Алена Сіпакова: “Паказаць беларусам Байкал”

22 траўня 2015 г. у Маскве адбыўся Шосты з’езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, на які з’ехаліся дэлегаты з розных рэгіёнаў. Найбольш заўважна ў часе мерапрыемства заявілі пра сябе прадстаўнікі Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя І. Чэрскага (ІТБК), якія стварылі адмысловы рэкламны куток сваёй арганізацыі, распаўсюджвалі свае буклеты, запрашалі ў госці.

Пра свае ўражанні ад з’езду, а таксама пра тое, чым жывуць сёння беларусы Іркуцку расказала старшыня таварыства Алена Сіпакова.

ФНКА і беларусы Расіі

Наталля Гардзіенка: Вы толькі што атрымалі ліст падзякі ад беларускага Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і грамадскіх ад’яднанняў “Радзіма”, з чым віншую. А якія ўражанні пакінуў у Вас з’езд ФНКА?

Алена Сіпакова: Вельмі прыемна было спаткаць столькі беларусаў з розных рэгіёнаў, гарадоў. Я ў беларускім руху ад 2003 года і таму вельмі радасна заўсёды сустракаць калегаў, даведвацца, што яны праводзяць, чым займаюцца. З іншага боку, цягам пяці гадоў у ФНКА нічога не адбывалася, Усё, пра што Валер Мікалаевіч казаў у сваёй справаздачы, гэта рэгіёны самі працавалі, самі рабілі без падтрымкі ФНКА, без дапамогі. Было б добра, каб ФНКА ўсё ж была актыўнай структурай, якая кансалідуе дыяспару, Вельмі патрэбны абмен інфармацыяй, каб мы маглі зайсці на сайт ФНКА і прачытаць, што робяць беларусы ў Яраслаўлі, ці ў Растове-на-Доне, ці яшчэ дзе. Можа там нейкі фэст, у якім мы таксама маглі б браць удзел, пашукалі б грошы, прыехалі.

На дварэ ХХІ стагоддзе, а ў нас пра нас ніякай інфармацыі няма. Калі я збіралася на з'езд ФНКА, сусветнае павуцінне выдала на мой запыт толькі тое, што пяць гадоў таму прайшоў з'езд і абралі Валерыя Мікалаевіча Казакова. Усё. І ніякай інфармацыі болей няма. У Расіі самая вялікая беларуская дыяспара, і ФНКА павінна займацца яе кансалідацыяй. Беларусы павінны злучацца, сябраваць і рабіць сумесныя праекты. Гэта ж таксама падтрымка: калі ў арганізацыі юбілей, прыкладам, а з іншага рэгіёну прыехаў творчы калектыў і павіншаваў. Або мастак арганізаваў выставу, і нехта з майстроў прыехаў з іншага рэгіёну, арганізаваў майстар-клас. Гэта вельмі патрэбна. І мясцовыя ўлады, калі бачаць, што прыязджае нехта з іншага рэгіёну, то таксама вельмі добра ставяцца да мясцовых беларусаў.

ФНКА — адзіная ў Расіі агульнабеларуская арганізацыя. Асіміляцыя беларусаў цяпер ідзе шалёнымі тэмпамі. Перасяленцы ХХ ст. не адчуваюць сябе беларусамі. А калі б было пастаяннае згадванне… Беларусы такія, што калі маюць нейкія падставы для гонару за сваіх, то згадваюць, што і яны беларусы. Таму задача некамерцыйных арганізацый якраз палягае ў тым, каб нагадваць беларусам пра тое, што яны беларусы. І самім беларускім арганізацыям важна не губляць сваёй беларускасці, вывучаць мову, гісторыю. Мы пастаянна над гэтым працуем. У нас у «Крывічах» ідуць заняткі па беларускай мове, і ў Іркуцкім таварыстве беларускай культуры таксама заняткі. Нават Укантакце мы пакідаем канспекты заняткаў, каб далучаліся з іншых суполак.

Актыўная вясна Іркуцкіх беларусаў

Н. Г.: Ведаю, што Таварыства вядзе вельмі актыўнае жыццё. Як прайшла вясна ў іркуцкіх беларусаў?

