4 — 6 верасня: “Будзьма!” на Кангрэсе культуры Усходняга партнёрства ў Львове!

З 4 па 6 верасня ў Львове пройдзе IІІ Міжнародны кангрэс культуры Усходняга партнёрства “Місія культури в часи криз”. “Будзьма беларусамі!” запрашае ўзяць удзел у Кангрэсе і завітаць на стэнд кампаніі!

Ва ўкраінскім Львове Кангрэс культуры Усходняга партнёрства пройдзе ўпершыню, папярэднія мерапрыемствы  адбываліся ў Любліне ў 2011 і 2013 гадах. Плануецца, што  на кангрэс у Львоў сёлета збярэцца больш за 500 дзеячаў мастацтва, культурніцкіх менеджараў, прадстаўнікоў міністэрстваў, органаў мясцовага самакіравання, грамадскіх арганізацый, навуковых колаў і сродкаў масавай інфармацыі з 19 краінаў свету.

Усе тры дні Кангрэсу ў Палацы мастацтваў (вул. Каперніка, 17) будзе працаваць прэзентацыйны стэнд грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якая таксама арганізоўвае ў Палацы мастацтваў выставу “Under Ground” беларускага дызайнера, графіка, фатографа, паэта, перакладчыка, публіцыста і добрага сябра кампаніі “Будзьма!” Міхала Анемпадыстава. Наведаць пляцоўку можа любы ахвочы з 4 па 6 верасня ад 10-й да 21-й гадзіны.

5 верасня ў актавай зале Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя І. Франка (вул. Універсітэцкая, 1) пройдзе “Кірмаш добрых практык”, на якім будуць дэманстравацца  актуальныя міжнародныя культурніцкія праекты еўрапейскіх краін. Падчас “Кірмашу” (з 17.00 да 18.30) усе зарэгістраваныя ўдзельнікі Кангрэсу змогуць таксама падрабязней даведацца пра кампанію “Будзьма беларусамі!” (ад мэтаў і задачаў, да самых цікавых і паспяховых і рэзанансных мерапрыемстваў),.

Акрамя гэтага цягам працы Кангрэсу ўдзельнікаў чакае насычаная арт-праграма, дыскусіі і выступы экспертаў у пяці тэматычных панелях (у праграме заяўленыя і беларускія эксперты – грамадскі актывіст Леанід Калітэня, гісторык Аляксей Братачкін, мастак і куратар Сяргей Шабохін і Міхал Анемпадыстаў).

Паглядзець усю праграму Кангрэсу культуры Усходняга партнёрства можна на сайце epccongress.lviv.ua.

Кампанія “Будзьма беларусамі!” пастараецца нічога не прапусціць і аператыўна дзяліцца сваімі ўражаннямі і навінамі Кангрэсу на сайце budzma.by.

Пабачымся ў Львове!