“Працаваць за ежу” — лёс сучасных археолагаў?

У Горадні прайшла прэзентацыя кнігі Мікалая Плавінскага пра скарбы і курганы

Пасля прэзентацыяў у Мінску, Берасці і Салігорску Мікола Плавінскі нарэшце дабраўся і да Горадні. Затрымка, магчыма, мела сэнс: дачакаўшыся цёплых дзён, арганізатары сустрэчы правялі яе ва ўнутраным дворыку галерэі “Крыга” пад адкрытым небам.

http://budzma.by/wp-content/gallery/plavinski/img_8823-bu.jpg

Кніга “Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі”, якая выйшла з дапамогай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, — гэта сентыментальныя эсэ пра археалогію ад прафесійнага археолага, што здараецца досыць рэдка. Дзесяць папулярных нарысаў расказваюць пра таямніцы “Пояса Вітаўта”, Мядзельскі замак, археалагічныя захапленні Язэпа Драздовіча, сярэднявечныя мініяцюры, выразаныя на костках, ды інш.

Цудоўная паліграфія і каляровыя малюнкі, што таксама рэдкасць для сучасных выданняў па археалогіі, робяць кніжку цудоўным падарункам — сябру альбо самому сабе.

http://budzma.by/wp-content/gallery/plavinski/img_8863-bu.jpg

“Займацца асветай, а не бегчы ад яе”

Як да рэцэнзента падчас прэзентацыі Плавінскі звярнуўся да гарадзенскага гісторыка і археолага Алеся Краўцэвіча.

“Часам лічыцца, што археолагі могуць сабе капаць, вывучаць, а грамадству пра ўсё гэта раскажа нехта іншы, — даводзіў Краўцэвіч, —  Іншыя напішуць папулярныя кнігі, здымуць фільмы… Але ў нас гэта немажліва! Таму прафесійныя гісторыкі проста абавязаныя займацца асветай грамадства, а не бегчы ад гэтага!”

Варта прызнаць, што археолагі-прафесіяналы папярэдняга пакалення не цураліся пісання папулярных кніжак. Гэта і “Вогнепаклоннікі” альбо “Страла Расамахі” Міхася Чарняўскага, і “Ажываюць сівыя стагоддзі” Георгія Штыхава. За савецкім часам, напрыклад, дзяржава ніколі не ашчаджала на папулярызацыі гісторыі, хай і ў сваім ідэалагічным ключы.

Цяпер жа гісторыя часцяком робіцца здабыткам “інтэлектуалаў” ды “элітаў”, але праходзіць міма масавага чытача. Ці варта ў такім выпадку здзіўляцца паніжэнню гістарычнай свядомасці людзей з натоўпу ды паступоваму знікненню спрыяльнага асяроддзя для фармавання тых самых навуковых элітаў?..

Слова ўзяў гарадзенскі гісторык архітэктуры Ігар Трусаў:

“Мяне калісьці вучылі, што кніга чытаецца не спачатку, а з канца. То бок з бібліяграфіі. Пагартаўшы кнігу Плавінскага, я бачу, што, будучы папулярнай, яна захавала і навуковы складнік. Салідны спіс выкарыстанай літаратуры — саліднае выданне!”

http://budzma.by/wp-content/gallery/plavinski/img_8827-bu.jpg

“Мне страшна, калі я чую пра пачатак новай рэстаўрацыі”

Не абышлося і без дыскусіяў што да праблемаў сучаснай археалогіі. Мікола Плавінскі сярод іншага прыгадаў, што падчас раскопак у Мядзелі археолагі ў літаральным сэнсе “працавалі за ежу” — гэта была адзіная форма падтрымкі для навукоўцаў і валанцёраў з боку дзяржавы, што па сучасных мерках зусім і няблага, як лічыць даследчык.

Лёс беларускіх замкаў, на думку археолага, па-ранейшаму складаецца трагічна:

“У Наваградку, напрыклад, ім толькі што знішчыць замак не атрымалася — збудаваны надта добра. Ну а як яшчэ назваць з’яву, калі рэшткі вежы абкладаюць цалкам сучаснай цэглай?.. Прычым тлумачаць, што на добрыя наваробы цэглы няма грошаў, значыць, трэба рабіць абы-якімі”.

Рэстаўрацыі замкаў Плавінскі назваў навабудамі, а таксама прызнаўся, што яму кожны раз страшна, калі чуе пра пачатак чарговай “рэстаўрацыі”, якая выльецца невядома ў што.

— Ці будзе працяг серыялу? — прагучала ад публікі ўжо пры канцы вечара.

Мікола расказаў, што “Скарбы…” з пэўнымі дадаткамі яшчэ маюць ва Украіне, але па-расійску: для большага ахопу аўдыторыі. Далей жа аўтар паабяцаў засесці за напісанне некалькіх “нецікавых” акадэмічных працаў па археалогіі, завязаўшы на нейкі час з папулярызацыяй.

http://budzma.by/wp-content/gallery/plavinski/img_8833-bu.jpg