Збор выбраных твораў айца Аляксандра Надсана прэзентавалі ў Мінску. Імпрэза адбылася 23 кастрычніка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Выданне, якое ўклала Ірына Багдановіч, выйшла ў серыі “Беларускі кнігазбор” і ўключыла ў сябе найважнейшыя творы айца Аляксандра, Ганаровага сябра Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў у замежжы і кіраўніка знакамітай беларускай бібліятэкі імя Францыска Скарыны, што ў Лондане.
Спецыяльна да гэтай падзеі Бібліятэка імя Якуба Коласа арганізавала выставу “Слухай, неба, і пачуй, зямля”. Як зазначыла малодшы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Вольга Губанава, якая працавала над выставай, на ёй прадстаўленая толькі невялічкая частка плёну і творчай працы айца Аляксандра. Тым не менш, нават яна дазваляе ўбачыць, наколькі шматгранны талент гэтага чалавека, наколькі шырокае кола яго інтарэсаў. “На выставе мы прадставілі матэрыялы, якія ў большасці выйшлі за межамі Беларусі, – зазначыла спадарыня Вольга. – У нашых фондах, на жаль, не так шмат асобнікаў гэтых твораў, і мы імкнуліся ўсё, што ў нас было, паказаць на гэтай выставе”.
Дарэчы, у кастрычніку 2010 года ў той самай зале навуковай бібліятэкі адбылася прэзентацыя іншай кнігі Аляксандра Надсана – “Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца”. Імпрэза была прысвечана 80-годдзю айца Аляксандра і 50-годдзю яго святарства, і сам айцец Аляксандр браў у ёй удзел. І хоць на цяперашнюю імпрэзу ён завітаць з далёкага краю не мог, было поўнае адчуванне прысутнасці спадара Надсана: столькі цёплых і шчырых словаў на яго адрас гучала ў гэты вечар.
Архімандрыт, апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі айцец Сяргей Гаек, які выступаў першым, вызначыў выданне гэтай кнігі як подзвіг жыцця і творчасці айца Аляксандра, подзвіг для ўсяго беларускага народа і ў Беларусі, і ў замежжы. Айцец Сяргей дабраславіў прысутных, што сабраліся на імпрэзу, і ўсе разам прачыталі малітву “Уладару нябесны” ў перакладзе айца Надсана. Айцец Сяргей адзначыў: “Гэтая кніга сапраўды будзе для нас чымсьці каштоўным, што мы ўспрымем не толькі як запавет, але і як нейкую крыніцу нашай любові да жыцця, Бацькаўшчыны, адзін да аднаго”.
Ганаровы старшыня міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Адам Мальдзіс згадаў сустрэчу ў Лондане з айцом Надсанам, якога ён называе вельмі разумным, міралюбівым, абачлівым чалавекам і перакананым, шчырым беларусам.
А былы Міністр замежных спраў і дыпламат Пятро Краўчанка пачаў з гісторыі, якую яму некалі расказаў айцец Аляксандр. Гадоў 20 таму, калі айцец Аляксандр прыехаў у Мінск, да яго падбеглі дзве дзяўчынкі і пацікавіліся: “Дедушка, а вы не скажете, как пройти на Октябрьскую площадь?” Айцец Аляксандр вельмі спакойна, лагодна, з усмешкай адказаў ім: “Прабачце, я не мясцовы, я з Лондана”. Гэта настолькі ўразіла і прысароміла дзяўчат, што тыя пачалі спрабаваць задаць пытанне на беларускай мове. “Калі я хачу некага з моладзі прымусіць задумацца, чаму нашая нацыя не карыстаецца роднаю моваю, я заўсёды расказваю гэтую гісторыю”, – падзяліўся з прысутнымі спадар Пятро.
