Праект “Цытуй сваё!” распачынае Год беларускага мыслення

Супольны культурны праект “Цытуй сваё!” не заканчваецца, а толькі распачынае Год беларускага мыслення. Далучайся! Наперадзе шмат цікавага!

Праект “Цытуй сваё!” быў распачаты ў канцы траўня шэрагам інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў (Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэтБеларускі саюз дызайнераў, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!“, Беларускі Калегіум, “Мова Нанова“). Ён заклікаў беларусаў звярнуцца да найлепшага з беларускай думкі, згадаць перліны, на якія мы не звяртаем увагі, бо яны побач, свае.

Цягам двух месяцаў кожны дзень на сайце budzma.by мы разам траплялі ў рэзананс беларускага мыслення, сустракаліся са слушнымі думкамі і прыгожымі вобразамі. Максім Багдановіч і Андрэй Волян, Валянцін Акудовіч і Леў Сапега, Вольга Гапеева  і Васіль Быкаў – дзясяткі імёнаў і дзясяткі думак, якія калісьці займалі розум і сэрца нашых продкаў і сёння выклікаюць захапленне ад дакладнасці, жаданне працягнуць развагу ці паспрачацца ў нас.

cytuj38+logo

Абвяшчаючы пачатак праекта, арганізатары казалі “Мы цытуем каго заўгодна, толькі не тых, хто нарадзіўся і жыў на нашай зямлі, дыхаў тым самым паветрам, быў часцінкай нашай гісторыі, а значыць, і нас саміх. Кожная трапна і ёміста выказаная думка – наш супольны нематэрыяльны скарб, цагліна ў тым, што мы сёння называем беларускай культурай, яшчэ не да канца ўсведамляючы яе архітэктуру і вонкавыя межы”.

За два месяцы мы адкрылі толькі невялікую частку гэтага скарбу. Дзякуй усім, хто далучыўся да складання анталогіі айчыннай думкі! На адрас праекта cytuj.svajo@gmail.com было даслана больш за 250 цытат. Сярод фан-клуба беларускага мыслення хацелася б асабліва аддзячыць і адзначыць некалькі чалавек, якія даслалі найбольш  арыгінальныя і цікавыя падборкі цытатаў: Ірына Часнок, Антон Шустаў, Алесь Гізун, Наталля Свірыда, Яўгенія Чаплінская, Зміцер Бейнарт-Саладуха, Антон Васільеў. Дзякуй вам, сябры!

Энтузіязм фан-клуба і прыгажосць думак не дазваляе нам спыняцца! Таму праект “Цытуй сваё!” не заканчваецца, а толькі распачынае Год беларускага мыслення.

Што далей?

  • B3CПашыраем кола фан-клуба беларускай думкі! Уступаем усуполку “Цытуй сваё!” у Facebook (https://www.facebook.com/groups/cytuj/), запрашаем сяброў, працягваем дасылаць і абмяркоўваць улюбёныя цытаты беларускіх аўтараў там. (Электронны адрасcytuj.svajo@gmail.com таксама застаецца надзейным спосабам падзяліцца перлінамі беларускага мыслення з грамадскасцю).
  • Сустракаемся ў жніўні, каб звярнуцца да выбітных беларускіх дзеячаў грамадства, навукі і культуры па іх асабістыя падборкі з беларускага мыслення.
  • Такім чынам, мы разам працягваем збіраць трапныя, глыбокія, нечаканыя думкі, каб выдаць іх у выглядзекнігі зручнага кішэннага фармату. Канцэпт-макет кнігі распрацоўваецца. Хочацца, каб у выніку атрымалася зручная ў карыстанні, прывабная на выгляд і дотык, вартасная па змесце рэч. Каб і самому хацелася мець, і падарыць было не сорамна!

Акрамя гэтага, цягам Года беларускага мыслення, які нестандартна пачаўся ў траўні, мы разам будзем паступова засвойваць беларускую інтэлектуальную спадчыну – у словах, вобразах і дзеяннях. Неўзабаве да асэнсавання далучацца мастакі і дызайнеры, якія ўвасобяць ідэі і персоны ў візуальныя вобразы.

Сачы за навінамі і новымі падзеямі праекта ў Facebook!

Чытай! Думай! Слухай думкі папярэднікаў!

Пагаджайся альбо спрачайся з імі!

Цытуй сваё!