
Юля Цімафеева, паэтка, перакладчыца
Ганна Янкута, пісьменніца і перакладчыца
Ігар Крэбс, перакладчык
Вольга Гушчава, перакладчык
Віталь Рыжкоў, літаратар
Дзмітрый Строцаў, паэт, член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра
Алесь Аркуш, пісьменнік
Антон Францішак Брыль, перакладчык
Зміцер Вайцюшкевіч, музыка
Уладзімір Пугач, музыка
Лявон Вольскі, музыка
Канстанцін Яськоў, кампазітар, кандыдат мастацтвазнаўства
Галіна Казіміроўская, музыка, дырыжор
Алесь Бяляцкі, праваабаронца
Алесь Плотка, літаратар
Ірына Жарнасек, літаратар
Алена Васілевіч, пісьменніца
Ігар Логвінаў, выдавец
Аксана Колб, галоўны рэдактар "Новы час"
Валярына Кустава, паэт
Ніна Шыдлоўская, старшыня Рады "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"
Марыя Мартысевіч, пісьменніца, перакладчыца
Сяргей Дубавец, журналіст, пісьменнік, рэдактар
Валянціна Андрэева, даследніца, магістр журналістыкі
Ігар Палынскі, музыка, паэт, журналіст
Мікалай Страха, выкладчык, юрыст, сябра КР
Зміцер Крымоўскі, краязнавец, гісторык
Андрэй Расінскі, культуразнаўца
Патэрсан Франко Коста, мовазнаўца, пісьменнік, перакладчык, даследчык беларускай мовы і культуры, аспірант Федэральнага Універсітэта штата Баія, Бразілія
Вольга Ермалаева Франко, выкладчыца беларускай мовы як замежнай у Бразіліі, перакладчыца
Жэня Вялько, музыка, журналіст, актывіст
Аляксей Нарэйка
, будучынец (футуролаг)
Аляксандр Астравух
, мастак-рэстаўратар, настаўнік, аўтар Ідыш-беларускага слоўніка
Юры Зялевіч, менеджэр культуры, краязнаўца
Алесь Суровы, мастак, сябра Саюза тэатральных дзеячоў
Франц Cіўко, пісьменнік
Уладзімір Садоўскі, пісьменнік, краязнаўца
Ніна Баршчэўская, доктар гуманітарных навук у галіне мовазнаўства, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта
Курт Вулхайзер, мовазнаўца-беларусіст, выкладчык Бостанскага каледжа
Радаслаў Калета, доктар гуманітарных навук у галіне мовазнаўства, кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта
Герман Бідэр, славіст-мовазнаўца, адстаўны прафесар Зальцбурскага ўніверсітэта, Аўстрыя
Мірослаў Янковяк, беларусіст, мовазнаўца, кандыдат філалагічных навук
Алена Пагрэбняк, кандыдат філалагічных навук, выкладчыца беларускай літаратуры Кіеўскага Нацыянальнага Універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі
Святлана Куль-Сяльвестрава, доктар гістарычных навук, прафесар Беластоцкага палітэхнічнага ўніверсітэта, каардынатар адукацыйнай ініцыятывы "Беларуская Акадэмія", літаратар
Наталля Дуліна, мовазнаўца, выкладчыца італьянскай мовы
Алена Анісім, старшыня ТБМ
Ядвіга Казлоўская-Дода, доктар гуманітарных навук у галіне мовазнаўства, выкладчык Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне
Мікола Хаўстовіч, прафесар Кафедры Беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта
Mалгажата Аструўка (Małgorzata Ostrówka), мовазнаўца, кандыдат філалагічных навук
Жанна Сладкевіч, доктар гуманітарных навук у галіне мовазнаўства, прафесар Гданьскага ўніверсітэта
Вольга Трацяк, доктар гуманітарных навук у галіне мовазнаўства, кафедра беларусістыкі Варшаўскі ўніверсітэт
Ганна Энгелькінг, этнолаг, прафесар Інстытута Славістыкі ПАН, Варшава
Эва Галахоўска, мовазнаўца, прафесар Інстытута Славістыкі ПАН, Варшава
Наталля Русецкая, літаратуразнаўца, кандыдат навук, паэтка, перакладчыца, Універсітэт Марыі Складоўскай-Кюры, Люблін (Польшча)
Надзея Старавойтава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай і рускай моў БДЭУ
Наталля Сівіцкая, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры педагогікі СКД БДУКМ
Сяргей Шупа, перакладчык, мовазнаўца, журналіст
Яраслава Ананка, доктар філалагічных навук, славістка-літаратуразнаўца і перакладчыца
Генрых Кіршбаўм, славіст-літаратуразнаўца і перакладчык, беларусіст, прафесар Фрайбургскага ўніверсітэта
Багуміл Астроўскі, славіст-мовазнаўца, прафесар Інстытута польскай мовы ПАН, прафесар Кракаўскага педагагічнага універсітэта
Андрэй Масквін, доктар (габілітаваны) гуманітарных навук, Варшава
Лілія Цітко, доктар гуманітарных навук у галіне мовазнаўства, прафесар Універсітэта ў Беластоку
Уладзімір Васілевіч, кандыдат філалагічных навук, этнограф, фалькларыст
Лена Глагоўская, гісторык і палітолаг, прафесар Універсітэта Казіміра Вялікага, Быдгашч
Ганна Жаброўская, мовазнаўца, кандыдат філалагічных навук, Універсітэт імя Адама Міцкевіча, Познань
Катажына Вашчыньска, этнолаг, выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта
Вольга Дзесюкевіч, мовазнаўца, кандыдат навук, дацэнт
Вольга Лабачэўская, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва
Іаанна Гетка, доктар гуманітарных навук, Кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта
Анхела Эспіноса Руіс, кандыдатка філалагічных навук, даследчыца-беларусістка, паэтка
Вячаслаў Швед, прафесар гуманітарных навук, Кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага універсітэта
Ірына Агеева, кафедра беларусістыкі, Варшаўскі ўніверсітэт