Адам Мальдзіс уганараваны дыпломам БІНіМ Канады за 2020 год

Цудоўную навіну паведаміў паэт Сяргей Панізнік: сябра Рады ЗБС „Бацькаўшчына“ прафесар Адам Мальдзіс за надзвычайны ўклад у развіццё беларускай культуры і літаратуры ўганараваны Дыпломам Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва Канады за 2020 год.

Да паведамлення прыкладзены віншавальны прынагодны верш.


Зноў бабка Параска ўзяла абярэг:
– Глядзець на Вяснянку мне сёння не грэх.
Калісьці Адам тут, амаль што святы,
палоў ля Дзвіны агроды, кусты…
        Казалі: Адаму далі да Каляд
        дыплом ганаровы, бо стаў лаўрэат:
        зрабіў незвычайны Адаме уклад
        у развіццё, і віццё, і быццё
таго, што завецца Айчыны Жыццё.
А я – у падзяку, што даў той БІНІМ,
паслала б Адаму чароўны кілім--
кавёр свой, які праз вякі не замёр,
бо вунь – ВэКээЛаўскі наш фантазёр,
Канады, Амерыкі гіпнацізёр!
        А сёння Адам – лаўрэат-візіцёр!
        І ён Беларусь уздымае да зор!
Парламенцёр, мушкецёр, валанцёр
наноў упрыгожвае мінскі шацёр
і каланаду Канады, бо й там
прысутны насытны культурай Адам!

Прысвячэнне-натхненне ад былога наведніка Музея “Хата бабкі Параскі на Шляху з Грэкаў у Варагі” у в. Цінкаўцы пад Бігосавам

ЗБС „Бацькаўшчына“ далучаецца да віншаванняў!

Паводле Сяргея Панізніка,
фота з архіву аўтара