Віншуем з Днём Волі!

Шаноўныя сябры-беларусы!

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе вас з нашым гістарычным нацыянальным святам – Днём Волі!

Штогод гэты знакавы дзень адзначаюць у Беларусі і ў іншых краінах свету ўсе, хто шануе памяць пра гістарычныя падзеі беларускага народу і ўсведамляе іх важнасць для нашай будучыні.

97 гадоў таму краіна Беларусь сцвердзіла сваю незалежнасць як Беларуская Народная Рэспубліка з дэмакратычнымі каштоўнасцямі і прадэманстравала волю беларусаў да самастойнага і свабоднага жыцця. Менавіта дзякуючы гэтай волі і гэтаму досведу пасля сямі дзесяцігоддзяў Беларусь змагла стаць суверэннай дзяржавай.

У сённяшні неспакойны час нам як ніколі важна дбаць пра захаванне суверэнітэту і незалежнасці - найважнейшых каштоўнасцяў, якія нас яднаюць.

Заклікаем усіх годна адзначыць Дзень Волі, аддаўшы даніну павагі ўсім, хто змагаўся за незалежнасць Беларусі і працаваў дзеля свабоды свайго народу. Гэтую справу працягваць нам разам! Таму зычым усім быць салідарнымі і моцнымі, не страчваць веры і разважлівасці, і няхай нашыя супольныя высілкі вядуць да таго, каб мы заўжды жылі ў згодзе ў незалежнай суверэннай Беларусі!

Будзьма разам! Жыве Беларусь!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”