Перад ад’ездам у Іркуцк, 22 верасня, да нас на сядзібу Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” яшчэ раз завітаў сібірскі беларус Алег Рудакоў. Гэтым разам ён падзяліўся з намі вельмі цікавай прапановай. Яна звязаная з асобай Яна Чэрскага (імя якога, як вядома, носіць заснаванае спадаром Алегам у 1996-м годзе Таварыства беларускай культуры ў Іркуцку), а таксама з іншымі выдатнымі беларусамі, якія воляй лёсу некалі апынуліся ў Сібіры.
Вось што Алег Рудакоў расказаў для нашых чытачоў пра выбітнага беларускага навукоўца Яна Чэрскага і пра сваю ідэю.
Ян Дамінікавіч Чэрскі нарадзіўся ў маёнтку Свольна ў Віцебскай губерні ў 1845 годзе. Ён браў удзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе, яму было тады ўсяго 18 гадоў. Верагодней за ўсё, ён у нейкіх сур’ёзных сутычках не ўдзельнічаў. Але я знайшоў звесткі ў адной кнізе, прысвечанай паўстанню, што, магчыма, ён быў у атрадзе маладых студэнтаў, які трапіў у акружэнне, адкуль потым усіх узялі ў палон.
Пасля таго, як Яна Чэрскага злавілі царскія карнікі, яго прывезлі ў кайданах у Віцебск, дзе над ім быў суд. Калі на допыце ў судзе яго папрасілі назваць сваё імя, прозвішча і становішча, ён прадставіўся як Ян Чэрскі, шляхціч з літвінаў - такое было яго самавызначэнне.
Потым ён быў сасланы штрафным рэкрутам спачатку ў Омск, а пасля, калі ён адбыў там пэўны тэрмін, яму далі палёгку, паколькі ён не быў заўважаны ў нейкіх сур’ёзных баявых дзеяннях, і дазволілі пасяліцца ў любым горадзе Сібіры за Уралам. А паколькі яго ўжо даўно вабіў Байкал, то ён паехаў у Іркуцк і ўступіў там у Рускае геаграфічнае таварыства і стаў у гэтым таварыстве адным з актыўных навукоўцаў: ён прысвяціў Байкалу і наваколлю 97 навуковых прац. Яму, дарэчы, належыць першая дакладная мапа Байкала, бо да яго Байкал малявалі хто як: хто як яйка, хто як агурок, хто яшчэ неяк, - а ён зрабіў дакладную мапу.
Чэрскі стаў вельмі знакамітым чалавекам у Прыбайкаллі, вядомым навукоўцам, геолагам, географам. У яго было вельмі шмат цікавых навуковых вандровак, даследаванняў. Потым царскі ўрад нават амніставаў яго і дазволіў пасяліцца ў Санкт-Пецярбургу. Яму далі званне прафесара і пасаду выкладчыка. Дарэчы, потым ён яшчэ прыехаў на сваю радзіму ў Беларусь, праехаўся па Віцебшчыне, сустрэўся са сваёй сястрой Міхалінай, якая засталася там. А калі ён быў яшчэ ў Іркуцку, у адным са сваіх лістоў да яе ён пісаў, што, маўляў, я тут ужо зусім абрусеў - забыў сваю родную беларускую мову.
Нейкі час Чэрскі выкладаў у Санкт-Пецярбургу, але гэта было яму не дужа цікава, і яму захацелася зноў паехаць у нейкую вандроўку. Калі першыя свае вандроўкі па Іркуцкай вобласці ён рабіў за свой кошт, то цяпер царскі ўрад даў яму грант на экспедыцыю, і ён паехаў вышэй, на поўнач, даследаваць Калыму. Там ён захварэў і, на жаль, у гэтай экспедыцыі і памёр. Разам з ім там была яго жонка Маўра. Яна нарадзілася ў Сібіры, у Іркуцку. Калі ён паміраў, то сказаў ёй, маўляў, мы патрацілі не ўсе грошы, што нам царскі ўрад выдаў на экспедыцыю, дык самае галоўнае - трэба абавязкова зрабіць справаздачу і здаць лішнія грошы, што засталіся. Паміраў - а клапаціўся пра тое, каб грошы вярнуць: беларус, што зробіш - дужа чэсны!
Жонка яго экспедыцыю завяршыла, справаздачу зрабіла, а потым паехала на гістарычную радзіму свайго мужа - на Віцебшчыну.
Дом у Віцебску, дзе Маўра Чэрская пасялілася і жыла пэўны час
Дарэчы, яна потым сустрэла рэвалюцыю ўжо тут, на Віцебшчыне. Ёсць звесткі, што яе нават хацелі раскулачыць, бо ёй далі трошкі зямлі, хоць і мала, але бальшавікі палічылі, што, можа, яна занадта заможная жанчына. Ёсць захаваны ліст, дзе яна пісала ў Віцебскі саўнаркам і тлумачыла, што яна жонка выбітанага навукоўца, які прысвяціў усё сваё жыццё навуковым даследаванням, што дзякуючы яму шмат чаго зроблена, і што ўрад даў ёй на ўтрыманне пэўны надзел зямлі, але з гэтай зямлі толкам не было ніякага прыбытку. Але ўсё роўна яе спрабавалі раскулачыць, і потым яна сама ўсё кінула і з’ехала жыць у Растоў, дзе потым і памерла.
Ян Чэрскі ў Іркуцку і Іркуцкай вобласці лічыцца адным з найбольш вядомых і паважаных навукоўцаў. У Іркуцку ёсць вуліца Чэрскага, ёсць хрыбет Чэрскага, ёсць пік Чэрскага ў гарах Хамар-Дабан, ёсць гара Чэрскага, ёсць так званы камень Чэрскага, ёсць пасёлак Чэрскі на поўначы недалёка ад таго месца, дзе ён загінуў, - то бок гэта даволі выбітная асоба. Але калі ў Іркуцку і Іркуцкай вобласці гэтае імя шырока вядомае, то ў Беларусі яго, хоць і ведаюць, безумоўна, у колах навукоўцаў, але простым жыхарам яно амаль незнаёмае.
Таму ў мяне з’явілася такая прапанова. Дом, дзе жыла Маўра Чэрская, мае гістарычную каштоўнасць. Цяпер у гэтым доме знаходзіцца нейкая рэлігійная абшчына. Але я думаю, што можна ім даць замест гэтага дома любы іншы, і яны не будуць супраць, а гэты гістарычны дом зрабіць як музей - не толькі самога Чэрскага, але і тых беларусаў, якія трапілі ў Сібір: той жа Мікола Віткоўскі - знакаміты беларус, які таксама ўдзельнічаў у паўстанні Кастуся Каліноўскага, потым быў сасланы ў Сібір і таксама там шмат даследаванняў зрабіў, Бенедзікт Дыбоўскі, які нарадзіўся пад Мінскам, і гэтак далей. То бок можна зрабіць такі музей выбітных беларусаў, якія трапілі ў Сібір і сталі знакамітымі навукоўцамі, а насупраць гэтага музея паставіць помнік Яну Чэрскаму. Там ёсць месца, ёсць магчымасць для гэтага - я там быў і бачыў гэта.
У нас была сустрэча з творчай інтэлегенцыяй Віцебска, у тым ліку ў ёй удзельнічалі старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская, лідар аднаго з маладзёвых аб’яднанняў Віталь Броўка, гісторык, навуковы даследчык Валер Шышанаў, які якраз пісаў пра віцебскі перыяд жыцця Маўры Чэрскай, і шмат іншых людзей. І калі я агучыў сваю ідэю, то ўсе ўспрынялі яе як вельмі слушную і патрэбную. Бо сапраўды Чэрскі знакаміты чалавек, і мы павінныя такім чынам падкрэсліць, што памятаем пра яго.
Акрамя таго, у межах Другога фестываля мастацтваў беларусаў свету ў Мінскай ратушы адбылася нарада Кансультатыўнага савету па справах дыяспары, які ўзначальваў Міністр культуры Барыс Святлоў. Я на гэтай нарадзе агучыў гэтую прапанову, сказаў, што гэта было б вельмі добра і карысна для нас, беларусаў. Для Іркуцка гэта таксама была б выдатная рэч, таму што тады б мы маглі казаць, што вось, бачыце, беларусы памятаюць, што яны суродзічы Яна Чэрскага, яны паставілі яму помнік. Бо ёсць такі момант, што Ян Чэрскі быў каталіком, і іркуцкія палякі яшчэ з савецкіх часоў “прыпісалі” яго да палякаў, як гэта звычайна робіцца. Таму гэта было б такім акцэнтам, што ўсё ж Ян Чэрскі - беларус. Ён сам сябе лічыў беларусам, літвінам сябе называў і пра мову беларускую выказваўся. Мы там ужо правялі пэўную працу, напрыклад, выступалі ў прэсе, але ўсё роўна была б вялікая справа, калі б мы зрабілі тут помнік.
Міністр культуры на гэтую маю прапанову адазваўся вельмі станоўча і палічыў яе вельмі цікавай. На жаль, падчас Кансультатыўнага савету, калі нас, прадстаўнікоў беларускіх дыяспар, папрасілі выказаць свае прапановы, то ніякіх істотных прапановаў амаль не было агучана. Дык вось, маёй першай прапановай было ініцыяваць стварэнне помніка Яну Чэрскаму ў Віцебску. А другая прапанова, якую я агучыў, была хутчэй прызывам, скіраваным да ўсіх, каб тыя, у каго ёсць нейкія звесткі, матэрыялы пра выбітных беларусаў Прыбайкалля, або хто мае знаёмых-навукоўцаў, якія займаліся ў якой-небудзь ступені гэтай тэмай, падзяліліся гэтымі звесткамі. Рэч у тым, што паколькі я цяпер маю пэўны вольны час, то спадзяюся больш займацца навуковымі даследаваннямі прысутнасці беларусаў у Прыбайкаллі. Ёсць шмат выбітных беларусаў, шмат што беларусамі зроблена ў плане развіцця Іркуцкай вобласці, але пра гэта мала матэрыялу. Тыя самыя, напрыклад, Язэп Лёсік, Алесь Гарун былі сасланыя туды і гэтак далей. То бок ёсць нейкія матэрыялы, але іх трэба сабраць у адзін густоўны зборнік, які быў бы прысвечаны беларусам Прыбайкалля. Гэты зборнік можна было б надрукаваць таксама і ў Іркуцку на рускай мове, каб мясцовыя жыхары ведалі пра беларусаў, што там жылі і працавалі. Калі б такі матэрыял быў выдадзены, то яго можна было б накіраваць у бібліятэкі, і гэта была б ужо значная справа для таго, каб падняць гонар за беларусаў, якія калісьці апынуліся ў Сібіры.