Глядзі таксама:
Другі фестываль “У гасцях у Лепельскага Цмока” ў тварах (фотарэпартаж)
Фестываль міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока” прайшоў 8 жніўня ўжо другі раз. Кампанія “Будзьма беларусамі!”, сталы партнёр фестывалю, разам з гуртом сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” паспрабавала разбудзіць Цмока рытмамі яго маладосці.
“У госці да Лепельскага Цмока” кампанія “Будзьма беларусамі!” ездзіць з вялікай радасцю, бо тэма нацыянальнага і лакальнага брэндынгу на глебе беларускай культуры для кампаніі важная. Некалькі гадоў таму менавіта “Будзьма!” прэзентавала грамадскасці праект “Краіна цмокаў” з тым, каб абудзіць цікавасць да роднай гісторыі і міфалогіі. Ці маглі тады арганізатары ўявіць, што за гэты час у Мінску з’явіцца баскетбольная каманда “Цмокі-Мінск”, у Лепелі будзе ўсталяваны помнік цмоку, а “Будзьма!” стане партнёрам унікальнага цмачынага фестывалю!
“У госці да Лепельскага цмока” запрашалі арганізатары на бераг возера не толькі жыхароў Беларусі. Пра заморскага сваяка беларускага Цмока – кітайскага Дракона – і яго месца ў традыцыйнай культуры расказалі ў спецыяльнай прэзентацыі госці з Кітая.
Перадаць прывітанне “сваім цмокам” паабяцалі прадстаўнікі дыпкорпусаў Латвіі, Польшчы, Славакіі ды Расіі. Кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па турызму Грыгорый Памяранцаў шчыра не хаваў свайго здзіўлення ад таго, што лепельчане не пабаяліся выкарыстоўваць у якасці сімвала горада і рэгіёна “монстра”, і вельмі спадзяваўся пазнаёміцца з ім на фестывалі асабіста.
Музычнымі гасцямі Лепельскага Цмока сёлета сталі файныя беларускія гурты – Naka, “Рокаш”, Vuraj, капэла АлесяЛася ды іншыя. Выклікаў фурор амаль гадзінны выступ Змітра Вайцюшкевіча. Лепельчане злёту вывучылі песні-прысвячэнні матулям ды залатым беларускім мужчынам і з задавальненнем падвывалі пад “антыкрызісную”, па словах спевака, песню пра галоднага ваўка.
Гурт “Стары Ольса” ўдзельнічаў у фестывалі на запрашэнне кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Сваёй энергічнай музыкай ды актыўнымі заклікамі “Ольсы”здолелі зрабіць неверагоднае – сабралі размораную спёкай публіку ў карагод. Бо, па-першае, як цудоўна ведаюць заўсёдныя фаны сярэднявечных дыскатэк, хто не танчыць – той лось! А па-другое, “Сярэднявечныя танцы – гэта ж рытмы маладосці вашага Цмока! Давайце ўжо яго разбудзім!” – падбухторваў танцораў Зміцер Сасноўскі.
Танцы затанчылі, песні заспявалі – Цмок хоць і не паказаўся, але, спадзяемся, парадаваўся! Скончылі выступ “Ольсы” атракцыёнам “Пакупайся з Цмокам” і запрасілі ўсіх слухачоў перамясціцца ў возера. Тут хацелася б асобна падзякаваць суполцы вясёлых палачанаў за безумоўную гатоўнасць падтрымаць любыя, нават самыя шалёныя, прапановы!
Цягам усяго фестывальнага дня ва ўрочышчы Цмока працавалі забаўляльныя пляцоўкі для дзяцей і дарослых. Кулінарныя майстры смачна кармілі блінцамі з маслам ды мёдам, сметанковым лепельскім марожаным ды іншымі прысмакамі. А ў даліне майстроў можна было набыць найлепшыя беларускія кніжкі ды нацыянальную вопратку, а таксама павучыцца ў рамеснікаў з Беларусі, Літвы, Расіі і Кітая на разнастайных майстар-класах.
Свята атрымалася разнастайным і запамінальным. Зычым Фестывалю “У гасцях у Лепельскага Цмока” і надалей развівацца і прыцягваць гасцей з Беларусі і замежжа і сабраць у наступным годзе яшчэ больш цмаказнаўцаў і цмакалюбаў! Спадзяемся, што паважнае стаўленне да гісторыі горада, яго міфалогіі і крэатыўны падыход стануць прыкладам для іншых гарадоў і мястэчак Беларусі, багатых на сваіх уласных міфалагічных і рэальных герояў!
Тэкст – Ліза Неўмяржыцкая
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»