30 мая, у гадавіну па Генадзю Бураўкіну — паэту, грамадскаму дзеячу, класіку беларускай літаратуры, песні на вершы якога ўвайшлі ў залаты фонд нашай культуры — адбылося ўскладанне кветак на Усходніх могілках у Мінску, дзе пахаваны пісьменнік.

Ушанаваць памяць Генадзя Мікалаевіча прыйшлі родныя і блізкія, а таксама сябры і калегі, аднадумцы і прыхільнікі яго творчасці. Былі ўскладзеныя кветкі і ад арганізацый — ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч (Сачанка) і кіраўнік МГА ЗБС "Бацькаўшчына" Алена Макоўская ўсклалі кветкі да магілы Паэта.
Першая злева: Юлія Якаўлеўна Бураўкіна, удава паэта; прамаўляе Уладзімер Някляеў
Са словамі-ўспамінамі пра Генадзя Бураўкіна выступілі: старшыня Віцебскай абласной філіі ТБМ Іосіф Навумчык, пісьменнікі Уладзімер Някляеў, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла. Даследчык Сяргей Шапран зачытаў ліст-зварот, перададзены Аляксандрам Фядутам, які, на жаль, не змог асабіста прысутнічаць.
Злева направа: Сяргей Шапран, Аляксандра Дварэцкая, Уладзімір Сіўчыкаў, Міхась Скобла, Аксана Спрынчан.
Слова пра спадара Генадзя прамаўляе Іосіф Навумчык.
Барыс Пятровіч і Сяргей Шапран
У прамовах прагучалі вершы спадара Генадзя, любімыя яго сябрамі і цытаваныя на памяць, згадвалася літаратурнае пакаленне шасцідзясятнікаў, што зрабіла значны ўнёсак у станаўленне беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай культуры на пачатку 1990-х гадоў. Генадзь Мікалаевіч як адзін з найярчэйшых прадстаўнікоў гэтага пакалення да апошніх дзён свайго жыцця рупіўся пра Беларусь і яе будучыню.
На завяршэнне Юлія Якаўлеўна Бураўкіна падзякавала ўсім тым, хто шануе і памятае Паэта.
Гл. таксама: Прэзентацыя аўдыёкнігі Генадзя Бураўкіна — 2 чэрвеня
Тэкст і фота: ВТ, для lit-bel.org