Янка Запруднік — сапраўдны беларускі “зубр”: гэткі ж унікальны сваёй энергіяй, трываласцю і гэткі ж сімвалічны для беларускай культуры. Ён адзін з нямногіх з пакалення паваеннай эміграцыі, хто быў дзейны праз увесь час свайго жыцця на чужыне і хто дасёння працягвае працу. Янка Запруднік — увасабленне вобразу беларускага інтэлектуала з еўрапейскай адукацыяй, таму кожная яго кніга — гэта падзея, вартая ўвагі.
Кніга складаецца з лістоў чалавека 25-33 гадоў. І яна дае магчымасць сённяшняй моладзі нібыта перанесціся больш як на паўстагоддзя таму і ўбачыць, што цікавіла, як і чым жыла тая беларуская моладзь, якія былі праблемы і цікавасці ў студэнтаў і выпускнікоў, як уладкоўвалася маладая сям’я, як працавалася маладому спецыялісту. Шмат якія праблемы, з якімі сутыкалася тая моладзь у Еўропе, як выглядае з лістоў, вельмі падобныя да таго, што хвалюе 20-30-гадовых і сёння.
Вось, прыкладам, урыўкі з аднаго з лістоў да сябра з 1954 г.
“У нас жытуха йдзе нармальнай больш-менш дарогай. Экзамены яшчэ не на носе, дык і бедаваць лягчэй […] Час ад часу сяго-таго з нас запрошваюць на вечарыну, дык ясна, мы не адмаўляемся — пашто: трэба ж людзям зрабіць прыемнасьць дый самому павесяліцца крыху. Нядаўна вось і я быў з Оляй на хахляцкім вечары ў украінскіх студэнтаў. Патанцаваў, пасьля паспаў дый як ні ў чым і не бывала. Работы маю да бяды і трошкі, і ня толькі сам […] Мы, бачыш, на апошнім годзе, і да экзаменаў даходзіць яшчэ мэмуар [дыплёмная праца] (на 60 —100 бачынак), які ня так лёгка выссаць з пальца. Сяджу вось цяпер над усякай білыбірдой ды скрабу пакрысе дадзеныя аб Люблінскай вуніі 1569 году. Думаю, што нешта з гэтага павінна выйсьці”.
Кніга Янкі Запрудніка — адлюстраванне своеасаблівай беларускай утопіі. Яна сведчыць пра рэальнасць тых унікумаў, для якіх любоў да Бацькаўшчыны, праца для беларускай ідэі аказваліся вышэйшымі за ўласныя інтарэсы. Як атрымоўвалася, што звычайныя беларускія маладзёны адмаўляліся ад уласных прафесійных цікавасцяў, ахвяраваліся дзеля найвышэйшай мэты, і пры гэтым заставаліся рэальнымі, звычайнымі Янкамі, Вітаўтамі, Уладзімірамі і г.д. — усё гэта можна зразумець з гэтай кнігі.
З ліста ад 1955 г.: “Думаў з новага году пачаць крыху з дактаратам вазіцца, дык мусіць прыдзецца адлажыць, хоць буду старацца не зацягваць надоўга з чаканьнем. Па самой працы ў радыё, дык можна было б і жыць яшчэ, але ж тут сорак спраў зараз і хвароба яе ведае, за якую хватацца. Дык вось усяго пакрысе й турзаю: то скрыпт на радыё пішу, то кампіляцыю якую ў “Бацькаўшчыну”, то ліст ад імя расшатанае адміністрацыі, то яшчэ якую трасцу”.
“З цэлым светам гутарку весці”, перафразуючы Янку Купалу, можна вызначыць яшчэ адну адметнасць лістоў Янкі Запрудніка. Геаграфія адрасатаў — сапраўды ўвесь свет: беларусы Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі, ЗША, Канады, Францыі і г.д. Кніга дае магчымасць зразумець, наколькі шырока беларусы аказаліся раскіданыя па свеце. Дый адрасат на працягу кнігі змяняе тры краіны жыхарства: Бельгію, Нямеччыну, ЗША.
У адрозненне ад папярэдніх, гэтая кніга Янкі Запрудніка — найбольш інтымная. Лісты раскрываюць прыватныя бакі жыцця самога аўтара ды некаторых іншых беларусаў. Каб зазірнуць углыб міжасабовых дачыненняў суродзічаў, убачыць, як сябравалі, сварыліся, жаніліся беларусы 1950-х, што пазней ператварыліся ў лідараў беларускай дыяспары, варта пачытаць гэтую кнігу.
Наталля Гардзіенка