А. С.: Красавік у нас атрымаўся насычаны. У Іркуцку ёсць выставачны комплекс «СібЭкспа-цэнтр», дзе мы ўзялі ўдзел у дзвюх выставах. Першая называлася «Байкал-тур» і была прысвечана турызму. Тут мы прадстаўлялі два напрамкі: турызм у Рэспубліку Беларусь і этнатурызм у месцы кампактнага пражывання беларусаў у Іркуцкай вобласці. Гэтыя два напрамкі мы рэкламавалі, зрабілі адмысловы стэнд.

Потым кіраўніцтва выставачнага цэнтра запрасіла нас таксама ўзяць удзел у выставе «Сібхарчаванне», а менавіта ў акцыі «Кухні народаў свету». Мы прэзентавалі беларускія стравы: халаднік, мачанку, тоўстыя бліны, зацірку, ладзілі дэгустацыю для наведнікаў.

Пры канцы красавіка адбыўся візіт дзелавых колаў Рэспублікі Беларусь у Іркуцк. Прыязджалі прадстаўнікі Гандлёва-прамысловай палаты горада Гомеля. Яны працавалі з аналагічнай палатай Усходняй Сібіры, але выйшлі таксама на нас як беларускае зямляцтва і папрасілі дапамагчы з пошукам памяшкання, аўтамабіля. І канечне ж, мы ім зладзілі экскурсію на Байкал.

Асобная тэма — гадавіна перамогі. Для ветэранаў рознымі арганізацыямі ладзілася багата мерапрыемстваў. А мы вырашылі ніякіх вечароў памяці не праводзіць, але ад восені 2014 г. мы заняліся інтэрв'юіраваннем ветэранаў. У нас ёсць удзельнікі вайны, працаўнікі тылу, дзеці вайны, малалетнія вязні. Так ветэран атрымоўвае магчымасць паразмаўляць, адчуць сваю запатрабаванасць. Мы вырашылі, што гэта самае галоўнае — стасункі, кантакты. Таму актывісты ІТБК, якім я дала адрасы, хадзілі да ветэранаў і запісвалі іх успаміны. Усё сабранае будзе публікавацца ў нашай “Маланцы” па адным інтэрв'ю кожны нумар.

Самастойна мы ніякіх мерапрыемстваў, прысвечаных перамозе, не арганізоўвалі, але далучаліся да таго агульнага, што адбывалася. Былі канцэрты, агітбрыгады і іншае. Прыкладам, у Іркуцкай абласной бібліятэцы імя Малчанава-Сібірскага адбылася перадача кнігі МЗС Расіі «Лоеўскі плацдарм» магілёўскага гісторыка Фёдара Свінціцкага. Цягам 2014 года прэзентацыя гэтай кнігі ішла па бібліятэках Беларусі, і вось у гэтым годзе выйшлі на бібліятэкі Расіі. Мы (ІТБК і «Крывічы») былі запрошаны на гэтае мерапрыемства як прадстаўнікі дыяспары.

А ў раёнах у нас (мы ж рэгіянальная арганізацыя) таксама адбываліся ганараванні ветэранаў, спатканні, канцэрты, дзеці пісалі сачыненні «Мой дзед (мая бабуля) ваявалі». 9 мая мы ішлі беларускай групай у Несмяротным палку — гэта агульнарасійская акцыя такая.

Ужо пасля святкавання юбілею перамогі мы паспелі зладзіць мерапрыемства, прысвечанае дням славянскага пісьменства і культуры. У абласной дзіцячай бібліятэцы імя Іосіфа Уткіна адбылася сустрэча са школьнікамі, сямікласнікамі, дзе мы разабралі розніцу беларускай і рускай моваў. Дзеці спрабавалі чытаць, прыкладам, назвы беларускіх месяцаў, мы тлумачылі ім логіку назваў. Потым глядзелі беларускі мульцік «Піліпка» і гулялі ў гульні, дзе трэба было завучыць невялікі тэкст на беларускай мове і дзеці добра далі з гэтым рады. Калі браць рускамоўных, то дзеці лепей успрымаюць беларускую мову, лепей чытаюць па-беларуску, чым дарослыя.

Планы на лета: Фестываль

Н. Г.: Багата зроблена, а што ў планах?

А. С.: У планах у нас 6 чэрвеня дзень горада Іркуцка, святочнае шэсце. 2015 год — год літаратуры ў Расіі. Тэма святочнага шэсця будзе — літаратура і кіно. Мы яшчэ думаем, што будзем прадстаўляць з беларускай літаратуры. Магчыма, будзем ісці з партрэтамі беларускіх пісьменнікаў, або трансляцыю нейкага беларускага твора арганізуем.

Будзе таксама Купалле. Зараз ужо людзі тэлефануюць, пытаюцца: калі што, дзе. Рыхтуюць строі беларускія.

І галоўнае мерапрыемства года — Міжнародны фестываль беларусаў свету на Байкале. Ён пройдзе ад 3 да 9 жніўня. Мы плануем, што будуць экскурсіі, маленькія, большыя, вялікія да трох дзён — як групы збяруцца. Спадзяемся, што прыедуць беларусы, у якіх Беларусь у сэрцы, што будзе магчымасць пасядзець, паразмаўляць, можа, нейкія праекты супольныя скласці. І безумоўна, будзе абмен вопытам, будуць майстар-класы, заняткі па беларускай мове, будзе літаратура, трансляцыя беларускай відэапрадукцыі, ну і каля вогнішча спевы. Будзе сцэнічная пляцоўка. Плануем запрасіць музыкаў з Беларусі, а з суботы на нядзелю будзе вялікі канцэрт на 5-6 гадзінаў. Спадзяюся, што творчыя гурты Расіі таксама далучацца да гэтага фэсту.

Н. Г.: А як з'явілася ідэя такога фестывалю?

А. С.: О, ідэя ў мяне нарадзілася тры гады таму назад. Але спачатку я чамусьці вырашыла, што ў беларускай музыцы заняпад, творчы застой, то хацела сабраць беларускіх музыкаў на Байкале. Справа ў тым, што Байкал — гэта вельмі моцнае энергетычнае месца, якое дапамагае актывізаваць творчыя сілы. Цяпер жа я паглядзела, што не зусім мела рацыю. Ёсць шмат добрых беларускіх музыкаў, і гэта моладзь, якасныя беларускія гурты, вельмі добрая музыка, канкурэнтназдольная на сусветным рынку. То трэба хутчэй падтрымаць саміх беларусаў у дыяспарах. Бо грамадская праца — гэта марафон на доўгую дыстанцыю. А на Байкале можна ўсім сабрацца. Ёсць людзі, у якіх шмат энергіі, а ёсць тыя, якім трэба падсілкавацца. Таму і плануецца фестываль.

Н. Г.: Вы плануеце, што на фестывалі будуць беларусы пераважна з Расіі? Байкал — няблізкі свет усё ж.

А. С.: Чакаем беларусаў адусюль. Зразумела, усе кажуць, што крызіс. І беларусы Расіі з недаверам глядзяць на справу прыезду на Байкал, і беларусы з Беларусі — кажуць, гэта вельмі дорага. Але спадзяюся. што людзі знойдуць грошы.

Сёння я размаўляла з беларусамі з розных рэгіёнаў. Усе гавораць пра крызіс. Вядома, што кожны з нас усё аплачвае пераважна са сваёй кішэні. Але што рабіць? Зразумела, у нашай арганізацыі няма вялікіх грашовых сродкаў. З іншага боку, за апошнія гады матэрыяльна-тэхнічная база ўмацавалася, няма патрэбы ў нейкіх сур'ёзных выдатках. Тое, што датычыць кампенсавання расходных матэрыялаў: картрыджы, папера, рахункі за тэлефон — усё гэта аплачваюць сябры таварыства з уласных сродкаў. Гэтаксама і калі там нейкія фуршэты ладзяцца. З арганізацыяй фестывалю ў нас галоўная задача не сысці ў вялікі фінансавы мінус. Ёсць турбазы на беразе Байкала. Гаспадар — Аляксандр Жылінскі — з Берасцейшчыны. На турбазах ёсць магчымасць размяшчэння гасцей, арганізацыі экскурсій. Пасля фестывалю мы плануем паход на пік Чэрскага. Івану Чэрскаму сёлета спаўняецца 170 гадоў. То гэтае мерапрыемства мы і прысвячаем яго памяці.

Самае галоўнае на фестывалі — гэта стасункі, жывыя кантакты. І мы вельмі хочам паказаць беларусам Байкал.

Гутарыла Наталля Гардзіенка