Наталля Гардзіенка. “Певец во стане…”, або як я ездзіла на міжнародную канферэнцыю русістаў

Ідэя паехаць на канферэнцыю русістаў у чэшскі горад Аламоўц узнікла нечакана з падачы сайту “славянскай эмігранталогіі”, дзе анансавалася праца там эміграцыязнаўчай секцыі. Праўда, аказалася ў выніку, што секцыя тая спецыялізуецца на літаратуры рускай эміграцыі, але мая тэма беларускага эміграцыязнаўства апошняга дзесяцігоддзя падалася арганізатарам калі не падыходзячай, то прынамсі цікавай.

Выканаўшы ўсе неабходныя працэдуры па рэгістрацыі і атрымаўшы ад ЗБС “Бацькаўшчына” падтрымку для гэтай паездкі, я выправілася ў той невядомы мне дагэтуль Аламоўц праз больш знаёмую Прагу.

Наталля Гардзіенка на экскурсіі ў старым горадзе

Ужо ў цягніку, што за дзве з невялікім гадзіны даімчаў мяне да сталіцы Маравіі, я (як потым высветлілася) спаткалася з некаторымі іншымі ўдзельнікамі канферэнцыі. Побач са мною ехала рускамоўная сям’я з дзвюма маленькімі дзяўчынкамі, якія забаўлялі вагон на працягу ўсёй дарогі. На наступны дзень іх маці я ўбачыла на пленарным паседжанні, а ўвечары ўсіх разам – на экскурсіі. Так што на канферэнцыі часам прыязджаюць цэлымі сем’ямі. Зрэшты, тое самае ў мінулым годзе назірала на нашым кангрэсе ў Коўна.

Аламоўц прыгожы, ціхі, утульны гарадок, старая частка вельмі нагадвае Прагу, але без натоўпаў турыстаў, што ёсць безумоўным плюсам. З сотні тысячаў насельніцтва чвэрць складаюць студэнты. Так што гэта класічны стары ўніверсітэцыкі горад. Стары ён і таму, што паводле непацверджанай легенды нібыта быў заснаваны яшчэ Юліем Цэзарам, і таму, што заснаваны тут у 1573 г. універсітэт з’яўляецца другім па старшынстве ў Чэхіі. Стары горад тут сапраўды поўніцца ўніверсітэцкімі будынкамі: для кожнага з васьмі факультэтаў ды адміністрацыі, бібліятэкі і г.д.

Канферэнцыю арганізоўваў другі па ўзросце (пасля тэалагічнага) філасофскі факультэт. Тут яшчэ ад савецкага часу дзейнічае кафедра славістыкі, і некаторыя студэнты, як можна пераканацца, даволі добра валодаюць рускай мовай.

Як аказалася, Міжнародныя дні русістаў тут адбываюцца штодвагады ад 1976 года, і сёлета былі ўжо 23-я па ліку. Паважная гісторыя. Матэрыялы друкуюцца адмысловымі зборнікамі.

У канферэнцыі бралі ўдзел каля сотні даследчыкаў рускай мовы і літаратуры з розных краінаў свету: з самой Расіі (прычым былі нават з аддаленага далёкаўсходняга Благавешчанска навукоўцы ды з Томска), Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Нямеччыны, Вугоршчыны, Ізраіля, ЗША. Сёлета былі нават з Японіі і Тайланда. Цікава, што пэўная частка ўдзельнікаў адразу з Чэхіі скіравалася на іншую канферэнцыю русістаў, што адбывалася ў Іспаніі.

Адкрывалі Аламоўцкую канферэнцыю ў нядаўна адрэстаўраваным будынку канвікту кіраўнік кафедры славістыкі, а таксама рэктар універсітэта і намеснік дэкана філасофскага факультэта. Апошнія, не валодаючы рускай, выбачыўшыся, выступалі па-ангельску.

Сёлета на днях русістаў арганізавалі пяць секцый: “Фразеалогія і неалогія”, “Праблематыка перакладу сучаснай рускай літаратуры”, “Камунікатыўныя стратэгіі ў сучасным публічным і публіцыстычным дыскурсе”, “Сінкрэтызм: універсальнае і спецыфічнае” і ўласна тая “Літаратура рускай эміграцыі”, куды трапіла я, і якая аказалася самай вялікай секцыяй з усіх (на ёй было запланавана 34 удзельнікі).

Мае для сябе самой сфармуляваныя задачы на гэтую канферэнцыю выглядалі недзе так: па-першае, расказаць пра тое, што ўяўляе сабою айчыннае эміграцыязнаўства, акрэсліць асноўныя яго адметнасці і праблемы (за 15 хвілінаў дакладу асабліва не разгорнешся) з тым, каб завязаць кантакты з асобамі, якім могуць быць цікавыя нашыя тэмы і праблемы; па-другое, зразумець, што ўяўляе сабою расійскае эміграцыязнаўства, якія тэмы, праблемы, якімі метадамі вывучаюцца, каб суаднесці гэта з нашымі справамі.

З першай задачай я справілася даволі паспяхова. Даклад, які суправаджаўся прэзентацыяй пэўнай статыстыкі і схемаў, я выклала без паперкі, на добрым куражы. І хоць усё задуманае ў 15 хвілінаў не ўвайшло, аднак гучала даволі жыва і выклікала найбольш з усіх папярэдніх (я выступала чацвертаю) пытанняў і рэфлексіяў. Пытанні былі даволі розныя. Калега з Чэхіі Іва Поспішыл, прыкладам, не зусім зразумеў, што такое дзяржаўныя і недзяржаўныя выдавецтвы, пра якія я згадвала, прыводзячы звесткі пра выданне кніг эміграцыйнай тэматыцы. У Чэхіі няма выдавецтваў, якія фінансуюцца пераважна дзяржаваю. Той самы калега пытаўся пра стаўленне дзяржавы да Ларысы Геніюш, пра віленскія беларускія выданні, з якімі ён сутыкаўся пры канцы 1980-х, пра перспектывы працэсу аб’яднання беларускай нацыі ў сувязі з праблемай мовы (я тлумачыла ў дакладзе адзін з аспектаў праблем публікацыі эміграцыйных тэкстаў, звязаны з іх правапісам).

Іншы калега, прафесар Браніслаў Кодзіс з Польшчы, пытаўся наконт таго, як наогул успрымаецца паняцце “эміграцыязнаўства” ў Беларусі і як нам удаецца працаваць ва ўмовах насцярожанага ўспрымання тэмы эміграцыі афіцыйнымі структурамі і дзяржаўнымі, і навуковымі. Я казала пра грамадскія ініцыятывы і чыннікі. Былі і пытанні пра канкрэтных асобаў, што займаюцца эміграцыяй, а таксама пра “эміграцыю” ў свой час Васіля Быкава, яе матывы. Паколькі пасля майго дакладу была кава-паўза, то размовы-рэфлексіі па дакладзе працягнуліся і там, у кулуарах, так бы мовіць. Атрымала прапановы па публікацыі маіх тэкстаў у некалькіх выданнях. Застаецца толькі пісаць.

Выступае прафесар Браніслаў Кодзіс (Польшча)

Таксама выклікаў цікавасць наш дыск з “Беларускімі эміграцыйнымі калекцыямі”, які я прэзентавала калегам. На другі дзень працы секцыі кіраўнік кафедры славістыкі адмыслова дзякаваў за яго, ужо паглядзеўшы рэальны змест.

Выкананне другой задачы расцягнулася на два дні канферэнцыі. Мой даклад на фоне ўсёй руска-літаратурна-эмігранцкай тэматыкі, безумоўна, вылучаўся. Аднак асноўны ракурс секцыі ўсё ж быў якраз той руска-эміграцыйны. Даклады вызначаліся тэматычнай разнастайнасцю, хоць імёны збольшага паўтараліся тыя самыя: Набокаў, Цвятаева, Гіпіус, Салжаніцын і г.д. Пераважна даследуюцца прадстаўнікі першай хвалі расійскай эміграцыі (пасля рэвалюцыі), або трэцяй хвалі (1960-1970-х гг.).

Літаратуразнаўчыя даклады я слухаю нячаста (усё ж часцей трапляю на гістарычныя, паліталагічныя ці культуралагічныя), таму было асабліва цікава. Хоць формы прэзентацыі сваіх выступаў удзельнікі рабілі не асабліва разнастайнымі – пераважна чыталі з паперкі, нават калі суправаджалі гэта нейкім візуальным шэрагам. Складанасць успрымання інфармацыі ў такім выглядзе была прадэманстраваная ўжо на пленарным дакладзе, калі выступоўца цягам гадзіны расказваў пра праблемы крытыкі літаратуры расійскай эміграцыі ўсіх чатырох хваляў паслядоўна. Ён падаваў пералікі імёнаў і тэкстаў, таму ўжо пры канцы другой хвалі вочы пачалі па-здрадніцку заплюшчвацца. Разам з тым, нельга сказаць, што тэма і змест таго дакладу былі нецікавыя ці няважныя. Хутчэй праблема была з падачаю. Гэткая ж праблема была шмат у каго з удзельнікаў секцыі. Вялікія цытаты, манатоннае чытанне з паперкі наварочаных літаратуразнаўчых ці мовазнаўчых высноваў успрымаліся не надта. Можа, таму часам больш запаміналіся не даклады, а дыскусіі пасля іх (а дыскусіі хоць невялікія, былі пасля кожнага з дакладаў).

