Дызайнеры фестывалю Post Scriptum атрымалі адказ на свае паштоўкі

Цэлы вялікі фестываль у падтрымку адной маленькай рэчы, якая сёння паступова знікае з нашага ўжытку, зладзіў Беларускі саюз дызайнераў сумесна з кампаніяй “Будзьма беларусамі!”. Пра беларускую паштоўку тут можна было даведацца практычна ўсё, пабачыць розныя яе ўзоры ды навучыцца маляваць уласнаручна на разнастайных майстар-класах. А 7 сакавіка ў Музеі гісторыі беларускага кіно назвалі найлепшых дызайнераў паштовак, якія даслалі свае працы на конкурс.

Журы конкурсу ў літаральным сэнсе стала адрасатам каля 200 паштовак ад блізу 40 аўтараў розных пакаленняў. Сярод іх маладыя дызайнеры, якія і раней працавалі ў гэтым жанры, як, напрыклад, Дар’я Мандзік ці Воля Кузьміч, і мэтры, як Міхал Анемпадыстаў, і навічкі, якія толькі зрабілі першыя напрацоўкі, што яшчэ не маюць друкаванага ўвасаблення.

http://budzma.by/wp-content/gallery/pashtowki/yyd_0048.jpg

На конкурс прыйшла нават серыя паштовак аўтара, якога ўжо няма з намі: “Працы мастака Кузняцова даслала яго дачка, – кажа куратар фестывалю Post Scriptum Ягор Сурскі. – Ён зрабіў такую серыю помнікаў архітэктуры БССР у 1957 годзе, і гэтая серыя таксама ёсць у экспазіцыі, мы вырашылі яе ўключыць, хоць аўтара ўжо няма ў гэтым свеце. Гэтыя паштоўкі па-свойму адметныя, яны нават гістарычную цікавасць уяўляюць”.

Пісьменнік Міхаіл Валодзін, аўтар “Мінскіх гісторыек”, які быў сябрам журы, сказаў, што найбольш звяртаў увагу на гарадскія і этнаграфічныя паштоўкі, але яны падаліся яму горшымі за астатнія працы: “Будзем чакаць, калі хтосьці зірне і на горад, і на этнаграфію інакш, не так кандова. А спадабаліся мне паштоўкі, якія перадаюць нейкае цяпло, стасункі паміж людзьмі”. Ён таксама расказаў, што сам апошні раз паштоўку атрымліваў недзе 24 гады таму, і лічыць, што сёння віншавальную функцыю амаль цалкам узяў на сябе інтэрнэт, але надалей паштоўка будзе развівацца як асобная частка дызайнерскага мастацтва.

Ягор Сурскі кажа, што дызайнеры сёння часцей за ўсё ствараюць паштоўкі не ў спадзеве знайсці замоўцу для такой камерцыйна не надта выгаднай справы, а проста з уласнага жадання працягнуць традыцыю, перадаць пачуцці, падарыць людзям свята: “У нас на выставе вельмі шмат паштовак, выкананых у тэхніцы этагамі, якая спрыяе іх адраджэнню, бо ў Японіі людзі лічаць, што лепш зрабіць паштоўку самім, чым набываць”.

http://budzma.by/wp-content/gallery/pashtowki/yyd_0102.jpg

Зрэшты, у некаторых пераможцаў конкурсу з’явіцца магчымасць пабачыць свае працы ў дзеянні. Кампанія “Будзьма беларусамі!”, якая падтрымала фестываль, абрала трох найлепшых аўтараў. Яны атрымалі ў падарунак кнігі і, галоўнае, магчымасць у будучыні рэалізаваць свае праекты. Алена Макоўская, каардынатарка кампаніі, сказала: “Першы фестываль беларускай паштоўкі – гэта сапраўды з’ява і вельмі годны пачатак. Беларуская паштоўка жыве, і выстава яскрава гэта дэманструе”.

Увогуле ж журы вызначыла цэлы спіс аўтараў, паштоўкі якіх выклікалі сімпатыі. Усе яны атрымалі гадавы абанемент на бясплатнае наведванне Нацыянальнага гістарычнага музея. Глядацкія ж сэрцы растапіла паштоўка Волі Кузьміч з маляваным катом у швэдры.

http://budzma.by/wp-content/gallery/pashtowki/yyd_0132.jpg

Гэты выбар цалкам пацвярджаюць разважанні Ягора Сурскага наконт адрознення паштоўкі ад іншых відаў дызайну:

“Напэўна, у паштоўцы ёсць збліжэнне і з графікай, і з плакатам, але трэба ўлічваць яе функцыю. Спачатку яна была інфарматыўная, а цяпер больш віншавальная. І ў сувязі з такім настроем абіраецца вельмі цёплы малюнак, сімвал. Можа, з мастацкага пункту гледжання гэта і не зусім правільна, але як такую рысу гэтага жанру я б назваў аўтарскую цеплыню”. 

Дызайнераў, здольных на цеплыню, павіншаваў гурт “Рэха”, пад які ліха скакаў пісьменнік Сяргей Вераціла.

Аляксандра Дорская, фота – Яўген Ерчак


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение