Ад рускамоўнага 8-класніка да народнага паэта

Да 80-годдзя Рыгора Барадуліна супольнымі высілкамі Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Саюза беларускіх пісьменнікаў і пры дапамозе кіраўніка дабрачыннага фонду "Этнічны голас Амерыкі" Ірэны Каляды-Смірновай пабачыла свет унікальнае выданне – першы том дзённікаў і запісаў народнага паэта Беларусі.

Акрамя запісаў з нататнікаў і дзённікаў перыяду 1951—1969 гадоў у кнігу ўвайшлі вершы, якія не друкаваліся ў ранейшых зборніках, сяброўскія эпіграмы, віншаванні, дарчыя надпісы, а таксама малюнкі і аўтографы сяброў і знаёмых паэта.

Укладальніца “Дзённікаў” Наталля Давыдзенка, якой яшчэ пры жыцці Рыгор Іванавіч даверыў спарадкаваць яго запісы для перадачы на захаванне ў архіў, расказала, як апрацоўвала кожны нататнічак у пошуках унікальных словаў і мімалётных рыфмаў, з якіх потым нараджаліся папулярныя сёння вершы і паэмы. Праца Наталлі Давыдзенка ўжо ўвасобілася ў такіх выданнях, як “Вушацкі словазбор”, кніга ліставання Рыгора Барадуліна з маці “Паслаў бы табе душу…” і іншых. Але штуршком для стварэння “Дзённікаў і запісаў” стаў такі цікавы выпадак:

— Аднойчы Рыгор Іванавіч і Валянціна Міхайлаўна запрасілі мяне ў госці ва Ушачы, — кажа ўкладальніца кнігі. — Я прафесійным вокам пачала аглядаць усе нататнікі, кнігі і запісы Барадуліна, якія захоўваліся там. І сярод папер знайшла дзіцячы дзённік, які і распачынае новую кнігу! Гэтыя вельмі мілыя запісы рускамоўнага хлопчыка — 8-класніка. Калі чытаеш іх, складана ўявіць, што праз дзясяткі гадоў з яго вырасце народны паэт Беларусі.

Наталля Давыдзенка згадвае, што падчас працы (а збор нататак ішоў пад пільнай увагай самога Барадуліна) яны шмат смяяліся, а Рыгор Іванавіч часта сумняваўся, ці сапраўды камусьці гэта будзе цікава. А як жа іначай! “Дзённікі і запісы” — гэта і нататкі падлетка пра настаўніцу нямецкай мовы —“весьма умную добродушную старушку”, адзнакі па беларускай мове — “раздавали диктовки по белорусскому языку. Получил 5.” А таксама ўспаміны пра паездкі ў Латвію, Узбекістан, Хакасію.

Выданне аздобленае падрабязнымі каментарамі, якія цудоўна ілюструюць і тлумачаць нам той час. Гэта ператварае “Дзённікі” ў цікавую крыніцу не толькі для аматараў творчасці Рыгора Барадуліна і даследчыкаў-літаратуразнаўцаў, але і для прафесійных гісторыкаў.

Прэзентацыя “Дзённікаў і запісаў” адбудзецца падчас вечарыны з нагоды юбілею Рыгора Барадуліна, якая адбудзецца 27 лютага ў Палацы мастацтваў.

Набыць першы выпуск “Дзённікаў і запісаў (1951—1969 гг.)” неўзабаве можна будзе ў наступныхсталічных кнігарнях:

“Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72); “Кнігарня логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А); “Кніжны салон” (вул. Калініна, 5); “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2); “Веды” (вул. К.Маркса, 36); “Светач” (пр-т Пераможцаў, 11); “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19); “Кнігі & кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14); Кніжная выстава-кірмаш “Мир книг” (вул. Янкі Купалы, 27); “Эўрыка” (вул. Куйбышава, 75)

І ў інтэрнэт-крамах knihi.by і prastora.by.

Кніга “Дзённікі і запісы (1951—1959)” выйшла намаганнямі МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у выдавецтве “Кнігазбор” у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” (“Людзі Беларусі”). Дапамогу ў выданні кнігі аказала кіраўнік фонду "Этнічны голас Амерыкі" Ірэна Каляда-Смірнова.

Звяртаем увагу! Да гадавіны смерці народнага паэта на магіле Рыгора Барадуліна ў родных Ушачах на Віцебшчыне плануецца паставіць помнік. ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” лічаць, што годна ўвекавечыць памяць — справа гонару ўсіх беларусаў, і звяртаюцца да кожнага, хто шануе памяць пра славутага беларускага песняра, выказаць яму сваю любоў і пашану, зрабіўшы свой унёсак на выраб і ўсталяванне помніка. Як далучыцца да годнай справы – чытайце ТУТ.

Фота - baradulin.by