“З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў”: успаміны падлетка-эмігранта + ДЗЕ НАБЫЦЬ

У серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, заснаванай у 2004 годзе Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”, у выдавецтве “Кнігазбор” пабачыла свет новае, ужо 24-е, выданне - успаміны беларускага эмігранта Святаслава Шабовіча “З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў. Гісторыя аднаго падарожжа”. Кніга была напісаная па-ангельску, а пераклад на беларускую мову зрабіла Віялета Кавалёва.

Падчас Другой сусветнай вайны Святаслаў Шабовіч страціў бацькоў, а ў дванаццаць гадоў пакінуў Беларусь, нейкі час жыў у лагерах для перамешчаных асобаў у Германіі, пакуль урэшце не выехаў у ЗША, дзе і асталяваўся.

У прадмове да кнігі даследчыца эміграцыі Наталля Гардзіенка кажа, што да ХХ ст. у беларускім эміграцыязнаўстве пакаленне народжаных у 1930-я заставалася незаўважаным, таму што яго прадстаўнікі пакінулі не так шмат успамінаў. А ўжо ў нашым стагоддзі пакрысе пачалі з’яўляцца мемуарныя тэксты. “І хоць да сёння іх параўнальна няшмат, тым не менш мы можам казаць пра гэтыя ўспаміны як асаблівую з’яву ў эміграцыйнай мемуарыстыцы”, - сцвярджае Наталля Гардзіенка.

Штуршок напісанню ўспамінаў дало падарожжа Святаслава Шабовіча па Еўропе, якое ён здзейсніў у пачатку ХХІ стагоддзя. Тады ж ён наведаў і Беларусь, мясціны свайго дзяцінства. У аўтарскай прадмове Святаслаў Шабовіч кажа: “Як жа балюча мне стала, калі я ўбачыў, што зямля, якая была калісьці ўласнасцю майго таты і месцам майго нараджэння, аказалася глыбока знявечанай… Тады і нарадзілася думка напісаць і апублікаваць гэтыя ўспаміны пра маё дзяцінства, юнацтва і пазнейшы жыццёвы досвед”.

Аўтар кнігі вельмі адкрыта разказвае пра асабістыя перажыванні і назіранні, і таму ягоныя ўспаміны нагадваюць споведзь. Пісаліся яны першапачаткова для сям’і, нашчадкаў, народжаных ужо ў ЗША. Таму ў аповедзе аўтар часам тлумачыць рэчы, звязаныя з рэаліямі беларускага жыцця. Згадкі мінулага нярэдка перагукаюцца з уражаннямі сучаснымі. Ёсць у кнізе і здымкі розных часоў.

У сваім аповедзе Святаслаў Шабовіч згадвае сваё маленства, сям’ю, апісвае малую радзіму і ваенныя падзеі, што пакінулі яго і трох ягоных сясцёр сіротамі. Аўтар дзеліцца ўспамінамі пра ўцёкі на Захад разам з дзядзькавай сям’ёй, тулянне ў паваеннай Еўропе, а таксама расказвае пра прыезд у Амерыку. Аднак амерыканскую частку свайго жыцця ён толькі закранае: згадвае сустрэчу з дзядзькам, які там атабарыўся раней, пераезд да яго, службу ў арміі. Пра гэтую частку жыцця Шабовіча крыху больш згадваецца ў прадмове Наталлі Гардзіенка.

Кнігу ”З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў. Гісторыя аднаго падарожжа“ ужо можна набыць у кнігарнях Мінска: “Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня “логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А),  “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2), “Веды” (вул. К.Маркса, 36), “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19), “Кнігі & кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14), а таксама ў інтэрнэт-краме knihi.by.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”