Зварот у сувязі са звальненнем Алены Глагоўскай

У сувязі са звальненнем з Беластоцкага дзяржаўнага ўніверсітэту доктара Алены Глагоўскай на імя рэктара ўніверсітэту доктара Леанарда Этэля быў накіраваны наступны зварот.

 

Шаноўны доктар Леанард Этэль!

У сувязі са звальненнем са штату супрацоўнікаў Беластоцкага дзяржаўнага ўніверсітэту сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” прафесара Алены Глагоўскай, звяртаемся да Вас з просьбай перагледзець гэтае рашэнне.

Мы разумеем цяжкасці, з якімі можа сутыкацца навучальная ўстанова, у тым ліку фінансавага характару. Аднак прафесар Алена Глагоўская з’яўляецца дасведчаным і актыўным супрацоўнікам Вашай навучальнай установы, адным з тых, хто фарміруе твар універсітэту, яго імідж. Можна толькі ганарыцца такімі супрацоўнікамі. Доктар Алена Глагоўская аддала болей за 16 год працы на кафедры беларускай культуры, напісала сотні навуковых і навукова-папулярных артыкулаў і даследаванняў пра выбітных дзеячаў беларускай і польскай культур, адрэдагавала дзясяткі кніжак і, што асабліва хочацца падкрэсліць, працягвае працаваць з той жа актыўнасцю. Яе досвед і веды, несумненна, з’яўляюцца каштоўным рэсурсам для ўніверсітэту.

Лічым неабходным адзначыць, што па-за дзейнасцю ва ўніверсітэце Алена Глагоўская робіць надзвычай шмат дзеля развіцця міжкультурнага дыялогу нашых краінаў, рэгулярна ўдзельнічае ў міжнародных канферэнцыях у якасці эксперта. Алена Глагоўская з’яўляецца адным з вядомых прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў свеце, актыўным сябрам нашага Згуртавання. Дзякуючы яе намаганням, напрыклад, у Гданьску быў усталяваны помнік беларускаму класіку паэзіі Янку Купалу, а адна з вуліц у Гдыні атрымала імя выдатнага беларускага пісьменніка Янкі Брыля. Спадарыня Алена ўжо больш за 20 гадоў нястомна кіруе створаным ёю Беларускім культурным таварыствам “Хатка” ў Гданьску.

Мы заклапочаныя таксама тым, што са звальненнем Алены Глагоўскай існаванне кафедры беларускай культуры, дзе цяпер застаюцца толькі два супрацоўнікі, ставіцца пад пагрозу. Беласток заўсёды быў цэнтрам, важным для беларускай нацыянальнай меншасці Падляшша. З усіх гарадоў Польшчы менавіта ў Беластоку пражывае найбольшая колькасць беларусаў. Увесь час Польшча аказвала значную падтрымку беларусам, дзякуючы чаму яны захавалі сваю ідэнтычнасць, што крайне важна для беларускай нацыі агулам. І гэта цалкам палягае ў рэчышчы еўрапейскай палітыкі павагі да правоў нацыянальных меншасцяў.

У такіх варунках звальненне аднаго з найлепшых спецыялістаў кафедры беларускай культуры бачыцца адхіленнем ад такой шматгадовай паслядоўнай палітыкі Польшчы ў дачыненні да сваіх грамадзянаў-беларусаў і можа нанесці непапраўную шкоду беларуска-польскаму міжкультурнаму дыялогу.

Заклікаем перагледзець рашэнне аб звальненні доктара Алены Глагоўскай. Упэўненыя, што яна зробіць яшчэ шмат неацэннага як для ўніверсітэту, так і для культурнага і навуковага дыялогу Беларусі і Польшчы.

Алена Макоўская,

кіраўнік МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”

Ніна Шыдлоўская,

старшыня Рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”

17 кастрычніка 2014 г.