Літаратура нон-фікшн, у якой сышліся празаічны талент і любоў да гістарычнай дакладнасці, нарэшце займела ў Беларусі асобную ўзнагароду! Прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў уручылі ва ўтульным Cafe Netto. Першым пераможцам стаў пісьменнік і журналіст Сяргей Дубавец.
Ідэя прэміі за непрыдуманую літаратуру – а гэта мемуары, успаміны, дзённікі, эпісталярыя, біяграфіі, падарожныя нататкі і дакументальная проза – узнікла менш як год таму з прапановы беларускай мастачкі Тамары Стагановіч, якая жыве ў ЗША. Такім чынам яна хацела ўшанаваць памяць сваіх бацькоў, якія пакінулі па сабе ўнікальныя мемуары. Ажыццяўляць задуму ўзялася гісторык і даследчыца эмігранцкай спадчыны Наталля Гардзіенка. На прэмію адразу было пададзена каля 50 кніг на беларускай мове – што праўда, для першага разу прымаліся выданні з 2011 па 2014 гады. Журы, у якое ўваходзілі архівісты, бібліятэкары, выдаўцы і літаратуразнаўцы, вылучыла шорт-ліст.
Намінантамі сталі кнігі Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду», Генадзя Кісялёва «Смак Беларушчыны», Барыса Крэпака «Вяртанне імёнаў: нарысы пра мастакоў», Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы. Год незалежнасці вачыма ўдзельніка», Уладзіміра Някляева «Знакі прыпынку», Андрэя Федарэнкі«Сечка» і Сяргея Шапрана «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным».
Хто такія Аляксандр і Марыя Стагановічы?
Яшчэ колькі гадоў таму іх біяграфіі былі мала вядомыя нават навукоўцам. Аляксандр Стагановіч быў беларускім паслом у Польскім сейме ў 1928 годзе ад фракцыі «Змаганне», але гэта працягвалася нядоўга. Ён адмовіўся ад свайго дэпутацтва і ў выніку шэсць гадоў сядзеў у польскай турме за палітычную дзейнасць. Успаміны, якія ён напісаў, якраз пераважна датычаць падзеяў міжваеннага перыяду. Пасля Другой сусветнай вайны Стагановіч апынуўся на эміграцыі спачатку ў Нямеччыне, потым у ЗША. Быў сябрам Прэзідыума Рады БНР, грамадскую дзейнасць працягваў амаль да канца жыцця.
Марыя Стагановіч была клапатлівай жонкай, якая дапамагала мужу, гадавала дзяцей, удзельнічала ў жыцці беларускай эміграцыі ў Амерыцы і якая таксама напісала ўспаміны пра сям’ю, пра тое, як жылося на Наваградчыне за царскім часам, пра сваю вучобу ў Мінску і пра бежанства падчас вайны.
Мемуары Стагановічаў пісаліся не для друку, а хутчэй для сямейнага архіва. Доўгі час яны не былі вядомыя, пакуль іх не заўважыў старшыня БІНІМ Вітаўт Кіпель. «Хоць успаміны пісалі людзі з адной сям’і, але яны вельмі розныя, – распавядае Наталля Гардзіенка. – Згадкі Аляксандра Стагановіча больш палітычна арыентаваныя. А Марыя Стагановіч піша менавіта пра сям’ю, пра звычайную традыцыйную беларускую культуру».
Кнігі Аляксандра і Марыі – «Успаміны пасла» і «Мае ўспаміны» – выйшлі ў серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» выдавецтва «Лімарыус» у 2011 годзе. Яго дырэктарка Марына Шыбко расказала, што серыя папоўнілася ўжо мемуарамі многіх іншых аўтараў, такіх як Яўхім Кіпель, Васіль Стома, Яўстах Янушкевіч, Барыс Данілюк. Але кніга Аляксандра Стагановіча застаецца адной з найпапулярнейшых: “Мы вазілі серыю ў Варшаву на гістарычную выставу, і «Успамінамі пасла» цікавіліся не толькі беларусы, але і палякі».
Публіцыстыка ўмацоўвае правы
Прэмія была падтрыманая некалькімі арганізацыямі, але паколькі яна заснаваная эмігрантамі, то найбольш актыўна да яе далучылася Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Старшыня рады Ніна Шыдлоўская зазначыла, што з’яўленне новай прэміі – падзея ў беларускай літаратуры, бо дакументальны жанр дагэтуль заставаўся без дастатковай увагі грамадскасці: «Бацькаўшчына» не магла застацца ўбаку ад гэтай ідэі, – распавяла яна. – Бо арганізацыя ўсе гады імкнецца не проста вярнуць імёны, падзеі, гісторыю беларусаў замежжа ў інфармацыйна-культурнае поле Беларусі, але такім чынам аб’яднаць раздзеленую межамі беларускую нацыю».
Саюз беларускіх пісьменнікаў – яшчэ адзін важны партнёр прэміі, яго старшыня Барыс Пятровіч таксама казаў пра незаслужаную недаацэненасць публіцыстычных кніг, якія цяпер замацавалі свае пазіцыі, займеўшы ўзнагароду: «Традыцыя савецкага часу, калі давалі прэмію за найлепшую публіцыстыку, да нядаўняга часу была страчаная. А ў Саюз пісьменнікаў найперш праходзілі паэты і празаікі, а не навукоўцы, публіцысты, крытыкі. Дарэчы, з нядаўняга часу у нашым саюзе з’явілася секцыя нон-фікшн дзякуючы ініцыятыве Наталлі Гардзіенка, і шмат людзей, якія працуюць у гэтым жанры, горача яе падтрымалі».
Федарэнка, Кісялёў, Дубавец – першыя лаўрэаты
Прэмію тром лаўрэатам уручалі пары з сяброў журы. Імя Андрэя Федарэнкі, які атрымаў трэцяе месца за кнігу «Сечка», аб’явілі дырэктар «Лімарыуса» Марына Шыбко і загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валер Герасімаў. «Цэнзуры, здаецца, няма ў нашай сённяшняй дзяржаве. Яе няма быццам ні ў якой еўрапейскай дзяржаве, – эмацыйна выказаўся ён, – але з 15 выданняў кароткага спісу я ў бібліятэках знайшоў толькі палову. Таму што значная частка – палітычна арыентаваная літаратура, літаратура нашай моладзі.
Ён дадаў некалькі словаў пра найбольш моцныя, на яго думку, кнігі, якія не ўвайшлі ў шорт-ліст: «Асабіста мяне ўразіў твор Настассі Азаркі «Зона лёну» – гісторыя сучаснай беларускай моладзі-змагара. А яшчэ кнігі Леаніда Лыча пра Магільна падчас Другой сусветнай вайны вачыма гісторыка, а таксама Валера Санько, які прадстаўляе такую трохі андэграўндную літаратуру, але гэта кніга праўды пра Чарнобыль. Выданне Алеся Бяляцкага «Іртутная срэбра жыцця» – гэта ўвогуле зрэз сучаснага грамадства».
За лаўрэата дыплом і статуэтку атрымала ягоная жонка, спадарыня Аліна, якая пасля падзякаў заклікала:«Чытайце Федарэнку!» Кнігу «Сечка», якая выйшла ў выдавецтве «Галіяфы» ў 2012 годзе, склалі літаратурныя мініяцюры – эсэ, абразкі, замалёўкі, нататкі на мяжы прозы і дакументальнага жанру.
Другую ўзнагароду атрымала кніга гістарычных артыкулаў выбітнага архівіста Генадзя Кісялёва «Смак Беларушчыны». Выданне прадставілі паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль і дырэктарка Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка. Яна расказала, што кніга знанага навукоўца была выдадзеная па смерці аўтара, і апошнія акорды выдання рабіла жонка Генадзя Кісялёва Яніна Міхайлаўна ў памяць пра мужа і ягоную вялікую ролю ў беларускай гісторыі.
А найлепшай кнігай стаў зборнік інтэрв’ю «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду», які рабілі Сяргей і Таццяна Дубаўцы ў 2010 годзе для Радыё Свабода. Кніга расказвае пра моладзевае згуртаванне «Майстроўня», у якім пры канцы 1980-х адкрывалі для сябе прыцягальную і сакральную беларушчыну многія вядомыя сёння асобы.
Крытык Ціхан Чарнякевіч, які разам з літаратуразнаўцай Ганнай Кісліцынай выйшаў уручыць прыз пераможцу, зазначыў: «Гэтая кніга пісалася не як зборнік артыкулаў, яна рабілася з пэўнай канцэпцыяй і стварае пэўны міф».
«Я не вельмі разбіраюся ў адрозненні «фікшн» і «нон-фікшн», – сказаў Сяргей Дубавец. – Калі мы ў студэнцтве гадавалі свае мазгі на кнігах Адама Мальдзіса, Генадзя Кісялёва і іншых, нам не прыходзіла ў галаву, што гэта «нон-фікшн», дакументальная літаратура, таму што паўсюль там прысутнічала асоба аўтара і элементы вобразнага пісьма, гэта былі проста выдатныя кнігі. Таму ўсё залежыць ад таго, з якім настроем аўтар сядае пісаць. Калі ён у душы паэт, то і кніга на дакументальным матэрыяле будзе напоўненая вобразнасцю. Галоўнае, кнігі павінныя быць цікавыя».
Кніга пра «Майстроўню» якраз пацвярджае тое, што і ў зборніку інтэрв’ю можа знайсці цуд, як і ў найлепшай прозе.