Беларус, дзякуючы якому шмат хто ў свеце даведаўся пра Беларусь, на сваёй Радзіме доўгі час быў амаль невядомы. Сёння імя гэтага выдатнага вучонага, настаўніка, шчырага і адкрытага чалавека, лёс якога адлюстроўвае цэлую эпоху, ведаюць многія. І ў гэтым – вялікая заслуга пісьменніцы і даследчыцы літаратуры Лідзіі Сымонаўны Савік. Барыс Кіт, пра якога ідзе гаворка, не раз у гутарцы з ёй казаў: “Дзякуючы Вам я вярнуўся ў Беларусь”. Напярэдадні 105-гадовага юбілею Барыса Уладзіміравіча Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” распытала Лідзію Савік, як жа адбывалася гэтае вяртанне.
Знаёмства з Барысам Кітам
У пачатку 1990-х гадоў, калі Беларусь неспадзявана атрымала незалежнасць, нас - даследчыкаў літаратуры - дапусцілі да архіваў КДБ: мы вывучалі тыя страшныя архівы і вярталі імёны рэпрэсаваных і расстраляных пісьменнікаў у нашу літаратурную гісторыю. Там я даведалася, што вельмі шмат нашых пісьменнікаў з’ехала пасля вайны ў замежжа і найбольш іх жыве ў ЗША. На той час нават мы, даследчыкі літаратуры, мала што ведалі пра іх – хіба імёны. Таму творчасць замежных пісьменнікаў выклікала вельмі вялікую цікавасць. І ў мяне надарылася магчымасць паехаць у Амерыку: Інстытут літаратуры Акадэміі навук, дзе я працавала, камандзіраваў збіраць матэрыялы пра пісьменнікаў беларускага замежжа, і вынікам стала мая кніга “Пакліканыя”, шэраг нарысаў, артыкулаў аб набытках беларускіх эмігрантаў у культуры, навуцы, гісторыі, мастацтве і грамадскім жыцці.
У ЗША я паехала па выкліку Масея Сяднёва, аднаго з нашых таленавітых пісьменнікаў, які жыў непадалёку ад Нью-Ёрка, у Глен-Кове, і сябраваў з Барысам Кітам. І так здарылася, што калі я прыехала да Масея і спынілася ў яго доме (гэта было якраз перад Новым годам 1992-м), да яго ў госці завітаў Барыс Кіт. Ён ехаў з Канады, дзе яму ўручылі дыплом акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.
У Беларусі яго імя не было шырока вядомае, хаця трошкі мы ўжо пра яго ведалі з публікацый Адама Мальдзіса ды Яўгена Лецкі. А тут я ўпершыню яго пабачыла і пачула! Ён так добра гаварыў па-беларуску! У нас на бацькаўшчыне такой мовы не пачуў бы. Яна была такая мяккая, такая прыгожая, так арганічна лілася з яго вуснаў! Барыс Кіт вельмі мяне зацікавіў і ўражанне было такое, што я гэтага чалавека ўжо вельмі даўно ведаю. З ім было вельмі проста і лёгка, нягледзячы на тое што ён быў вядомым у навуковым свеце вучоным. Масей Сяднёў расказаў яму, што Інстытут літаратуры прыслаў мяне займацца яго творчасцю і дзейнасцю, і Барыс Кіт зацікавіўся. Ужо з’ехаўшы з Глен-Кова, ён тэлефанаваў мне, а потым запрасіў да сябе ў Франкфурт, дзе на той час жыў, каб распавесці пра сваё жыццё.
Жыццё як гісторыя
Ён так цікава расказваў, што я, можна сказаць, нават нічога і не запісвала, а толькі сядзела і слухала. Найперш, сама асоба Барыса Кіта незвычайная. У яго лёсе ўвасабляецца лёс нашай Бацькаўшчыны і падзеі апошняга стагоддзя. А ён жа самы звычайны беларускі хлопец з сялянскай сям’і. Яго бацька з вёскі пад Карэлічамі - цяпер гэта адна з карэліцкіх вуліц - паехаў на заробкі, як многія беларусы ў тыя часы, у Пецярбург, дзе Барыс Кіт і нарадзіўся. Але ўжо ў 1918 годзе сям’я вярнулася на малую радзіму, бо пачалася рэвалюцыя, грамадзянская вайна, было вельмі цяжкае становішча.
Тут Кіт пасля заканчэння школы ў Карэлічах пайшоў вучыцца ў Наваградскую беларускую гімназію. Гэта было трошкі далекавата ад Агароднікаў, дзе жыла сям’я, але бацька адвёз яго ў гэтую гімназію і сказаў: ну, сын, вучыся, бо я табе асабліва нічым дапамагчы не магу. Бо чым мог звычайны селянін дапамагчы? І вось з гэтага часу і пачалося станаўленне Барыса Кіта як асобы, якую мы цяпер ведаем. Скончыўшы Наваградскую гімназію, ён паступіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе скончыў фізіка-матэматычны факультэт, потым працаваў у Віленскай беларускай гімназіі выкладчыкам матэматыкі, потым узначальваў гэтую гімназію. Калі Заходняя Беларусь апынулася пад уладай Польшчы, палякі пачалі закрываць беларускія гімназіі. У сувязі з перадачай Віленскага краю Літве Кіт перавёз Віленскую беларускую гімназію ў Наваградскую, потым - наадварот, каб захаваць навучанне дзяцей па-беларуску.
Ён увесь час клапаціўся пра навучанне нашых дзяцей на беларускім грунце, на беларускай гісторыі. Ужо перад самай вайной яго прызначылі інспектарам школ па Баранавіцкай акрузе. І на той час Барыс Кіт ужо паспеў адкрыць шмат беларускіх школак. І пазней, у час вайны, ён працягваў працаваць настаўнікам. У Маладзечне ён адкрыў адміністрацыйна-гандлёвы тэхнікум, дзе вучыў беларускіх юнакоў і дзяўчат і тым самым выратоўваў іх ад угону ў Германію, бо калі яны вучыліся, іх немцы не чапалі. Прычым вучыў дзяцей па інстытуцкай праграме.
Барыс Кіт увесь час займаўся беларускімі справамі, вучыў дзяцей і ніякім чынам не супрацоўнічаў з немцамі. Пазней, калі пасля 50-ці гадоў пражывання за мяжой ён вярнуўся на радзіму і ў нас была з ім сустрэча ў Маладзечне, то і настаўнікі, і яго былыя вучні ўспаміналі, як ён навучаў дзяцей беларускай гісторыі, беларускай песні, арганізоўваў беларускі аркестр, - нідзе не было ўпамінанняў ні пра Гітлера, ні пра Сталіна. Але па савецкіх законах усе тыя, хто працавалі ў школе настаўнікамі падчас акупацыі, лічыліся калабарантамі, здраднікамі, нібыта яны супрацоўнічалі з немцамі.
Шмат нашых людзей, у тым ліку пісьменнікаў, якія трапілі ў 1930-я гады ў ГУЛаг і пасля выйшлі на волю з розных прычынаў, у прыватнасці Арсеннева, і той жа Сяднёў, і Антон Адамовіч, і многія іншыя, таксама працавалі падчас вайны на карысць беларускай нацыянальнай ідэі, працавалі пад сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі, імкнуліся нейкім чынам усё-ткі дабіцца незалежнасці Беларусі. Яны добра ўсведамлялі, што з імі будзе, калі вернецца савецкая ўлада, і таму вымушаныя былі пайсці ў эміграцыю, каб не апынуцца зноў у савецкім ГУЛагу.
Кіту ж за ягоную беларускую ідэйнасць ужо давялося пасядзець і ў польскай турме, і ў нямецкай, не хапала трапіць яшчэ і ў ГУЛаг… І ён таксама пайшоў у выгнанне. Вялікая колькасць беларусаў эмігравала. Кіт адзін з першых з беларусаў змог трапіць у ЗША. Ён з маленькім сынам і жонкай пераехаў у Саўт-Рывер і заснаваў там беларускую калонію. У яго доме быў перавалачны пункт беларусаў, якія з лагераў для перамешчаных асобаў у Германіі пераязджалі ў ЗША. Ён слаў ім запрашэнні, сустракаў іх і дапамагаў ім вырашаць пытанні з жыллём і з працай.
У ЗША сам ён пачынаў працаваць на фармацэўтычнай фірме, бо быў выдатным і хімікам, і фізікам, і матэматыкам. А потым ужо з Саўт-Рывера ён з сям’ёй пераехаў у Лос-Анджэлес, і там пры дапамозе польскіх і ўкраінскіх знаёмых уладкаваўся ў фірму, якая займалася касмічнымі даследаваннямі. Там ён прапрацаваў больш за 25 гадоў, стаўшы адным з вынаходнікаў касмічнага паліва. І я памятаю, як на святкаванні ягонага 90-годдзя тагачасны амерыканскі амбасадар Джордж Кроўл у выступе сказаў, што Амерыка вельмі ўдзячная амерыканскаму беларусу за тое, што ён дапамог амерыканцам паляцець на Месяц. Барыс Кіт матэматычна разлічваў гэтую траекторыю.
Не пісаць пра яго немагчыма!
Пра ўсё гэта мне Кіт пачаў расказваць, калі я апынулася ў яго ў Франкфурце-на-Майне. І хаця я займалася даследаваннямі літаратуры, перада мной апынуўся такі незвычайны беларус, незвычайны чалавек, што не напісаць пра яго я проста не магла. Вярнуўшыся, я пачала пісаць нарысы, якія змяшчаліся ў газеце “Голас Радзімы”, і ён атрымліваў гэтую газету. З гэтых нарысаў у мяне атрымалася кніжка “Вяртанне”.
А потым мне давялося другі раз да яго паехаць. Мы ездзілі з ім у Ляймен, гэта недалёка ад Гайдэльберга. Там быў наш беларускі музей, які арганізаваў у сваёй кватэры наш выдатны пісьменнік Юрый Попка (Жывіца). Там былі і нацыянальнае наша адзенне, і выданні, што друкавала наша эміграцыя - самыя розныя матэрыялы пра жыццё беларускай дыяспары. На жаль, Юрый Попка памёр, і музея больш няма. Улады Ляймена прасілі, каб беларусы або забралі музей да сябе, або прыслалі чалавека, які б працаваў у гэтым музеі, але нічога гэтага не адбылося…
Заўжды, калі я прыязджала ў Франкфурт да Барыса Кіта, ён мяне вазіў па ўсіх славутых мясцінах, замках Германіі. Вельмі цікавыя былі паездкі, я яму за гэта вельмі ўдзячная.
У мой другі візіт Барыс Кіт перадаў свой архіў у Наваградскі краязнаўчы музей, я атрымала больш матэрыялаў па яго жыцці і да яго 85-годдзя выдала ўжо больш-менш фундаментальную кнігу “Космас беларуса”. Потым былі і іншыя выданні.
У Барыса Уладзіміравіча неверагодная памяць. Калі ён мне звоніць ці я яму званю, ён можа пералічыць усе імёны, перадаць усім прывітанні. І даўнія падзеі ён памятае вельмі добра і цікава апавядае. Сам сябе ён не раз называў “хадзячым сведкам ХХ стагоддзя”. Таму яго расказы, безумоўна, - важная крыніца ведаў. Гэтыя расказы я супастаўляла з гісторыяй Заходняй Беларусі таго часу, калі ён там працаваў. Шмат інфармацыі было з яго ўласных архіваў. Многае можна было прасачыць па лёсах тых людзей, што побач з ім працавалі, сябравалі з ім, былі яго вучнямі, і я магла звяраць яго сведчанні з іхнымі, супастаўляць з гістарычнымі матэрыяламі.
Калі я ўпершыню знаёмілася з яго жыццём, мяне найбольш уразіла яго беларуская дзейнасць падчас вайны, тое, што ён, скончыўшы Віленскі ўніверсітэт, найперш выбраў для сябе працу настаўніка. Колькі мы з ім ні гаварылі, ён заўсёды згадваў, што прафесія настаўніка для яго самая галоўная. Пра многіх славутых вучоных свету ён мог сказаць - гэта быў мой вучань! І вельмі важна, што ён столькі зрабіў!
Мяне асабліва ўражвала гэтая яго прастата, абаяльнасць, даступнасць - ні з кім сярод знаёмых я сябе так вольна, спакойна не адчувала. З ім можна гаварыць пра ўсё! Ён столькі ведае пра славутых вучоных, з якімі разам працаваў у Амерыцы. Ён быў абраны ганаровым акадэмікам шэрагу еўрапейскіх акадэмій, уваходзіць у многія навуковыя таварыствы, яго ведалі і ведаюць многія еўрапейскія вучоныя.
З кожным чалавекам ён знаходзіў агульную мову: і людзям было цікава з ім, і яму з імі. Яго чалавечнасць, глыбокая інтэлігентнасць, адукаванасць - гэта асабліва прыцягвала да яго людзей. Барыс Кіт вельмі дасведчаны ў гісторыі - не толькі Беларусі, але і гісторыі свету: ён жа аб’ездзіў увесь божы свет - Індыю, Японію, не гаворачы пра Амерыку ці Еўропу. Адзінае, што яму не дазвалялі прыязджаць у Беларусь усе гэтыя 50 гадоў…
Гэта незвычайная асоба не толькі як беларус, але як чалавек свету, грамадзянін свету. Валодаючы рознымі мовамі, ён адчуваў сябе дома паўсюль. Маштаб, значнасць гэтай асобы адчувалі ўсе. У яго лёсе адлюстравалася ўся наша беларуская гісторыя. Гэтым ён прывабіў мяне і іншых, што пісалі пра яго. Беларускія пісьменнікі, паэты прысвяцілі яму свае творы: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Сяргей Законнікаў, Вольга Іпатава, многія іншыя… Шмат хто да яго прызджаў, і ён вельмі гасцінна ўсіх сустракаў, заўсёды з вялікай радасцю.
Вяртанне праз паўстагоддзя
Калі ўлада перамянілася і Беларусь быццам стала незалежная, нашы беларусы-эмігранты ўрэшце асмеліліся прыязджаць дамоў. Амаль 50 гадоў яны баяліся нават трымаць сувязь, перапісвацца са сваімі сваякамі, якія тут жылі, таму што быў пераслед. Барыс Кіт тады прыехаў упершыню пасля 50 гадоў адсутнасці на Бацькаўшчыне, і ў Маладзечна была з ім вельмі кранальная сустрэча. Тады быў жывы яшчэ наш выдатны вучоны, краязнавец Генадзь Каханоўскі, былі жывыя яго вучні мастак Кастусь Харашэвіч, прафесар медыцыны Пётр Маркавіч Кузюковіч… Многія яго вучні з Паставаў, з Маладзечна сабраліся на сустрэчу са сваім настаўнікам. Упершыню за доўгі час ён нарэшце змог пабачыцца з імі.
Калі Барыс Кіт прыязджаў першы раз у Беларусь, у яго была ідэя стварыць беларускі ўніверсітэт па прыкладзе еўрапейскіх, з філіяламі ва ўсіх больш-менш буйных гарадах Беларусі. Ён са сваім адвакатам пачаў рассылаць у самыя багатыя фундацыі Еўропы і Амерыкі просьбы дапамагчы ў адкрыцці такога нацыянальнага ўніверсітэта. Разаслалі такіх просьбаў вельмі многа, і ўсё б, напэўна, атрымалася, але для Беларусі настаў іншы час, і ўмовы былі неспрыяльныя.
Другі раз Барыс Кіт прыязджаў на пасяджэнне Міжнароднай акадэміі навук і мастацтваў Еўразіі - ён быў яе віцэ-прэзідэнтам. Тады яго прымала “Бацькаўшчына”, Акадэмія навук Беларусі, ён сустрэўся з братам і сястрой, з многімі былымі вучнямі.
Ад юбілею да юбілею
Мы адзначалі яго 90-годдзе выданнем юбілейнага альбома, які змяшчаў шмат вельмі добрых і рэдкіх здымкаў. Прадмову напісаў Васіль Быкаў, ёсць у альбоме вершы Вольгі Іпатавай, Рыгора Барадуліна. Да 95-годдзя выйшла кніга “Грамадзянін свету”, для якой я збірала матэрыялы. Гэта ўспаміны пра Барыса Кіта славутых вучоных з усяго свету, што з ім сустракаліся. Вельмі шмат яны гаварылі пра тое, колькі зрабіў Барыс Кіт для навукі, але самае галоўнае, што ён праславіў Беларусь, бо ўсе ведалі, што ён, славуты вучоны, з Беларусі. Дасканала валодаючы англійскай, нямецкай, французскай, рускай мовамі, ён выдатна валодаў беларускай і ў Беларусі размаўляў толькі на ёй.
Ёсць у гэтай кнізе і вельмі цікавыя ўспаміны самога Кіта, запісаныя Васілём Быкавым - таксама, можна сказаць, грамадзянінам свету. Яны жылі з Ірынай Міхайлаўнай цэлы год у Франкфурце і амаль штодня сустракаліся з Барысам Уладзіміравічам. Васіль Быкаў вельмі высока цаніў Барыса Кіта, падарыў яму кніжкі з кранальнымі надпісамі…
Стагоддзе Барыса Кіта мы адзначалі шырока, Згуртаванне “Бацькаўшчына” арганізавала вялікую вечарыну і сумесна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў выдала кнігу “Зорны шлях”, я яе ўкладала, пісала прадмову. А самае галоўнае, што да гэтага юбілею нам з Вольгай Іпатавай удалося ў яго школе ў Наваградку адкрыць невялічкі музей Барыса Кіта. Калісьці гэта была беларуская гімназія, якую ён будаваў разам з бацькамі сваіх вучняў, ён быў там выкладчыкам матэматыкі і дырэктарам. Яшчэ раней на гэтым будынку ўлады Наваградка з нашай ініцыятывы адкрылі мемарыяльную дошку, прысвечаную Барысу Кіту.
Цяпер Кіту ўжо 105 гадоў, ён жыве па-ранейшаму ў Франкфурце-на-Майне. Нядаўна малодшы сын Віктар, прафесар і вядомы хірург, прыязджаў яго адведаць. На вялікі жаль, старэйшы сын ужо памёр… (Нарадзіўся 4 лістапада 1941 года на Беларусі, памёр 4 лістапада 2009 года ў Вашынгтоне. Ён доктар навук, займаў высокую пасаду ў НАСА).
Барыс Кіт – асоба сусветная, грамадзянін свету, яго ведаюць у шмат якіх краінах і паўсюль ён заяўляў пра сябе як пра беларуса. Ён для ўсіх прыклад: як кожнаму з нас трэба самому сябе ствараць, найперш як асобу, сцвярджаць сябе як чалавека. І таму дзякаваць Богу, што яму ўжо 105 гадоў, што ён жывы і яшчэ поўны сілы, энергіі, выдатнай памяці. Дзякуй Богу, што ў нас атрымалася вярнуць яго імя на Радзіму!
Гутарыла Алеся Башарымава, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”