Першадрукар і першы эмігрант, або Як “кніжныя” беларусы замежжа даследавалі Скарыну + ДЗЕ НАБЫЦЬ КНІГУ

Серыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, што была заснаваная ў 2004 годзе Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”, папоўнілася юбілейным, 25-м, выданнем, якое выйшла ў выдавецтве “Кнігазбор”. Гэта кніга беларускага архівіста Лявона Юрэвіча “Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія”, у якой пад адной вокладкай сабраныя скарыназнаўчыя дакументы беларускай эміграцыі.

Не сакрэт, што нашага першадрукара часам называюць яшчэ і “першым беларускім эмігрантам”, які, аднак, і за межамі сваёй Радзімы працягваў думаць пра яе і дзеля яе працаваць. Нядзіўна, што асоба Скарыны цікавіла многіх беларускіх знаўцаў, якія воляю лёсу апынуліся ў іншых краінах, але не жадалі выракацца свайго краю і забывацца на яго.

Як адзначае ў прадмове рэдактар кнігі — гісторык Наталля Гардзіенка — постаць Скрыны нароўні з Еўфрасінняй Полацкай сталася найбольш знакавай для беларускіх эмігранцкіх суполак, а яго асоба была блізкай і духоўным, і свецкім людзям, дзеячам у самых розных сферах — бо дзейнасць самога Скарыны была вельмі разнастайная.

Варта адзначыць, што менавіта на эміграцыі скарыназнаўства атрымала вялікія магчымасці для развіцця: тут, у адрозненне ад Савецкай Беларусі, даследчыкі не былі звязаныя ідэйнымі абмежаваннямі і мелі доступ да дакументаў, датычных дзейнасці нашага слыннага земляка. Імя Скарыны зрабілася вядомым і па-за межамі беларускіх колаў, а яго маштабная дзейнасць стала адным са сведчанняў еўрапейскасці беларускай культуры.

Наталля Гардзіенка пракаментавала працу над кнігай так: “Рэдактарская праца з кнігай Лявона Юрэвіча “Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія” была цікавай і складанай найперш праз тэматычную разнастайнасць тэкстаў. Скарынава традыцыя на эміграцыі — гэта не толькі тэксты ўласна пра першадрукара, што пісаліся і беларусамі ў міжваеннай Празе, і студэнтамі ў паваеннай Нямеччыне, і навукоўцамі ў заходніх універсітэтах. Гэта таксама маркі, календары, кнігавыдавецтва, уласна эміграцыйныя рэаліі — Скарыну часам называюць першым вядомым беларускім эмігрантам.

Для мяне надзвычай важнымі выглядаюць у кнізе лісты аднаго з найбольшых эміграцыйных скарыназнаўцаў Вітаўта Тумаша, постаці недастаткова ацэненай сёння ў Беларусі. Гэтая карэспандэнцыя выдатна адлюстроўвае і асаблівасці эміграцыйнага кнігавыдання, і дачыненняў, ці нават пэўнага спаборніцтва навукоўцаў у Беларусі і на Захадзе ў скарыназнаўчых даследаваннях.

Лявон Юрэвіч прадстаўляе ў кнізе постаці розных спадкаемцаў Скарыны ў яго працы — кніжнікаў, пісьменнікаў, даследчыкаў: Міколы Панькова, Яна Пятроўскага, Васіля Шчэцькі, Вацлава Пануцэвіча, Кастуся Якуба-Птаха, Норберта Рандава. Дый сам аўтар-архівіст выступае гэткім жа прадаўжальнікам Скарынавай справы.

З кнігай звязаныя некалькі важных сімвалічных момантаў: тое, што выходзіць яна ў год, калі святкуецца своеасаблівы Скарынавы юбілей – 525 гадоў ад прынятай даты нараджэння першадрукара, тое, што самому аўтару сёлета спаўняецца 50 гадоў, і тое, што прысвячаецца гэтая кніга памяці яшчэ аднаго нашчадка Скарынавай справы — айца Аляксандра Надсана, які сёлета адышоў”.

Кніга “Эмігрант Францыск Скарына” выдадзеная сумесна з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва, што ў Нью-Ёрку. Працоўны тандэм Юрэвіча і Гардзіенка — руплівых сябраў БІНіМа — стварыў ужо нямала кніг, заснаваных на дакументальнай спадчыне беларускай эміграцыі.

Лявон Юрэвіч гаворыць: “Я не гісторык, не філолаг. Я — архівіст, і, бадай, усе мае кнігі, за сціплым выняткам, — кнігі менавіта архіўныя. У тым ліку і гэтая новая — пра Скарынаву справу на эміграцы. У нашых умовах, калі эміграцыяй займаюцца адзінкі, не можаш дазволіць сабе раскошу — даследаваць нешта адно. Тым болей, калі большасць публікацыяў цябе не задавальняе: у аўтараў элементарна не стае матэрыялу — архіваў, фактаў, тых самых лістоў, напрыклад, ведання канкрэтных людзей, учынкаў і іх матывацыі, што спараджае або фантазіі, або банальшчыну. Таму і скокаеш ад тэмы да тэмы, ад СБМ да літаратуры, ад будзённасці да біяграфістыкі ў намаганні даць іншым як мага болей тае глебы, на якой можна збудаваць новыя працы.

Скарына ў гэтым шэрагу — рэч натуральная. Беларусу наагул складана абмінуць такую постаць, а кніжнаму чалавеку — проста немагчыма. Збіралася пра яго, без аніякай канкрэтнай ідэі, ад 1995 года, ад часу працы над паказнікам літаратуры “Францыск Скарына: жыццё і дзейнасць”, што быў як бы працягам Тумашавай “Скарыніяны” (1989). І вось урэшце ўсё набыло такія абрысы: кнігі пра тое, кім Скарына быў для беларусаў на эміграцыі, чым ён быў, і пра ўсіх тых, знаных і малавядомых кніжнікаў, якія кожны ў меру сваёй здольнасці, таленавітасці, працягвалі ягоныя традыцыі — як маглі.

Гэтым зробленым і апраўдваемся”.

Кнігу “Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія” ўжо можна набыць у кнігарнях Мінска: “Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня “логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А),  “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2), “Веды” (вул. К.Маркса, 36), “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19), “Кнігі & кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14).