У Маладзечна прайшла творчая сустрэча з Радзімам Гарэцкім

23 кастрычніка ў Маладзечна ў бібліятэцы “Верасок” адбылася творчая сустрэча з акадэмікам, пісьменнікам, публіцыстам Радзімам Гаўрылавічам Гарэцкім. Яна прайшла ў межах грамадска-культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі!” На сустрэчу завітала каля 50 чалавек, у тым ліку студэнты палітэхнічнага каледжа. З прывітальным словам ад бібліятэкі выступіў маладзечанскі краязнавец Міхась Казлоўскі.

Прэс-сакратар Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алеся Башарымава прадставіла госця, які быў прэзідэнтам Згуртавання ў 1993-2001 гадах і заўсёды ўваходзіў у Вялікую і Малую Рады арганізацыі. Акрамя таго, спадар Радзім - прадаўжальнік беларускай дынастыі Гарэцкіх: сын выдатнага навукоўца Гаўрылы Гарэцкага і пляменнік слыннага пісьменніка Максіма Гарэцкага. Алеся правяла невялікую віктарыну, прысвечаную жыццю і творчасці апошняга, а за правільныя адказы ўдзельнікі атрымлівалі ў падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” адмысловыя паштоўкі і закладкі. Пасля слова перайшло да Радзіма Гаўрылавіча, які распавёў пра нялёгкі лёс сваіх бацькі і дзядзькі і пра тое, як яго бацька і сам ён вярнуліся на Радзіму.

Падчас аповеду ён звяртаўся да розных кніг, прысвечаных Максіму і Гаўрылу Гарэцкім. Гэтыя кнігі спадар Радзім прывёз у падарунак бібліятэцы, і цяпер яны папоўнілі яе фонд.

Асобна Радзім Гаўрылавіч расказаў пра апошнія свае кнігі. “Лісты жыцця кахання”, якая выйшла летась у выдавецтве “Тэхналогія” - гэта гісторыя кахання Гаўрылы і Ларысы Гарэцкіх, якая ўключае вялікую частку іх ліставання. А кніга “Жыццёвы меланж”, якая выйшла летась у выдавецтве “Кнігазбор” на замову МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, стала плёнам 20-гадовай публіцыстычнай працы спадара Радзіма і ўяўляе сабой своеасаблівы стракаты вобраз тых падзеяў, якія перажываў аўтар, і тых людзей, якім ён прысвячаў артыкулы і нататкі.

Напрыканцы імпрэзы ахвочыя маглі задаць Радзіму Гаўрылавічу пытанні. Хтосьці цікавіўся перспектыўнымі выкапнямі ў Беларусі, а хтосьці - шляхам акадэміка да беларускай мовы. Актыўныя ўдзельнікі таксама атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”

А завяршылася мерапрыемства аўтограф-сесіяй пісьменніка.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение