У панядзелак 16 верасня на сядзібу Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” завітаў Алег Рудакоў, бадай, самы вядомы беларус Прыбайкалля, заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Разам з Воляй Галанавай, кіраўнічкай ансамбля аўтэнтычнага спеву “Крывічы”, яны, сябры Вялікай Рады Згуртавання, прыехалі ў Мінск, каб паўдзельнічаць у Другім фестывалі мастацтваў беларусаў свету, што праходзіў 12-14 верасня. Усяго на гэты фестываль, які ладзіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, з’ехаліся каля 250 ўдзельнікаў з 18 краінаў свету. Госці з Іркуцка пераадолелі 6000 кіламетраў, каб прадставіць на свяце старадаўнія беларускія песні, дагэтуль захаваныя нашчадкамі колішніх перасяленцаў, што з’ехалі ў Сібір больш за стагоддзе таму. Аднак эмоцыі ад фестывалю засталіся неадназначныя: былі і пазітыўныя, і негатыўныя моманты. Алег Рудакоў падзяліўся сваімі ўражаннямі ад прыезду сюды.
Безумоўна, як толькі мы атрымалі запрашэнне прыехаць на Другі фестываль мастацтваў беларусаў свету, мы былі вельмі натхнёныя. Спачатку ад нас збіраўся ехаць гурт з чатырох чалавек, але, на жаль, адной з умоваў было, што дарога за свой кошт, а гэта асноўныя расходы. Да Мінска з Іркуцка даляцець на самалёце (гэта 9 гадзін, праз Маскву) і потым назад каштуе крыху менш за тысячу даляраў на чалавека. Таму нашыя дзяўчаты, на жаль, усе паляцець за свой кошт не змаглі. Але я асабіста і Воля Галанава, кіраўнічка нашага гурта, ансамбля аўтэнтычнага спеву “Крывічы”, якая збірала ўвесь год грошы на квіткі, прыляцелі ў Мінск. Мы спяваем аўтэнтычныя песні, якія збіраем па вёсках беларускіх перасяленцаў, якія пераехалі ў Сібір яшчэ 100 гадоў таму, да рэвалюцыі, у сталыпінскі час. Гэтыя песні шмат у якіх момантах вельмі ўнікальныя. Мы стараемся выконваць іх так, як рабілі гэта нашыя продкі, без зменаў ці аранжыровак.
Спачатку па прыездзе нас усё задавальняла: нас сустрэлі, размясцілі ў гатэлі... Праўда, хутка з’явілася адчуванне, што арганізатары сёння не ведаюць, што будзе заўтра, а заўтра тым больш не ведаюць, што будзе паслязаўтра. Мы нават не маглі дабіцца ад людзей у першы дзень, калі мы выступаем каля Палаца спорту. У нас былі знаёмыя з Мінску, якія хацелі падысці і менавіта нас паслухаць, бо было вядома, што мы будзем выступаць. А якой гадзіне? Невядома. Усё было вельмі размыта, нам казалі - наш выступ будзе паміж дванаццаццю і дзевятнаццаццю.
У першы дзень, у пятніцу, нас ужо ў вечары ў сямнаццаць гадзін павезлі ў розныя аграгарадкі. Усіх беларусаў, якія прыехалі на фестываль, падзялілі на пяць груп, і кожная паехала ў свой раён. Вось, напрыклад, мы паехалі ў Стаўбцоўскі раён. Але пры гэтым мы заехалі ў музей Якуба Коласа ў Акінчыцах, дзе ён нарадзіўся. Мне там вельмі спадабалася экскурсія. Экскурсавод цудоўна распавяла пра варункі, што звязаныя з мясцінамі Якуба Коласа, шмат вершаў яго нам чытала - уражанні былі вельмі станоўчыя, я быў проста ў захапленні. Але гэта ўсё зацягнулася, і мы прыехалі выступаць у Дом культуры вельмі позна. Нам потым казалі са сцэны, маўляў, вось, як цудоўна, вы пабачылі аграгарадкі, як цудоўна ў нас людзі жывуць… Я не ведаю, што яны хацелі нам паказаць. Мы нічога там не бачылі: там была ноч, мы прыехалі, калі там было ўжо дзесяць гадзін вечара. У Беларусі цямнее вельмі хутка - дарэчы, напэўна, хутчэй нават, чым у Іркуцку. Што мы маглі пабачыць? Нас прывезлі адразу да Дома культуры. Бедныя дзеткі нас сустракалі, дык яны там усе замаяліся, пакуль нас чакалі. Больш за тое, потым мясцовы жыхар нам сказаў, што шмат хто не дачакаўся і сышоў, бо нас чакалі ў восем гадзін, а мы прыехалі ў дзесяць.
Зала была даволі вялікая, але запоўненая толькі на траціну. Нам усім далі выканаць па два нумары. У прынцыпе, канцэрт быў някепскі. І калі нас аб’явілі, я нават трошкі распавёў, што мы з Сібіры, што ў нас там ёсць беларускія вёскі, што мы збіраем фальклёр, што мы гэтыя песні старажытныя спяваем так, як спявалі нашыя продкі - не змяняем, не робім аранжыровак. Я яшчэ пажартаваў, што вось мы толькі прыляцелі, і цяпер у нас у Іркуцку чатыры гадзіны ночы: нам бы паспаць, а тут спяваць трэба! Народ гэта ўсё ўспрыняў вельмі добра, і потым, калі мы адспявалі, нам крычалі і “Брава!”, і “Дзякуй!”, і падыходзілі потым да нас некаторыя, і бабулькі нават, і казалі, што, маўляў, такія песні падобныя і ў нас таксама пелі. Гэта было вельмі цікава.
Пасля канцэрту нас павезлі на нейкі фуршэт, і ў выніку мы прыехалі ў Мінск ужо ў дзве гадзіны ночы беларускага часу. Паводле іркуцкага часу гэта ўвогуле было восем раніцы, галава ўжо проста ехала, мы ўсё пераблыталі ў часе.
На другі дзень зноў выступы, і што мне не спадабалася - гэта што з раніцы нас прымушалі браць з сабой строі, потым у аўтобусе неяк пераапранацца ў іх, бо было невядома дакладна, хто калі выступае. То бок, арганізацыйна ўсё было не зусім прадумана.
Але нам сказалі, што мы выступаем у трэцяй групе, а гэта значыць, з шаснаццаці да васямнаццаці гадзін, таму хоць нейкая пэўнасць у нас з’явілася. Мы вырашылі да абеду адпачыць, а потым ужо прыехаць на таксоўцы да Палаца спорту ўжо ў строях. У выніку гэта ўсё таксама зацягнулася, і мы выступалі ў васямнаццаць гадзін. Але таксама было, у прынцыпе, нядрэнна. Мы выступалі на адкрытай пляцоўцы, таксама праспявалі дзве песні. Былі там і маладыя людзі, якія ўжо мяне ведалі, якія прыйшлі менавіта каб паслухаць нас. І нават прыйшла адна бабулька, якая пачула, што з Іркуцка прыедуць выступаць беларусы і спецыяльна прыйшла каб паслухаць нас, таму што яна сама іркуцянка, руская па нацыянальнасці. Мы з ёй сустрэліся, пагаманілі трошкі. Калі мы праспявалі гэтыя песні, яна падышла да нас і сказала: “Я ганаруся тым, што я з Іркуцка. Іркуцк заўжды быў культурнай сталіцай Сібіры. Мне так спадабалася, як вы спяваеце! Гэта сапраўдныя старажытныя песні”.
Пасля выступаў зноў быў фуршэт, але мы на ім вырашылі не затрымлівацца, бо вырашылі схадзіць на канцэрт “Старога Ольсы”. Праўда, нас туды доўга не пускалі, нейкія заслоны былі, моцна правяралі - у мяне нават мой брыль прамацалі. Мы доўга чакалі, пакуль нас запусцілі, у выніку на пачатак канцэрта спазніліся. А потым канцэрт увогуле прыпынілі, таму што музыка, маўляў, перашкаджала нейкім іншым мерапрыемствам. Але тое, што нам удалося пачуць і ўбачыць, было для нас прыемна. Зноў жа, мы там сустрэлі знаёмых, падыходзілі да мяне маладыя людзі - і хлопцы, і дзяўчаты, якія мяне пазнавалі і якія мяне ведалі праз фэйсбук. Яны мяне запрасілі завітаць на курсы “Мова нанова”. Таму, у прынцыпе, уражанні былі вельмі станоўчыя.
