Гарады Беларусі на старых паштоўках прэзентавалі ў Мінску

Мастак, пісьменнік, беларус Латвіі Вячка Целеш прэзентаваў у Нацыянальнай бібліятэцы дзве кнігі – папулярную «Гарады Беларусі на старых паштоўках», якая зазнала ўжо чацвёртае перавыданне, і ўласны радавод «Адсюль наш род, тут мой прычал».

Вячка Целеш вядомы найперш як мастак, які таксама сур’ёзна займаецца грамадскай дзейнасцю, скіраванай на сувязі з Беларуссю: ён намеснік старшыні Таварыства беларускай культуры ў Латвіі «Сьвітанак» і старшыня суполкі мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар». А яшчэ стваральнік беларускай школы ў Рызе, якая нядаўна адзначыла 20-годдзе. Пра гэты бок дзейнасці Вячкі Целеша распавяла кіраўнік ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская: «Беларускае школьніцтва вельмі важнае і мала ў якіх краінах ёсць, толькі ў Літве, Латвіі, Польшчы, – сказала яна. – І калі колькі год таму мясцовыя ўлады збіраліся закрыць гэтую школу ці далучыць да іншай, мы пісалі звароты, каб яна засталася. Бо гэта рэдкі выпадак. Напрыклад, у Расіі, дзе жыве каля мільёна беларусаў, няма ніводнай беларускай школы”.

Кніга “Гарады Беларусі на старых паштоўках” даўно стала хітом продажаў і папулярным падарункавым альбомам. Чацвёртае перавыданне, якое з’явілася ў пачатку года ў выдавецтве “Беларусь”, папоўнілася на 200 паштовак. У кнізе падаюцца таксама апісанні вуліцаў і будынкаў. “Кніга проста неверагодна прыгожая, – кажа вядучы рэдактар выдавецтва Анжэла Садоўская. – Яе часта набываюць для паездак за мяжу”.

“Не лічу сябе пісьменнікам, хутчэй аматарам беларускай гісторыі”, – кажа Вячка Целеш. Збіраць паштоўкі ды маркі ён пачаў у дзяцінстве. Згадвае, як у 1970-я гады трапіў ў Рызе на таемны сход калекцыянераў, дзе ішоў абмен антыкварыятам, старымі кнігамі ды газетамі. Тады і пачаў сваю калекцыю паштовак Рыгі, якая нагадвала яму, студэнту з беларускай вёскі, туманны Лондан. Зборам Целеша цікавіліся нават кінематаграфісты: Рыгу пачатку стагоддзя ў фільме “Камяністы шлях” аднаўлялі паводле выяваў з ягонай калекцыі.

Паступова пачаў збіраць і беларускія паштоўкі, ягоная калекцыя рабілася вядомай: “На мяне “працаваў” увесь Савецкі саюз, мне дасылалі паштоўкі з Уладзівастока і Харкава, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Саратава, Беластока. Бо ніхто ў той час у Беларусі гэтым не займаўся”.

І хоць за савецкім часам многія паштоўкі не праходзілі цэнзуру, бо на іх былі і царква, і касцёл, і сінагога, і татарская мячэць, і лютэранская кірха, і шыльды з гандлярскімі надпісамі, але Вячка Целеш умудраўся друкаваць факты пра сваю калекцыю ў газетах ды часопісах. “Магчыма, мяне друкавалі, бо я быў камуністам. Лічылі, што не напішу нешта крамольнае”, – разважае ён.

У выдавецтва “Беларусь” Вячку Целеша ў 1984 годзе прывяло знаёмства з Караткевічам і Адамам Мальдзісам. “Калі Караткевіч прыязджаў у дом адпачынку ў Юрмале,  то я запрасіў яго да сябе, паказаў сваю калекцыю. І ён сказаў, што  ягоны сябар Адам Мальдзіс збірае паштоўкі”. Адам Мальдзіс падзяліўся некаторымі экспанатамі з Вячкам Целешам і прывёў яго ў выдавецтва. Але кніга доўга ляжала ў выдавецкай шуфлядзе, а ўпершыню выйшла толькі ў 1998 годзе. І з таго часу займела вялікую папулярнасць як гістарычнае і падарункавае выданне пра беларускія гарады.

Кніга «Адсюль наш род, тут мой прычал» – гэта асабістае выданне, прысвечанае гісторыі роду Целешаў і вёсцы Краснае Сяло, адкуль ён паходзіць. Складаць свой радавод Вячка Целеш пачаў 20 гадоў таму і шкадуе, што позна:«Пачынаючы ад сёння запісвайце ўсё, што вы ведаеце пра сваякоў, гэта прыдасца вашым дзецям і ўнукам”, – раіць ён. Узорам пісання радаводаў называе кнігу яе рэдактар журналіст Міхась Скобла. Аўтар змог знайсці ажно 12 галінак свайго роду ад XVIII стагоддзя і апісаць кароткія біяграфіі амаль 500 Целешаў. “Пакуль я дарэдагаваў кнігу, сам пачаў адчуваць сябе троху Целешам”, – жартуе Скобла.

“Мае продкі былі прыгонныя сяляне, але трэба і гэтым ганарыцца, а не толькі шляхетным паходжаннем”, – лічыць Вячка Целеш. Каб напісаць кнігу, яму давялося шмат разоў прыязджаць з Рыгі ў мясцовыя архівы, у выданні змешчана 720 фотаздымкаў, ёсць і рэдкія архіўныя дакументы, напрыклад, ліст школьнаму інспектару, напісаны лацінкай па-беларуску, у якім жыхары вёскі ў 1920-я гады просяць адкрыць беларускую школу. А самы далёкі продак, пра якога Вячка Целеш знайшоў інфармацыю, – гэта ягоная прапрапрапрабабуля 1795 года нараджэння.

Кнігу аўтар выдаў за свой кошт. “Для мяне было галоўнае, каб яе прачыталі мае Целешы, а іх шмат, і яны раскіданыя па ўсім свеце – у Канадзе, Расіі, ва Украіне, у Польшчы”, – кажа пісьменнік.

“Хутка можна выдаваць кнігу “Целешы на старых паштоўках”, – пажартаваў наконт маштабнасці працы вядоўца вечара Усевалад Сцебурака.

Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай