Часам на Радзіме для рэалізацыі чагосьці не хапае — і беларусы з’язджаюць. З’язджаюць па лепшае жыццё і самарэалізацыю. З’язджаюць, каб дамагчыся поспеху і прызнання ў свеце. Відавочна, такіх менш. Але ў першую чаргу яны ў іншых краінах фармуюць меркаванне пра нас як нацыю. Менавіта пра такіх беларусаў — сумесны праект часопіса “Большой” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!“. Ведаем сваіх, шануем сваіх і ганарымся імі!
Нарадзіўся ў Мінску ў 1935 годзе ў сям’і мастака Абрама Заборава. Мастацкую адукацыю атрымаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, пасля якога паступіў у Ленінградскую акадэмію мастацтваў. У 1961 годзе перавёўся ў Маскву, дзе скончыў інстытут імя Сурыкава. Да эміграцыі шмат працаваў як кніжны графік і дызайнер кнігі. У 1971—1974 гадах праілюстраваныя ім кнігі чатыры гады запар прызнаваліся самымі прыгожымі кнігамі года. З 1980 года жыве і працуе ў Парыжы, прысвяціўшы сябе выключна жывапісу. Падмуркам, на якім мастак пабудаваў сваю творчасць, сталі старыя студыйныя фатаграфіі. За гады жыцця ў Францыі выстаўляўся ў музеях і галерэях Парыжа, Токіа, Германіі, Італіі, Расіі… У 2008 годзе яго карціна папоўніла калекцыю галерэі Уфіцы ў Фларэнцыі.
Пра тое, што ўпершыню за многія дзесяцігоддзі знакамітая скарбніца мастацтваў набыла карціну “сучаснага рускага мастака”, напісалі ўсе расійскія і многія заходнееўрапейскія СМІ. У калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея таксама ёсць адна карціна Заборава, набытая ў мастака і падораная Беларусі французскай асацыяцыяй «One for all Artists». У 2010 годзе ў Мінску прайшла першая і пакуль адзіная выстава мастака на Радзіме.
— ”Калі з’язджаць, то толькі ў Парыж” — казалі вы. І з’ехалі. Чаму Парыж?
— Нягледзячы на ўзрост, жыве ўва мне дзяцінасць. Мне прыемна гэта ўсведамляць. Магу зачаравацца і доўга знаходзіцца ў палоне гэтага зачаравання, заўсёды памятаючы пра жаданы прадмет, і не адступаць у імкненні валодаць ім.
Не памятаю, якім чынам падчас вайны трапіла да мяне ў рукі невялікая калекцыя французскіх марак. Затым занятак жывапісам, які зрабіўся справай жыцця, любоў да французскага мастацтва. З гадамі назапашваліся гуманітарныя веды пра краіну: паэзія, проза, кіно, шансанье… Такім чынам да 45 гадоў склаўся вобраз Францыі, які і падказаў краіну эміграцыі. Калі б я даў сабе клопат азнаёміцца больш сур’ёзна з сучасным жыццём гэтай краіны, магчыма б, уздрыгнуў. “Не ведаючы броду, не лезь у ваду” — не мой прынцып. Рамантычны вобраз Парыжа, які радаваў маё ўяўленне ў дзяцінстве, з апошнім эшалонам сыходзіў у мінулае. Магчыма, у год майго прыезду я паспеў яшчэ ускочыць на падножку яго апошняга вагона.
— Парыж па-ранейшаму Мекка для мастакоў?
— Якая Мекка?! Толькі што шмат мусульман. Але вы ж не пра гэта… Мастацкае жыццё Францыі сёння нават не бледны цень таго, чым было ў пачатку мінулага стагоддзя. У Парыж таго часу імкнуліся ўсе д’Артаньяны “на лоўлю шчасця і чыноў”. Але акрамя іх — пісьменнікі, мастакі з усіх канцоў свету, прывозячы з сабой у багажы самабытную культуру сваёй айчыны. У тым ліку і беларускія мастакі, нікому не патрэбныя ў сябе, зрэшты, як і сёння.
Культурнае жыццё Парыжа вышэйназванага перыяду было перанасычанае багаццем таленавітых людзей. Параўнальнае хіба толькі з Фларэнцыяй эпохі Адраджэння. Гэты час спарадзіў міф, які і сёння жывы, хоць тая рэальнасць незваротна знікла. Роўна як і прыродны характар нацыянальных культур, якія спарадзілі яго.
— Што адбываецца ў мастацтве сёння?
— Наш час у мастацтве варты пагарды. Чалавек выгнаны з яго, абязлічаны да поўнага нішто. А цягам стагоддзяў ён быў цэнтральным аб’ектам вялікага мастацтва. Я нават не кажу пра яго псіхалагічныя прыкметы ў малюнку, але пра дэкаратыўна-пластычныя формы.
Скажам ў егіпецкім мастацтве маляваліся людзі, таксама не надзеленыя індывідуальнымі прыкметамі (акрамя феномену «фаюмскага партрэта»), але якая мастацкая вытанчанасць, гармонія, пластыка, кампазіцыйная дасканаласць. І вось праз тысячагоддзі цяперашнія «творцы» вярнулі чалавека зноў у схему, нікчэмную і убогую. Цікавая, да канца не вывучаная з’ява — старажытнарускае мастацтва, на маю думку, самае высокае з мастацтваў, што калі-небудзь нараджалася ў Расіі. І гэта насуперак надзвычайнай жорсткасці канону.
— Атрымліваецца, што поўная свабода — не заўсёды добра?
— Чым ёсць Свабода, тым больш поўная, разважаць тут не будзем. Але тое, што Яна не ёсць самавольства і ўсёдазволенасць — не сумняваюся (хоць менавіта так яе разумеюць у сучасным свеце мастацтва). Каб стварыць шэдэўры, пра якія я згадаў, творцам было дастаткова ўнутранай свабоды і веры. Кананічныя абмежаванні прымушалі іканапісца засяродзіцца на галоўным — на вобразе і на форме. У жорсткіх рамках нараджалася высокая свабода ўнутранага жыцця.
Было б недаравальным глупствам думаць, што мастака трэба загнаць у межы. Не, вядома! Пытанне ў этычных і маральных якасцях мастака. Свабода не падарунак. Трэба быць вартым, заслужыць яе.
— У вас ёсць разыходжанні ў поглядах з галерэямі і заказчыкамі?
— У мяне няма заказчыкаў, і з галерэямі я ўжо гадоў 15 не працую. Гэтыя гульні разбуральныя для мастака. Але першапачаткова без галерэі я б проста не выжыў. Тыя, з кім я працаваў — мне пашанцавала, — гэта найбуйнейшыя галерэі ў Парыжы. Яны ці прымалі мастака такім, як ён ёсць, ці не. Гэты перыяд быў, і менавіта яго я меў на ўвазе, калі пісаў, што «паспеў скочыць на падножку апошняга вагона». У канцы 90-х усё памянялася. Пасля гэтага я рэзка спыніў працу з галерэямі. Тады лічыў, што зрабіў правільна. Я і цяпер так лічу, проста складаней выжываць.
— А што трэба, каб цябе заўважылі ў Парыжы? Настойлівасць? Грошы? Або досыць проста таленту?
— Ні першае, ні другое, ні трэцяе. Настойлівасць, асабліва прышэльца, у жаданні выскачыць на авансцэну, рассоўваючы іншых, толькі раздражняе. Грошы вельмі вялікія заўважаць, каб абкласці падаткам. Талент у класічным сэнсе слова сёння не патрэбны, наадварот, ён перашкаджае сваёй недарэчнасцю ў «сучасным мастацтве». І слова «паспяховы» з наварускага лексікону мне вельмі не падабаецца.
— Што перашкаджала ў Савецкім Саюзе і што, па-вашаму, перашкаджае творчаму чалавеку цяпер?
— Крывадушная, жорсткая, наскрозь прасякнутая хлуснёй ідэалогія, якая ўрываецца беспакарана і нахабна не толькі ў творчае жыццё, але і ў жыццё прыватнае. Я заўсёды адчуваў яе задушлівую руку на сваім горле. Ратавацца трэба было ўцёкамі. Сёння над мастаком гэты дамоклаў меч не вісіць. Здавалася б… А што мы бачым? Татальнае абязлічванне, кланаванае рукадзелле. Творчы чалавек апынуўся твар да твару са спакусай — камерцыяй, грашыма, публічнымі таргамі. Твар да твару з хлуснёй і ханжаствам ідэолагаў і гандляроў так званым «сучасным мастацтвам». Адна цэнзура змянілася іншай. Паміж молатам таталітарнай ідэалогіі і кавадлам сусветнай камерцыі няма выратавання мастаку. Адзінае месца, дзе ён можа схавацца, — гэта сысці ў сябе ў пошуках сваёй адзінасці, якая ёсць у кожным. Гэта самае цяжкае, але годнае падарожжа для мужчыны.
— Як вы ставіцеся да эміграцыі?
— Эміграцыя — заўсёды шок: магчыма вылечны, магчыма смяротна небяспечны. Зыходзячы з таго, што мова выяўленчага мастацтва — цалкам сабе эсперанта, думаць, што мастак касмапаліт, неразважна. Эміграцыя не заўсёды выбудоўваецца па трагічным сцэнары, а тое, што яна не заўсёды няўдача, бясспрэчна. Прыкладаў таму шмат. Ды і мой выпадак нельга назваць няўдачай.
— Як гэта — жыць без Радзімы?
— Калі вы прамаўляеце слова “Радзіма”, які сэнс укладваеце? Месца, дзе чалавек нарадзіўся, краіну, запісаную ў пашпарце, краіну, у якой ён адбыўся прафесійна і знайшоў сябе як асоба? «Сваю бацькаўшчыну нашу ў сабе», куды б мяне ні закінула жыццё. Адно з самых важных рашэнняў, якое я прыняў у жыцці, — гэта тое, што я эміграваў з краіны свайго нараджэння. У эміграцыі я зрабіў тое, што ніколі б не змог зрабіць у Беларусі, стаў мастаком, з якім вы гутарыце. Але гэта не значыць, што я забыў сваё дзяцінства, і маладосць, і сталасць. У тым жыцці былі незабыўныя шчаслівыя дні, былі драматычныя і трагічныя перыяды. І ўсё разам, якім бы гэта многім ні здалося дзіўным, сілкуе маю творчасць. Чалавек, які страціў памяць, памёр. Самае страшнае, калі чалавеку, які пакінуў сваю краіну, пра яе няма чаго ўспомніць. На шчасце, гэта не мой выпадак.
— Настальгія па мінулым жыцці мучыць?
— Я прывязаны ўспамінамі аб зямлі, дзе нарадзіўся. Але гэта нельга назваць настальгіяй. І да таго ж я здзяйсняю кожны год прагулкі па родных мясцінах… ва ўяўленні. Я стаўлю на мальберт палатно і пішу хлеў, гумно, вясковы дом. Паверце, гэта дзівосныя лекі. А ўвогуле, мая мара — зрабіць аднойчы выставу гэтых, назавем іх умоўна, пейзажаў. Уяўляю гэтую цішыню, спакой. Ніводнага персанажа на палотнах, толькі адрыны-партрэты, якія ўзнікаюць з глыбіні прасторы або якія ў яе ж сыходзяць.
Калі ж і здараюцца прыступы настальгіі, то не па нейкім канкрэтным перыядзе ў жыцці, а — як бы пазбегнуць гучных слоў — настальгіі касмічнай. Па іншым жыцці, якое мроіцца…
— Шагал ўсё жыццё маляваў даваенны Віцебск і не змог прымірыцца з Віцебскам пасляваенным. Што, на вашую думку, страціла Беларусь?
— Не думаю, што Шагал маляваў Віцебск. Хутчэй неба над ім, у якім лунаў, і ўсё, што мроілася яму зверху. Ён пісаў адчуванні, народжаныя вопытам жыцця ў патрыярхальным габрэйскім асяроддзі гэтага горада. Ён страціў ТОЙ горад. Засталася памяць пра яго, якая сілкавала яго мастацтва да канца дзён. І новую рэальнасць ён бачыць не хацеў.
Што б здарылася, калі б Шагал своечасова не з’ехаў у Парыж? Можна не сумнявацца — абсеклі б яму крылы савецкія сатрапы. А ацалеўшы, несумненна, загінуў бы ў газавых печах Асвенцыма або іншага фашысцкага канцлагера.
Што страціла Беларусь? Не лічу магчымым гаварыць пра гэта. Я не жыву там ужо 33 гады.
— Але якой яна вам бачыцца адсюль?
— Калі я думаю пра Беларусь (а не думаць пра яе зусім я не магу), узнікае знаёмы вобраз, што добра ўгняздзіўся ў свядомасці. Толькі з новай постсавецкай прычоскай. Ці да твару яна Беларусі — гэта справа густу. Краіна з аўтарытарнай прэзідэнцкай уладай. Са сцверджаннем заходніх СМІ пра тое, што ў Беларусі дыктатура, пагадзіцца не магу. Я нарадзіўся і жыў пад уладай «пралетарскай дыктатуры». Ведаю, што гэта такое. Траціну дзяржаўнай мяжы Беларусі — з заходнееўрапейскімі дзяржавамі. А прынцып дзяржаўнай улады чыста азіяцкі. А хто на тэрыторыі Расійскай, а затым савецкай імперыі аддаваў сваю аднаасобную ўладу добраахвотна, так бы мовіць, у працэсе свабодных выбараў? Я не ўспомню. Цар Мікалай Другі адрокся — паплаціўся за гэта галавой.
Вядома, чалавеку заходнееўрапейскай цывілізацыі зразумець гэтую форму ўлады немагчыма. Прыходзіць на памяць Блок — «Так, скіфы мы, так, азіяты мы…» Ад польскай мяжы, пачынаючы з Беларусі, уключаючы Расію, гэтая азіяцкая ментальнасць чым далей на ўсход — была і застаецца такой.
У дзяцінстве, юнацтве і ў сталым узросце я аб’ездзіў Беларусь уздоўж і ўпоперак. Бываў у глыбінках, дзе ад вёсачкі ў сем хат да найбліжэйшага паселішча — больш за сто кіламетраў лесу. Сцвярджаю сваім вопытам, што больш гасціннага, міралюбнага, пазбаўленага нацыянальнай нянавісці да іншых і, нарэшце, пазбаўленага вялікадзяржаўнага шавінізму народа не ведаю. Беларусы гістарычна былі сялянамі. Займаліся высакароднай справай — аралі і сеялі, жылі сямейным кланам, то бок самым устойлівым звяном у сацыяльным жыцці чалавека. Так сфармавалася псіхалогія нацыі, тое што вышэй мы называлі ментальнасцю. Сфармавалася гістарычна жыццём у працы на зямлі. Яна адрозная ад рускай.
Наогул, ад апошняй паездкі ў Мінск у мяне засталося ўражанне, быццам улада і народ жывуць як канцэнтрычныя акружнасці, гэта значыць, не перасякаюцца. Народную свядомасць добра ілюструе прыпеўка «З неба зорачка ўпала прама міламу ў штаны, хай бы ўсё там адарвала, абы не было вайны». Хлеб ёсць, ёсць дранікі, ёсць сала, бяспечна хадзіць па вуліцах горада, чыста. «Не ведаючы большага, нам большага не трэба». Жыццё сюррэалістычнае.
— Як вы думаеце, вы б змаглі вярнуцца?
— Вядома ж, не. Тут у Парыжы мой ДОМ, мая сям’я: жонка, дзеці, унукі. Дом, дзе я ўжо больш за трыццаць гадоў стаю ля мальберта, дзе ў цішыні магу аддацца роздуму, дзе на паліцах кнігі, якія можна чытаць і перачытваць. Дом, у які прыходзяць сябры без «суправаджальных асоб». Дом, у якім у навагоднюю ноч не ладзяць ператрус. Ці можа чалавек па добрай волі пакінуць такі дом?
Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы ка