Супольны культурны праект “Цытуй сваё!” не заканчваецца, а толькі распачынае Год беларускага мыслення. Далучайся! Наперадзе шмат цікавага!
Праект “Цытуй сваё!” быў распачаты ў канцы траўня шэрагам інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў (Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі саюз дызайнераў, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!“, Беларускі Калегіум, “Мова Нанова“). Ён заклікаў беларусаў звярнуцца да найлепшага з беларускай думкі, згадаць перліны, на якія мы не звяртаем увагі, бо яны побач, свае.
Цягам двух месяцаў кожны дзень на сайце budzma.by мы разам траплялі ў рэзананс беларускага мыслення, сустракаліся са слушнымі думкамі і прыгожымі вобразамі. Максім Багдановіч і Андрэй Волян, Валянцін Акудовіч і Леў Сапега, Вольга Гапеева і Васіль Быкаў – дзясяткі імёнаў і дзясяткі думак, якія калісьці займалі розум і сэрца нашых продкаў і сёння выклікаюць захапленне ад дакладнасці, жаданне працягнуць развагу ці паспрачацца ў нас.
Абвяшчаючы пачатак праекта, арганізатары казалі “Мы цытуем каго заўгодна, толькі не тых, хто нарадзіўся і жыў на нашай зямлі, дыхаў тым самым паветрам, быў часцінкай нашай гісторыі, а значыць, і нас саміх. Кожная трапна і ёміста выказаная думка – наш супольны нематэрыяльны скарб, цагліна ў тым, што мы сёння называем беларускай культурай, яшчэ не да канца ўсведамляючы яе архітэктуру і вонкавыя межы”.
За два месяцы мы адкрылі толькі невялікую частку гэтага скарбу. Дзякуй усім, хто далучыўся да складання анталогіі айчыннай думкі! На адрас праекта cytuj.svajo@gmail.com было даслана больш за 250 цытат. Сярод фан-клуба беларускага мыслення хацелася б асабліва аддзячыць і адзначыць некалькі чалавек, якія даслалі найбольш арыгінальныя і цікавыя падборкі цытатаў: Ірына Часнок, Антон Шустаў, Алесь Гізун, Наталля Свірыда, Яўгенія Чаплінская, Зміцер Бейнарт-Саладуха, Антон Васільеў. Дзякуй вам, сябры!
Энтузіязм фан-клуба і прыгажосць думак не дазваляе нам спыняцца! Таму праект “Цытуй сваё!” не заканчваецца, а толькі распачынае Год беларускага мыслення.
Што далей?
- Пашыраем кола фан-клуба беларускай думкі! Уступаем усуполку “Цытуй сваё!” у Facebook (https://www.facebook.com/groups/cytuj/), запрашаем сяброў, працягваем дасылаць і абмяркоўваць улюбёныя цытаты беларускіх аўтараў там. (Электронны адрасcytuj.svajo@gmail.com таксама застаецца надзейным спосабам падзяліцца перлінамі беларускага мыслення з грамадскасцю).
- Сустракаемся ў жніўні, каб звярнуцца да выбітных беларускіх дзеячаў грамадства, навукі і культуры па іх асабістыя падборкі з беларускага мыслення.
- Такім чынам, мы разам працягваем збіраць трапныя, глыбокія, нечаканыя думкі, каб выдаць іх у выглядзекнігі зручнага кішэннага фармату. Канцэпт-макет кнігі распрацоўваецца. Хочацца, каб у выніку атрымалася зручная ў карыстанні, прывабная на выгляд і дотык, вартасная па змесце рэч. Каб і самому хацелася мець, і падарыць было не сорамна!
Акрамя гэтага, цягам Года беларускага мыслення, які нестандартна пачаўся ў траўні, мы разам будзем паступова засвойваць беларускую інтэлектуальную спадчыну – у словах, вобразах і дзеяннях. Неўзабаве да асэнсавання далучацца мастакі і дызайнеры, якія ўвасобяць ідэі і персоны ў візуальныя вобразы.
Сачы за навінамі і новымі падзеямі праекта ў Facebook!
Чытай! Думай! Слухай думкі папярэднікаў!
Пагаджайся альбо спрачайся з імі!
Цытуй сваё!