Вітанне ўдзельнікам кангрэсу БАЗА

Шаноўныя ўдзельнікі кангрэсу Беларуска-амерыканскага задзіночання!

Сардэчна вітаем вас ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”! Зычым, каб гэтая сустрэча прайшла плённа і цікава, каб яна дала яшчэ лепшае бачанне шляху для арганізацыі і падарыла кожнаму натхненне на далейшую працу. Жадаем, каб БАЗА стала той пляцоўкай, дзе беларусы сапраўды яднаюцца. Мы ўсведамляем, наколькі гэта складана ў цяпершніх умовах, бо беларусы, якія сёння выязджаюць у эміграцыю, не да канца ўсведамляюць каштоўнасць уласнай ідэнтычнасці, уласнай - беларускай - культуры. Мы перакананыя, што БАЗА – адна з найстарэйшых і найбуйнейшых беларускіх эміграцыйных арганізацый – здольна гэта рабіць, бо мае вялікі досвед, арганізацыйны патэнцыял і дэманструе пераемнасць пакаленняў.  Ваша супольнасць – гэта твар Беларусі ў Амерыцы і той асяродак, дзе беларусы, нават апынуўшыся за тысячы кіламетраў ад Радзімы, могуць пачувацца як дома.

Ваша дзейнасць сведчыць, што, нягледзячы на існуючыя тэндэнцыі, ёсць беларусы, якія адчуваюць патрэбу гуртавацца, рабіць супольную справу або разам проста бавіць вольны час, беларусы, якія памятаюць свае карані і перадаюць гэтую памяць сваім дзецям, народжаным ужо ў Амерыцы. Спадзяемся, што яшчэ многія далучацца да Задзіночання, і што ў БАЗА будуць з’яўляцца новыя аддзяленні і гурткі ў розных кутках Злучаных Штатаў.

Дарагія сябры! Мы зычым вам усім пазітыўнага працоўнага настрою, веры ў лепшае і ўзаемнай падтрымкі!

 

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

 

Алена Макоўская,

кіраўнік МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”

 

Ніна Шыдлоўская,

старшыня Рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”

 

20 чэрвеня 2015 г.