У Маскве адбыўся Шосты з’езд ФНКА "Беларусы Расіі"

22 траўня 2015 г. у Маскоўскім доме нацыянальнасцяў адбыўся Шосты з’езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”. На ім прысутнічалі 37 дэлегатаў ад розных беларускіх асяродкаў і арганізацый Расіі, 16 сябраў Рады ФНКА, а таксама шматлікія госці.

Удзельнікі з'езду

Пра значнасць мерапрыемства сведчыць тое, што прывітаннямі тут выступілі саветнік амбасады Беларусі ў Расіі Павел Лёгкі (зачытаў прывітанне з’езду ад імя Міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея), намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза (з прывітаннем ад Дзяржсакратара Рыгора Рапоты). Апошні сярод іншага сцвярджаў, што адна з найважнейшых задач расійскіх беларусаў — спрыянне эканамічнаму ўзаемадзеянню дзвюх краінаў.

Прывітальнае слова ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” агучыла на з’ездзе сябра Управы арганізацыі гісторык Наталля Гардзіенка. У звароце была адзначана дзейнасць каіраўніка ФНКА Валера Казакова па дапамозе ў арганізацыі музея Барыса Кіта ў Наваградку, вяртанні ў Беларусь каштоўных старадрукаў, у тым ліку арыгіналу Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. У дадатак да прывітання ад ЗБС “Бацькаўшчына” кіраўніцтву ФНКА быў зроблены падарунак — карціна з выявай мінскага Верхняга горада.

Валер Казакоў пачынае з'езд

У асноўнай частцы з’езду старшыня ФНКА Валер Казакоў выступіў з справаздачным дакладам, дзе было адзначана павелічэнне цягам апошніх пяці гадоў колькасці мясцовых і рэгіянальных беларускіх арганізацый у Расіі, актывізацыя статутнай дзейнасці аўтаноміі, умацаванне міжрэгіянальных сувязаў. Пры гэтым заўважаныя былі і пэўныя пралікі ды недахопы. Апошнія пацвердзіла надзвычай кароткая справаздача старшыні рэвізійнай камісіі, дзе было адзначана, што гаспадарчай дзейнасці цягам апошніх пяці гадоў ФНКА не вяла, руху сродкаў на рахунку не зафіксавана.

У часе выступаў-абмеркаванняў дакладу прадстаўнікі рэгіянальных арганізацый беларусаў Масквы, Іркуцка, Маскоўскай, Архангельскай, Растоўскай і іншых абласцей і рэгіёнаў казалі пра тыя мерапрыемствы і ініцыятывы, што рэалізоўваюцца на месцах, а таксама наяўныя праблемы. Сярод найбольш актуальных — недахоп фінансавання. Дысанансам прагучаў даклад беларуса з Архангельскай вобласці, які паведаміў, што за год мясцовая беларуская аўтаномія атрымала грантаў на паўтара мільёна расійскіх рублёў. Акрамя таго, наступны год абвешчаны ў Архангельскай вобласці годам Беларусі.

Сярод іншых рэгіянальных прадстаўнікоў упершыню на з’ездзе прысутнічаў прадстаўнік ад крымскіх беларусаў — колішні старшыня Вярхоўнага Савета Крыма (1995—1996), кіраўнік мясцовай беларускай садружнасці Аўген Супрунюк. Сярод іншага ён адзначыў, што, паводле розных звестак, на тэрыторыі паўвострава жыве ад 30 да 68 тысяч беларусаў.

Пераважная большасць выступаў, як і вядзенне з’езду, адбывалася па-руску. Выключэннем былі звароты іркуцкага беларуса Алега Рудакова і барнаульца Мікалая Крысковіча, што звярталі ўвагу на неабходнасць вывучэння расійскімі беларусамі нацыянальнай мовы.

Алег Рудакоў

Мікалай Крысковіч (Барнаул) і Іосіф Рогаль (Масква)

Гучала ў выступах і крытыка кіраўніцтва ФНКА за адсутнасць калегіяльнай працы — цягам пяці гадоў Рада не збіралася, рашэнні прымаліся пераважна старшынём асабіста. Аднак крытычная заўвагі не паўплывалі на агульную здавальняльную адзнаку дзейнасці ФНКА “Беларусы Расіі”.

Пасля выканання ўсіх неабходных арганізацыйных працэдураў з’езд падышоў да выбараў новага кіраўніцтва. Адзінай кандыдатурай на пасаду старшыні стаў былы кіраўнік Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы” Сяргей Кандыбовіч, які і быў абраны. З прапановы новага кіраўніка быў абраны склад Рады ФНКА, якая адразу ж па сканчэнні афіцыйнай часткі сабралася на першае пасяджэнне.

Валер Казакоў, Іван Бамбіза, Сяргей Кандыбовіч

У афіцыйным рашэнні з’езду было адзначана, што галоўнай задачай Аўтаноміі трэба лічыць  “пашырэнне працы па вывучэнні і прапагандзе беларускай гісторыі і мовы, актыўную дзейнасць па захаванні і прасоўванні на публічных пляцоўках беларускай нацыянальнай культуры, для чаго працягваць працу па ўзаемадзеянні з сярэднімі і вышэйнымі навучальнымі ўстановамі, праводзіць навукова-практычныя тэматычныя канферэнцыі, семінары, круглыя сталы. Аказваць асаблівую падтрымку этнакультурным і творчым калектывам, культурным цэнтрам, дзе назапашаны вопыт рэстаўрацыі і аднаўлення народнай беларускай традыцыі, песеннай і харэаграфічнай культуры, асаблівасцяў побыту і вераванняў”. У якасці задачаў арганізацыі на найбліжэйшую будучыню пазначаныя: стварэнне і рэгулярнае абнаўленне сайтаў федэральнай і ўсіх рэгіянальных аўтаномій, актывізацыя працы з моладдзю, а таксама пошук эфектыўных шляхоў самафінансавання, грантаў і спонсараў для дзейнасці беларускіх арганізацый ў Расіі.

---

22 траўня 2015 г. пасля заканчэння афіцыйнай часткі з’езду Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” яго ўдзельнікі былі запрошаныя ў амбасаду Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Тут адбылася экскурсія па новаствораным Дзелавым і культурным цэнтры, што ўключае ў сябе залі для выставаў, канцэртаў, прэс-канферэнцыяў, памяшканні для перамоваў і іншае. Мэта дзелавога і культурнага цэнтра — садзейнічаць у развіцці беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Афіцыйнае адкрыццё плануецца ў чэрвені 2015 г., але ўжо сёння тут праводзяцца мерапрыемствы, сярод якіх выстава “Васіль Быкаў: Доўгая дарога дадому”, наладжаная з дапамогай Музея гісторыі беларускай літаратуры.

Адна з залаў у Дзелавым і культурным цэнтры Амбасады Беларусі ў Расіі

Выстава, прысвечаная Васілю Быкаву

Інфармацыйнае табло ў зале, прысвечанай беларускай дыяспары ў Расіі

Удзельнікі з’езду ў зале, прысвечанай беларускай дыяспары ў Расіі

На адмыслова арганізаванай сустрэчы з удзельнікамі з’езду Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка выказаў падзяку прадстаўнікам беларускай дыяспары ў Расіі за вялікую і разнапланавую працу па збліжэнні двух народаў, іх унёсак у развіццё двухбаковых адносінаў.

Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка

Увасабленнем удзячнасці стала ўручэнне адмысловых падзякаў і дыпломаў ад імя амбасады.

Так, за захаванне і папулярызацыю беларускай культуры ў расійскіх рэгіёнах, за ўмацаванне дружбы паміж народамі дзвюх краінаў падзякай амбасады былі ўзнагароджаныя:

-          Нацыянальна-культурны цэнтр беларусаў Заўралля “Бацькаўшчына”;

-          Беларуская нацыянальна-культарная аўтаномія беларусаў Урала “БелУр”;

-          Бранская абласная грамадская арганізацыя “Беларускае зямляцтва на Браншчыне”;

-          Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія ў Рэспубліцы Комі;

-          Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія ў Маскоўскай вобласці;

-          Рэгіянальная нацыянальна-культурная аўтаномія горада Томска.

За значныя дасягненні па рэалізацыі праектаў папулярызацыі культуры ў краіне пражывання беларускай дыяспары дыпломамі конкурса “Культура” Дзяржаўнай установы “Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур і грамадскіх аб’яднанняў “Радзіма” ўзнагароджаныя:

-          Ніна Кабанава — дырэктар Навасібірскага цэнтра беларускай культуры;

-          Любоў Адаскевіч — Старшыня рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў у Томскай вобласці”.

Падзячныя лісты ад Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і грамадскіх аб’яднанняў “Радзіма” атрымалі:

Алена Сіпакова — старшыня Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя І. Чэрскага”;

Уладзімір Банцэвіч —  старшыня Растоўскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Саюз беларусаў Дона”;

Людміла Урванцава — старшыня Нацыянальна-культурнага цэнтра беларусаў Заўралля “Бацькаўшчына”.

Алена Сіпакова атрымоўвае падзяку 

Пасля ўручэння з словамі ўдзячнасці амбасадзе выступілі былы старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Валер Казакоў і новы кіраўнік гэтай арганізацыі Сяргей Кандыбовіч, якія адзначылі значную ролю амбасады ў падтрымцы беларускіх арганізацый у Расіі.

Сяргей Кандыбовіч

Мерапрыемства скончылася агульным фатаграфаваннем і банкетам.

Удзельнікі з’езду ФНКА ў амбасадзе Беларусі ў Расіі (здымак з сайта амбасады)

Наталля Гардзіенка


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение