Шаноўныя ўдзельнікі З'езду ФНКА “Беларусы Расіі”!
Шчыра вітаем вас ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”! Сёння ў гэтай зале сабраліся беларусы з самых розных куткоў Расіі, прыехалі госці з Беларусі. Няхай гэтая сустрэча пройдзе плённа, у цёплай, сяброўскай атмасферы.
Аўтаномія “Беларусы Расіі” яднае беларусаў самых розных поглядаў і меркаванняў, сярод якіх многія вядомыя творчыя і грамадскія дзеячы, бізнесоўцы і вучоныя. Іх усіх лучыць найважнейшы грунт – гістарычная памяць і любоў да Беларусі. Праз сваіх калектыўных сябраў ФНКА “Беларусы Расіі” сцвярджае беларускую прысутнасць у шматлікіх рэгіёнах краіны, а дзясяткі аб’яднанняў і таварыстваў працуюць дзеля захавання і развіцця беларускай культуры.
Вядомы факт, што ў канцы 1990-х у Расіі пражывала больш за мільён этнічных беларусаў. А вынікі перапісу 2010 года сведчаць, што колькасць беларусаў моцна зменшылася і складае крыху больш за 521 тысячу. Адна з асноўных прычынаў гэтага працэсу – не фізічнае знікненне беларусаў, а высокія тэмпы асіміляцыі. І роля Нацыянальна-культурнай аўтаноміі, роля вашых арганізацый і нашага Згуртавання ў тым, каб усяляк спрыяць захаванню беларускай ідэнтычнасці, умацаванню і пашырэнню беларускай прысутнасці. У прыватнасці, нам бачыцца актуальнай задачай Федэральнай аўтаноміі спрыянне ў арганізацыі школьніцтва ў месцах кампактнага пражывання беларусаў.
Згуртаванне “Бацькаўшчына” вітае дзейнасць ФНКА “Беларусы Расіі” і бачыць аўтаномію не толькі важным прадстаўнічым органам, але і пляцоўкай, тым фундаментам, на якім будуецца дыялог розных беларускіх арганізацый Расіі, выпрацоўваюцца супольныя рашэнні.
Згуртаванне “Бацькаўшчына” вельмі цэніць тое, што было зроблена кіраўніцтвам Аўтаноміі для Беларусі, яе культуры. Гэта і спрыянне адкрыццю экспазіцыі нашага слыннага суайчынніка Барыса Кіта ў Навагрудку. Гэта і перадача каштоўных падарункаў – факсімільных выданняў і рэдкіх музейных экспанатаў Магілёўскай ратушы, у прыватнасці, копіі Евангелля XVI стагоддзя. Копіі Баркулабаўскага летапісу і Слуцкага Евангелля былі перададзены бібліятэцы ў Магілёве. А ў 2013 годзе адбылася вельмі важная і значная для Беларусі падзея – аказана дапамога ў выкупе для Музея гісторыі Магілёва Статута ВКЛ 1588 года і іншых выданняў, якія маюць вялікую гістарычную каштоўнасць.
Вельмі важкі ўклад зрабіла кіраўніцтва Аўтаноміі ў папулярызацыю творчасці вялікага беларускага пісьменніка Васіля Быкава, у падтрымцы выдання яго шматтомніка ў Беларусі. Было здзейснена шмат іншых дабрачынных праектаў, скіраваных на падтрымку і развіццё нашай культуры, папулярызацыю беларускай дыяспары і дэманстрацыю таго, што беларусы замежжа ёсць неад’емнай часткай нашага народа. Выказваем падзяку і за спрыянне ў правядзенні з’ездаў беларусаў свету.
Вітаем вас, цэнім вашую дзейнасць, зачым сілаў і натхнення ў гэтай працы на карысць Беларусі! Няхай яна дае добры плён. І ў наступныя гады гэты плён хай павялічваецца новымі справамі на карысць беларушчыны. І няхай кожнаму з вас асабіста спадарожнічаюць спагада, здароўе і поспех!
Па даручэнні Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Алена Макоўская,
кіраўнік МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
Ніна Шыдлоўская,
старшыня Рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
22 траўня 2015 г.