Што ж я змагла зразумець адносна тэмаў і ўзроўню даследаванняў рускай эміграцыйнай літаратуры. Вядома, пра яе пішуць даўно і шмат, а таму ў даследчыкаў (у адрозненне ад нашых беларускіх) ёсць магчымасць спасылацца свабодна на ранейшыя і больш абагульняльныя працы, і, адпаведна, няма патрэбы ў такой колькасці і аб’ёме, як у нас, падаваць цытаты з дакументаў, якія іншым даследчыкам могуць быць проста недаступныя. У розных дакладах гучала тэма міфаў, што стварала эміграцыя, пра “залаты век”, пра “незаўважанае пакаленне” і г.д. Калі згадваўся міф пра захаванне эмігрантамі сапраўднай рускай культурнай традыцыі, я адрэфлексавала сама сабе пра аналагічную сітуацыю з беларускай эміграцыяй, толькі не міжваеннай, як у расійцаў, а паваеннай.

Вельмі цікавымі аказаліся даклады пра рускі Харбін (дзе, між іншага, былі і беларусы). Першы з выступаў быў прысвечаны творчай і ідэйнай спадчыне Арсенія Нясмелава. Прызнаюся, ягонае імя да таго часу мне мала што казала, але дзякуючы дакладу ды дыскусіі пасля яго я ўбачыла, як у расійскім кантэксце існуюць тыя самыя праблемы, што і ў беларускім. Маю на ўвазе сітуацыю, калі дзеяч паводле сваіх поглядаў аказваецца занадта радыкальным, нацыяналістычным. У нас звычайна вешаецца шыльда “фашыст” і далей справа не ідзе. Тут даследчыца з Благавешчанска, якая прадстаўляла даклад, дыпламатычна старалася патлумачыць, што так, у аўтара ёсць вельмі радыкальныя тэксты, асабліва часоў супрацоўніцтва з японскімі фашыстамі, і што яна няпэўная, што зможа гэта надрукаваць, хоць погляды Нясмелава (дакладней, Дазорава – пад гэтым псеўданімам пісаліся тыя тэксты) адпавядаюць настроям пэўнай часткі сучаснага расійскага грамадства.

Іншы даклад пра рускі Харбін звяртаў увагу на этнічныя стэрэатыпы, што фарміраваліся ў літаратуры тамтэйшай рускай эміграцыі. Тут зважалася на тое, як выглядалі вобразы прасторы, часу і руху ў творах. Цікавай падалася выснова пра станоўчы вобраз Харбіну як чужыны, зрэшты, гэта тлумачыцца тым, што тут рускі асяродак быў фактычна аўтэнтычным, эмігрантам не асабліва трэба было прызвычайвацца да кітайскага грамадства, бо дамінавала расійскае. Падумалася, ці нехта ў нас даследаваў праблемы вобразу чужыны ў беларускай літаратуры, ці былі там станоўчыя канатацыі. Бо калі згадаць успаміны, прыкладам, амерыканскіх ці аўстралійскіх беларусаў, памятаю, як яны былі насамрэч удзячныя адпаведным краінам за прытулак і ўспрымалі чужыну, як мне здаецца, таксама ў станоўчым эмацыйным рэчышчы.

Шмат у якіх дакладах гучала тэма адзіноты эміграцыйных творцаў і настальгіі, а таксама даследавання эмігрантамі загадкавай рускай душы.

Тыя ці іншыя выступы ў мяне выклікалі ўласныя беларускія рэфлексіі. Прыкладам, згадвалі пра жаданне таго ці іншага эмігранта быць пахаваным на радзіме, а я задумалася ў сваім тэксце пра могілкі, які цяпер рыхтую, таксама адзначыць такі аспект у дачыненні да некаторых беларускіх творцаў. Прыкладам, Уладзіміра Случанскага.

У некалькіх дакладах гучала пра дачыненне розных пакаленняў літаратараў рускай эміграцыі. Падумалася, што ў нас праблемы літаратурных дачыненняў розных пакаленняў, бадай, няма, але ў прынцыпе складанасці ў стасунках розных пакаленняў эміграцыі, як і розных хваляў, на сёння ў нас амаль не закраналася. А можа быць цікава.

Апошні даклад у першы дзень быў пра Тэрапіяна як летапісца рускай эміграцыі. Як пачула вызначэнне пра “летапісца”, згадала пра Міколу Панькова з яго “Хронікай беларускага жыцця на чужыне”. Цікава, ці можна суадносіць гэтыя постаці.

У першы дзень пазнаёмілася я з польскай даследчыцай з Любліна Монікай Сідар. Яе даклад быў прысвечаны Салжаніцыну, але вельмі зацікавілася маім выступам. Моніка пыталася пра магчымасці нешта маё апублікаваць у іх зборніку.

Другі дзень працы секцыі меўся пачынацца рэкордна рана – а 7.45. Аднак праз тое, што некалькі дакладчыкаў не прыехалі, пачалі а 8.30. Наогул жа, такіх незаслуханых дакладаў аказалася не так шмат, толькі 5-6. І праблемы паўпустой аўдыторыі, асабліва на апошніх дакладах, не было. Нават тыя, хто выступіў, пераважна ўдзельнічалі ў працы секцыі далей.

Сярод творцаў, якія разглядаліся ў дакладах другога дня, былі Берберава, Газданаў, Цвятаева (2 даклады), Бунін, Набокаў (тры даклады яго творчасці прысвечаныя), Гіпіус (2 даклады), Георгі Флароўскі, Вадзім Андрэеў, Валянцін Булгакаў. З выступу Марыны Хацямавай з Томску (наогул прадстаўнікоў з гэтага гораду на секцыі было чалавек 5) мы даведаліся, што ў іх штогод абараняюцца мінімум па тры кандыдацкія дысертацыі па тэме эміграцыйнай літаратуры. Стала зайздросна. Томская група літаратуразнаўцаў наогул цікава выступала, актыўна ўдзельнічала ў дыскусіях, у нейкі момант нават асабліва горача паспрачалася з піцерскімі лінгвістамі.

Слухаючы даклады, мімаволі злавіла сябе на тым, што вельмі хацела б апынуцца на аналагічнай канферэнцыі, дзе б гэтаксама шырока і разнастайна разглядалася б беларуская эміграцыйная літаратура. І не проста праз апісальныя хваласпевы ды вялікія цытаты, а з рознымі канцэптуальнымі падыходамі, з параўнаннямі эмігранцкіх твораў з метрапольнымі, без міфалагізацыі ці ідэалагізацыі.

Прафесар Здэнэк Пехал, арганізатар канферэнцыі, кіраўнік кафедры славістыкі мясцовага ўніверсітэта, у дакладзе закрануў быў тэму “свайго” і “чужога” ў эміграцыйнай літаратуры на прыкладзе Набокава. Цікавае разуменне рускімі эмігрантамі, што дом, гэта не там дзе я, а там, дзе пачуваюся абароненым, пераважна, у Расіі. Таму ў літаратуры праходзіць разуменне і адчуванне “адсутнасці дома”. Цікава, каб нехта прааналізаваў беларускіх эміграцыйных аўтараў наконт іх разумення дому і паняцця сваіх-чужых. Здаецца, усё можа быць зусім не адназначна.

Прафесар Здэнэк Пехал, загадчык кафедры славістыкі Аламоўцкага ўніверсітэта

Зацікавіў даклад Наталлі Шкурынай з Пецярбурга, якая расказвала пра эміграцыйную частку ўспамінаў Зінаіды Гіпіус пра Меражкоўскага. Было дзіўна, што аўтарка ўзяла толькі гэтую частку ізалявана ад успамінаў папярэдняга часу і не магла выйсці хоць на нейкія параўнанні, калі ёй задалі пра гэта пытанні. Але зачапіла ў дакладзе не гэта. Цытавалася нешта пра Савінкова, які “спрабаваў сабраць польскае войска пад Пінскам”, і ягоныя ідэі былі пракаментаваныя Гіпіус як “захолустная глупость”. Стала цікава, каб нехта ўзяўся даследаваць прысутнасць беларускіх земляў, беларускага кантэксту ў расійскіх успамінах. Можа быць цікавая тэма для дакладу на нейкія будучыя “дні русістаў”J.

Наогул узровень дакладаў быў не асабліва адрозным ад таго, што чую на нашых канферэнцыях. Часам было дзіўна, як можна вывучаць чэшскі перыяд у творчасці Цвятаевай, абсалютна не прывязваючыся да ўласна чэшскага кантэксту. Часам у даклады былі напісаныя такой спецыфічнай мовай, што праз мудрагелістую тэрміналогію было складана дабрацца да сэнсу. Надзвычай добра выступалі двое мясцовых аспірантаў. Іх даклады, арыгінальныя, добра прэзентаваныя, аргументаваныя, вылучаліся таксама на фоне іншых.

Тэматычна звышарыгінальна выглядаў даклад пра сучасную эміграцыйную гей-літаратуру, прадстаўлены Яраславам Сомерам з Браціславы. Аўтар, разумеючы невядомасць для аўдыторыі тых аўтараў, пра якіх ён меўся расказваць, прынес з сабою і пусціў у залю пяць адпаведных зборнікаў, што выклікала дадатковы інтарэс і дыскусію.

Па-добраму ўразіў японскі прафесар Мурата Сіньіці, які разглядаў метафары Цвятаевай і прадэманстраваў выдатнае валоданне мовай і разуменне кантэксту. З Мурата-сан мы за абедам багата размаўлялі пра Японію, тамтэйшую адукацыю. У іх на русістыку штогод набіраюць да 300 чалавек. Пачынаюць вывучаць мову “з нуля” і да канца навучання большасць студэнтаў даволі добра размаўляе па-руску. Парадавала, што прафесар ведае, што такое Беларусь, і адразу ж мне сказаў, што імя Іосіфа Гашкевіча ў Японіі вельмі вядомае і асацыюецца з Беларуссю.

Прафесар Мурата Сіньіці (Японія)

Акрамя японскага прафесара, больш шчыльныя кантакты былі ў другі дзень з Ірынай Шатавай з Запарожжа. Праўда, кантакты былі не толькі прафесійныя. Пачалося з таго, што Ірына распавяла, як пасля сваёй універсітэцкай працы штодня працуе валанцёрам у шпіталі, і менавіта яна апекавалася тым самым нядаўна памерлым Алесем Чаркашыным з Берасця, смерць якога вельмі моцна перажывала. Наогул, размовы пра жыццё ў прыфрантавым горадзе, пра вайну склалі значную частку нашых гутарак з Ірынай у кулуарах.

Але вернемся да канферэнцыі. Яшчэ колькі агульнах назіранняў да працы секцыі. Даволі часта ў дыскусіях да дакладчыкаў былі пытанні на параўнанне пісьменнікаў ці твораў з іншымі культурамі, або з метраполіяй. І даволі часта аказвалася, што аўтар не можа выходзіць на нейкія параўнанні, бо не валодае больш шырокай праблематыкай. Відавочна, праблема міжкультурных параўнанняў у эміграцыйных даследаваннях — сапраўды поле неаранае. Пакуль не бачыла, каб нехта на іх быў здольны.

Наогул жа канферэнцыя арганізавана была даволі добра. Выкладчыкам дапамагалі студэнты, аспіранты (хоць навучальны год у Аламоўцы на той момант яшчэ не пачаўся). Усё было даволі добра прадумана і арганізавана ў сэнсе працы секцыі, экскурсій, развітальнай агульнай вячэры, дзе можна было дадаткова паразмаўляць з тым, з кім не паспеў дагэтуль. Разам з тым, удзельнікі мелі дастатковую ступеню свабоды. Яны самі маглі выбіраць, дзе жыць, як харчавацца. Зразумела, усё гэта за ўласны кошт, але мяне такі варыянт задаволіў.

Спадабаўся і гарадок Аламоўц. Безумоўна, найбольш часу праводзілі ў старой частцы, якая звяртала ўвагу чысцінёй і добрай захаванасцю будынкаў. Прыемна было хадзіць зранку, удзень і ўвечары па ўтульных вулачках, заходзіць у той ці іншы чарговы касцёл, або сядаць у кавярні, есці нешта смачнае з мясцовых страваў. Вельмі люблю такія мястэчкі, праходкі, магчымасць пабыць адной сам-насам з думкамі і ўражаннямі.

У Старым горадзе ў Аламоўцы

Увечары другога дня на вялікай плошчы старога гораду ў межах нейкага еўрапейскага фестывалю быў зладжаны канцэрт мясцовай філармоніі. З вольным уваходам, на адкрытым паветры, з прыгожай падсветкаю і добрай класічнай музыкай — гэтае як бы “выпадковае” мерапрыемства стала для мяне выдатным заканчэннем падзеяў канферэнцыі.

Агулам жа магу сказаць, што ні разу не пашкадавала пра тое, што выбралася-такі ў гэтую паездку. Для даследчыка ўсё ж сапраўды важна час ад часу мець магчымасць апынуцца ў іншым свеце, параўнаць тое, што робіш ты, з тым, што робяць іншыя. Гэта дае не толькі новыя кантакты, але скіроўвае на нейкія новыя магчымыя ракурсы, тэмы, што таксама важна.