Другі фестываль мастацтваў беларусаў замежжа, які прайшоў у Беларусі 12-14 верасня, сабраў каля 250 ўдзельнікаў, якія прыехалі з розных краінаў. Адным з такіх удзельнікаў быў і сябра Вялікай Рады Згуртаваня беларусаў свету “Бацькаўшчына” Пятрусь Капчык. Сёлета ён быў адзіным прадстаўніком Украіны на фестывалі, акрамя Віталя Бартохава, які лічыўся прадстаўніком Крыма. На першым фестывалі, які адбыўся ў 2011 годзе, дэлегацыя ад Украіны была большая, аднак цяперашняя сітуацыя паўплывала на тое, што людзі ўстрымаліся ад паездкі, бо не ведаюць, што з імі і з краінай будзе заўтра.
Напярэдадні ад’езду ў Ізяслаў Пятрусь Капчык завітаў у сядзібу Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і расказаў пра свае ўражанні ад фестывалю.
Гасцей прымалі добра, сустракалі нас на пероне. Праграма фестывалю была складзеная цудоўна. Нас было 250 чалавек, і ніводзін не застаўся без увагі і апекі арганізатараў. У гэтым я бачу асабістую заслугу дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Беларусі спадара Міхася Рыбакова і яго памочнікаў з РЦНК: яны літаральна “валіліся з ног”, каб усім дагадзіць, каб усё адбылося ў свой час, як планавалася ў праграме фестывалю. Ад сябе асабіста і шматлікіх іншых удзельнікаў фестывалю хачу выказаць вялікую падзяку спадару Міхасю і іншым супрацоўнікам: дзякуючы іхняму разумнаму і шляхетнаму кіраванню мерапрыемствамі фестываль прайшоў на сапраўды еўрапейскім узроўні.
Усіх падзялілі на тры групы, і мы ездзілі ў аграгарадкі. У той групе, у якую трапіў я, былі таксама прадстаўнікі Польшчы, Італіі і Эстоніі. Мы праехалі сто кіламетраў да Слуцка. У аўтобусе была экскурсавод, якая нам расказвала пра Слуцкі раён. Апавядала яна па-руску, і я ў самім Слуцку зрабіў заўвагу, што ўсё ж прыехалі беларусы, і хацелася б чуць беларускую гаворку. Сказаў пра гэта і загадчыцы Слуцкага райвыканкама. Тады яна села да нас у аўтобус і далей сама вяла ўжо па-беларуску.
Мы прыехалі ў музей-галерэю “Слуцкія паясы”. Перад музеем нас сустракалі сапраўдным старадаўнім танцам, танцоры ўсе былі ў шляхетным адзенні. Пасля гэтага запрасілі на экскурсію ў музей. Мне было надзвычай цікава паглядзець на працэс вырабу слуцкіх паясоў. Раю ўсім туды з’ездзіць!
Потым мы паехалі ў аграгарадок Вясея. Там перад намі выступілі дзеці - дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі, і я хачу сказаць - гэта проста знаходка, проста цуд, як яны спявалі і потым танчылі! Усе мы былі проста ў захапленні: такія таленты ў вёсцы!
Пасля выступілі і мы. Я чытаў свае мікрабайкі. Напрыклад, такая байка.
Быў заўскладам, быў касірам,
быў на ферме фуражырам.
Там - прапіўся, там - пракраўся…
Зноў бажыўся, зноўку кляўся.
Сталі думаць і гадаць:
куды ж яшчэ яго паслаць?
Хоць і кепская натура,
але ж, бач, - наменклатура!
І рашылі мірна-люба:
хай загадвае ён клубам!
Кажуць, хлопец ён гарласты -
хай спявае, годзе красці!
Была поўная зала людзей, нам усім вельмі спадабалася. Пасля канцэрту кожнаму дарылі букет хрызантэм і мастацкі альбом “Слуцкія паясы”, а таксама сувеніры - падкову на шчасце і абярэг-венічак. Потым было шыкоўнае застолле ў вясковым рэстаране - з мінскімі не параўнаць! Там мы таксама і спявалі, і танчылі - і я там танчыў, як малады жарэбчык, хоць мне і семдзесят гадоў! Ніхто не верыў, што мне семдзесят.
Вярнуліся ў Мінск ужо а палове другой ночы. У сем раніцы трэба было ўставаць, таму было цяжкавата. У гэты дзень было свята Мінска, і мы павінныя былі выступаць каля Палаца спорту на адкрытай пляцоўцы. Я выступаў трэцім, чытаў сваю мікрабайку. Пасля майго выступу да мяне падселі дзве бабулькі, якім спадабаўся мой выступ, і падзяліліся добрымі ўражаннямі.
У апошні дзень у нас была сустрэча ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Нас сутрэла дырэктар Зінаіда Мікалаеўна Камароўская, і нас запрасілі ў музей на экскурсію, дзе мы пачулі жывы голас Якуба Коласа, запісаны незадоўга да яго канчыны. Потым зайшлі ў гасцёўню на другім паверсе, дзе дзве жанчыны-выкладчыцы з музычнага каледжа выканалі для нас “Мой родны кут”. На літаратурнай сустрэчы мы, госці-ўдзельнікі фестывалю, выступалі па чарзе з мясцовымі літаратарамі, сябрамі ГА “Саюз пісьменьнікаў Беларусі”.
А фіналам фестывалю быў гала-канцэрт. Я выступіў з мікрабайкай і дабавіў да яе такія радкі:
Калі шлях да мэты камяністы,
калі кожны кожны крок даецца з боем,
ты не забывай: мы - беларусы,
пераможцы цяжкасці любое…
Гала-канцэрт быў цудоўны, і мне больш за ўсё спадабалася Анастасія Трубянкова з Новасібірску і ансамбль “Світанак” з Вісагінаса. Я лічу, Трубянкову трэба пасылаць на Еўрабачанне, я думаю, што яна лёгка ўводзе ў дзясятку.
Падчас працы фестывалю я пазнаёміўся з новымі людзьмі, з супрацоўнікамі ўніверсітэта культуры, якія апекаваліся намі, з новымі калектывамі, сустрэўся са старымі знаёмымі.
Пасля фестываля я адведваў сваю сястру, што жыве ў Пухавіцкім раёне, мы хадзілі на могілкі бацькоў. У Мінску завітваў у рэдакцыю “Голаса Радзімы”.
Кошты квіткоў да Мінску і назад мне аплаціў мой сябра Віктар Камісарук - намеснік старшыні Усеўкраінскага саюза беларусаў, якому я вельмі ўдзячны! Фестывалем я задаволены. Адзінае, што трэба было даць людзям выступіць па нумары не ад краіны, а ад кожнага калектыву - гэта было б правільна!
Віктар Камісарук, Алена Макоўская, Пятрусь Капчык
Нагадаем, што Пятрусь Капчык - старшыня Таварыства беларускай культуры “Зорка Венера” ў Ізяславе. У склад таварыства на сённяшні дзень уваходзіць каля дзесяці чалавек. Спадар Пятрусь паказаў нам план мерапрыемстваў на гэты год, з якога бачна, якім актыўным культурным жыццём жыве гэтая суполка. Сярод мерапрыемстваў, якія сябры “Зоркі Венеры” правядуць да канца года, хочацца вылучыць прыбіранне магілаў беларускіх і польскіх памерлых на Дзяды, літаратурна-музычную вечарыну да 21-й гадавіны Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, вандроўку ў Белавежскую пушчу, якая адбудзецца ў канцы лістапада, а таксама сумеснае святкаванне каталіцкіх Калядаў разам з сябрамі польскай суполкі.