Упершыню з айцом Надсанам Пятро Краўчанка сустрэўся ў 1993 годзе падчас першага і адзінага да таго часу візіту беларускага міністра замежных спраў у Вялікабрытанію: сярод асноўных мерапрыемстваў, акрамя сустрэчы з каралевай, перамоваў з бізнесоўцамі, было і наведанне бібліятэкі Францыска Скарыны. А пасля той сустрэчы Пятро Краўчанка яшчэ не раз бачыўся з айцом Аляксандрам. З асаблівай удзячнасцю ён згадаў, як у цяжкі для сябе час, калі ён у 1996 годзе, прыехаўшы ў Лондан за свае грошы, каб прадстаўляць апазіцыйны парламент на Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, не меў дзе жыць, айцец Аляксандр на тыдзень прытуліў яго ў сябе.
Завяршыў выступ спадар Пятро радкамі яго любімай паэткі Ларысы Геніюш, якія ён назваў “эпіграфам да бясконцага жыцця айца Аляксандра”:
Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць – дык жыць для Беларусі,
а без яе – зусім не жыць.
Галоўны рэдактар выдавецтва “Кнігазбор” Кастусь Цвірка, расказваючы пра выданне, адзначыў, як важнае тое, што Ірына Багдановіч працавала над кнігай апантана і захоплена. Гэта ўжо трэцяя кніга, якую яна падрыхтавала для “Беларускага кнігазбору”. Усе яны былі прысвечаныя беларускім святарам. Таксама спадар Кастусь прыадкрыў таямніцу: цяпер Ірына Эрнстаўна рыхтуе чацвёртую кнігу – збор твораў Льва Гарошкі. “Можна сказаць, мы вяртаем духоўнасць у Беларусь, тую духоўнасць, якую чамусьці не давалі нам тут, у Беларусі, – сказаў Кастусь Цвірка. – Я думаю, што мы і далей будзем працаваць у гэтым кірунку, выдаючы дзеячаў нашай культуры і літаратуры. У нас запланавана 200 тамоў “Беларускага кнігазбору”. Гэта будзе сапраўдны падмурак нашай культуры і літаратуры, нашай гісторыі, і мы ўдзячныя тым людзям, якія ўкладаюць гэтыя кнігі, рыхтуюць іх да друку”.
Аўтар выдатнай прадмовы да кнігі прафесар Лідзія Савік звярнула ўвагу прысутных, што менавіта айцец Аляксандр падштурхнуў яе і іншых даследчыкаў беларускай літаратуры заняцца беларускімі творцамі-эмігрантамі, падказаў кантакты многіх з іх. А потым, калі Лідзія Савік трапіла ў Скарынаўскую бібліятэку, яна з вялікай цікавасцю ўзялася пераглядаць эмігранцкую літаратуру. Яна згадала, што шмат кніг было такіх, якіх тут не знойдзеш. Надсан ехаў куды заўгодна, калі адчуваў, што там можна знайсці нейкую цікавую, унікальную беларускую кнігу. Шмат у фондах бібліятэкі рукапісаў беларускіх пісьменнікаў-класікаў – да прыкладу, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага. Многія пісьменнікі замежжа свае архівы перадавалі менавіта ў Скарынаўскую бібліятэку айцу Аляксандру Надсану, бо былі ўпэўненыя, што там усё захаваецца. А адзін пакой бібліятэкі аж да столі быў загружаны неразабранымі часопісамі. Лідзія Сымонаўна заўважыла, як яшчэ тады айцец Аляксандр гаварыў, што яму патрэбны бібліятэкар.
А напрыканцы прамовы спадарыня Савік заклікала сваю калегу Ірыну Багдановіч падумаць над тым, каб напісаць кнігу пра айца Аляксандра. Ірына Эрнстаўна пагадзілася, што такое выданне неабходнае, і падзялілася з усімі, што напярэдадні імпрэзы званіла айцу Аляксандру ў Лондан, каб паведаміць пра прэзентацыю. Гэтая навіна яго ўсцешыла, і ён прасіў перадаць усім, хто прыйдзе, падзяку і дабраславенне.
Спадарыня Ірына расказала пра шлях, які прывёў яе да гэтай кнігі. Пачалося ўсё з працы над вялікім праектам, задуманым Адамам Мальдзісам: над біябібліяграфіячным слоўнікам беларускіх пісьменнікаў. У кола персаналій, пра якіх выпала напісаць Ірыне Багдановіч, уваходзілі беларускія святары. “Калі я збірала матэрыялы пра Казіміра Сваяка, ён ужо стаў маім духоўным бацькам, блізкім сябрам, хоць і адышоў даўно з жыцця”, – прызналася яна. Ірына Эрнстаўна назбірала шмат матэрыялаў пра гэтага беларускага святара яшчэ ў пачатку 1990-х, але тады не была духоўна гатовая скласці яго кнігу. Прайшло амаль 20 гадоў, пакуль тая ўбачыла свет у серыі “Беларускі кнігазбор”.
Праца над наступнай кнігай – выбранымі творамі Вінцука Адважнага (пад такім псеўданімам пісаў святар Язэп Германовіч) – заняла ўжо значна менш часу. Яна яшчэ больш далучыла спадарыню Ірыну да асяродку беларускіх святароў, якія апынуліся ў Лондане. Язэп Германовіч, адбыўшы ў лагеры, быў дэпартаваны ў Польшчу, адтуль трапіў у Рым, а пасля ў Лондан – ужо ў шаноўным узросце. Ён закончыў сваё жыццё ў Марыян-Хаўзе. Айцец Аляксандр добра яго ведаў і таксама спрычыніўся да працы над кнігай. У адзін са сваіх візітаў ён прывёз яго ўспаміны “Мае мама і тата”, якія ніколі не друкаваліся, а таксама некалькі лістоў з архіву Скарынаўскай бібліятэкі. “Айцец Аляксандр пракансультаваў мяне па розных пытаннях, таму што лісты вельмі складаныя, там вельмі многа постацяў святароў, якіх я не вельмі ведала”, – згадала Ірына Багдановіч.
Падчас працы над кнігай Германовіча спадарыня Ірына вельмі часта сустракала артыкулы айца Аляксандра на самыя розныя тэмы. Тады да яе прыйшла думка, што трэба сабраць усё гэта разам і выдаць. “Напачатку, калі я пазнаёмілася з айцом Аляксандрам у пачатку 1990-х, ён быў для мяне перш за ўсё святаром, – сказала Ірына Эрнстаўна. – Гэта быў мой першы святар-спаведнік. А пасля ўжо я пачала разумець, што гэта духоўны пісьменнік Беларусі, гэта гуманіст, асветнік, які дае нам пазнаць праўду не толькі праз Божае слова, праз літургію, а і праз навуковую працу, праз асветніцкую дзейнасць”.
Напрыканцы імпрэзы слова ўзяла сябра Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і старшыня новастворанага Цэнтра камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа Наталля Гардзіенка. Яна падзякавала арганізатарам за запрашэнне, а таксама “Беларускаму кнігазбору” за тое, што ў гэтай серыі, хоць не вельмі часта, але з’яўляюцца кнігі аўтарства беларускіх замежных дзеячаў і літаратараў.
“Добра што гэты працэс пакрысе ідзе, што ёсць ужо том і Наталлі Арсенневай, і Вінцука Адважнага, і Рыгора Крушыны, і Масея Сяднёва, – сказала спадарыня Наталля, – і сённяшні том айца Аляксандра Надсана – гэта таксама вельмі важная з’ява. З усіх пералічаных аўтараў беларускага замежжа гэта адзіны, каго я ведаю асабіста. Гэта сапраўды знакавы чалавек для мяне. Калі ў 2005 годзе я ўпершыню прыехала ў Лондан, была ўражаная той атмасферай, якую ён ствараў вакол сябе. Не заўважалася ні розніца ва ўзросце, ні розніца ў досведзе – з ім заўсёды было проста, цікава. Для мяне як для даследчыка эміграцыі ён стаў найважнейшай крыніцай інфармацыі пра жыццё беларусаў замежжа. Ён быў асабіста знаёмы шмат з якімі дзеячамі, пра якіх я толькі чытала. Ён мог расказаць пра іх настолькі захапляльна, з такімі жыццёвымі падрабязнасцямі, што нашыя размовы цягнуліся гадзінамі. Я хачу падзякаваць спадарыні Ірыне і спадарыні Лідзіі за тое, што яны ўклалі гэтую кнігу. Безумоўна, туды ўвайшло не ўсё створанае айцом Аляксандрам, і ў той жа Скарынаўскай бібліятэцы яшчэ ёсць цэлыя скрыні – я іх бачыла – з ліставаннем, з казаннямі, тэкстамі айца Аляксандра. Гэта вялікая праца на будучыню. Айцу Аляксандру трэба падзякаваць за тое, што гэта ўсё захавалася. Можна толькі ўявіць, наколькі складана гэта было, калі на пачатку 1980-х гадоў памёр біскуп Часлаў Сіповіч і айцец Аляксандр застаўся працаваць фактычна адзін у Скарынаўскай бібліятэцы. І наколькі складана было выконваць штодзённыя святарскія абавязкі, калі ты фактычна застаешся сам-насам, але тым не менш робіш сваю працу. І пры гэтым айцец Аляксандр захоўваў і папаўняў бібліятэчныя зборы, тыя архівы, якія перадаваліся пад яго апеку. Дзякуючы ягоным намаганням усё гэта сёння захаванае і даступнае для даследчыкаў, для зацікаўленых асобаў. Напэўна, у кожнага, хто яго ведае, свой Аляксандр Надсан, нейкія свае ўражанні, свае перажыванні, звязаныя з ім. Я хацела б толькі парадавацца, што гэтая кніга выйшла менавіта цяпер, і мы можам яму паказаць, наколькі ён для нас важны. Гэта самая вялікая радасць на сёння”, – сказала спадарыня Наталля на заканчэнне.
Пасля выступаў удзельнікаў імпрэзы мікрафон быў перададзены ахвочым з залы. Спадар Алег Шагулін згадаў, як айцец Надсан хрысціў яго ў Мінску ў 1998 годзе, і сказаў, што такіх, як ён, Бог нячаста пасылае народу. А Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа, таксама хрышчоная айцом Аляксандрам, звярнула ўвагу на яго дабрачынную працу ў Камітэце ахвярам Чарнобыля. Ён ездзіў з гуманітарнай дапамогай па розных кутках Беларусі, а дзяцей, якія прыязджалі на аздараўленне ў Лондан, запрашаў у бібліятэку, гутарыў з імі, рабіў для іх стол. А яшчэ спадарыня Марыя расказала, што матэрыялы, прысвечаныя Якубу Коласу, якія яна бачыла ў Скарынаўскай бібліятэцы, дазволілі ёй адкрыць постаць свайго дзеда з іншага боку – такім, якім яго бачыла беларускія эмігранты, тыя людзі, якія апынуліся далёка за межамі нашай краіны, але ведалі, любілі Коласа і пісалі пра яго.
Урачысты вечар, які цягнуўся амаль дзве з паловай гадзіны, атрымаўся сяброўскім і цёплым. Гэтую атмасферу дапамаглі ствараць таксама і музыкі - Таццяна Матафонава ды хрысціянскі гурт “Laudans”. Падчас імпрэзы быў паказаны кароткі фільм “Іду да неба…” пра айца Надсана, а аспірантка Інстытуту мовы і літаратуры НАН Беларусі Аксана Юшкавіч прачытала верш-прысвячэнне Рыгора Барадуліна Аляксандру Надсану “Шчырэць”. Падзея, што адбылася ў навуковай бібліятэцы, атрымалася настолькі душэўнай, што ніхто не спяшаўся разыходзіцца: людзі вывучалі выставу, гутарылі і згадвалі айца Аляксандра, цудоўную і светлую асобу.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"