На наступны дзень нам сказалі з раніцы ехаць на рэпетыцыю, бо мы павінныя былі пасля абеду выступаць на гала-канцэрце. У дзесяць гадзін раніцы нас усіх загналі са строямі ў пяць аўтобусаў і павезлі на рэпетыцыю ў Белдзяржфілармонію. Усе селі ў актавай зале. Выйшлі арганізатары і сказалі тым, хто не ўдзельнікі ансамбляў, што яны могуць ісці на сустрэчу з літаратарамі і на сустрэчу з мастакамі. Мы таксама хацелі б наведаць гэтыя сустрэчы, асабліва паслухаць беларускіх літаратараў, бо ведалі, што і Міра Лукша была там, напрыклад, але як удзельнікам ансамбля нам трэба было сядзець і чакаць сваёй чаргі, каб выйсці на сцэну, так што мы засталіся. І вось праз некалькі хвілін раптам на сцэну выходзіць нейкі чалавек і пачынае казаць, што, маўляў, ведаеце, тут такая справа, тут гуртоў шмат вельмі, і мы вырашылі, што ўсе гурты выступіць не змогуць, таму што тады ўсё зацягнецца, так што мы вырашылі скараціць праграму: зараз я назаву тыя гурты, якія будуць выступаць, і па адным нумары яны павінныя будуць агучыць. А прынцып быў такі, што ад адной краіны - адзін нумар. Там, дзе прыехаў увогуле адзін прадстаўнік, той, безумоўна, праходзіў аўтаматычна, а там, дзе прыехалі некалькі гуртоў з адной краіны, там выбіраўся адзін. Так скарацілі Латвію вельмі моцна: там прыехала пяць калектываў, а з іх дапусцілі толькі адзін. Па Расіі таксама прайшліся. У выніку так атрымалася, што гала-канцэрт заняў нават менш, чым тры гадзіны, якія на яго былі адведзеныя.
Насамрэч не толькі мы, але і тыя гурты, якім адмовілі ў выступе, з той жа Латвіі, напрыклад, з якімі мы размаўлялі, былі абураныя і пакрыўджаныя гэтым усім. Адзін хлапец нават казаў: “Ну ладна мы - мы тут недалёка, але чаму вас выкраслілі? Шэсць тысяч кіламетраў, вы ляцелі на самалёце дзевяць гадзін! Ну ладна, першы дзень, другі дзень, але ж гала-канцэрт - гэта асноўнае мерапрыемства, а вас туды не дапусцілі, і нават не таму што вы спяваеце дрэнна, ці стыль ім не падабаецца, ці яшчэ штосьці, а толькі таму, што трэба было скараціць кагосьці”. У каго лобі было паменей, таго ўзялі і выкраслілі, а ў каго ўсялякія сатусы ёсць ці хто нейкімі спосабамі змог прабіцца, таго прапусцілі. Я лічу, што гэта з пункту гледжання арганізацыі проста ўсё псуе, проста ўсё перакрэслівае. Я лічу, што гэта недапушчальна. Справа ў тым, што мы прыехалі з розных куткоў свету, мы хацелі адно аднаго пабачыць, пачуць, хацелі абмяняцца досведам. А гэтага абмену як такога не адбылося.
Але калі ўсё ж такі браць цалкам нашыя ўражанні ад прыезду сюды, то, безумоўна, мы задаволеныя гэтым прыездам і будзем задаволеныя, таму што ў нас яшчэ наперадзе паездка ў Полацк, дзе будзе сустрэча з палачанамі, са студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і з аматарамі беларускай аўтэнтычнай песні. Там разам з Вольгай Емяльянчык мы будзем ладзіць сумесную рэпетыцыю перад слухачамі. Таксама Студэнцкае этнаграфічнае таварыства нас запрасіла ў Вязынку на Багач. Таму я думаю, што ў нас наперадзе яшчэ шмат прыемных момантаў, і свой настрой мы палепшым і вернемся задаволеныя сваім прыездам у Беларусь, на сваю гістарычную Радзіму, і гэта для нас будзе яшчэ адным крокам, каб і паказаць сваю творчасць, і паглядзець творчасць іншых людзей.
І ўсё ж мне б хацелася, каб арганізатары фэста ў далейшым, калі будзе трэці фестываль, улічылі свае недапрацоўкі. На сённяшні момант нават задумваешся, а ці трэба ехаць на гэты фестываль, нават калі цябе запросяць? Бо прыехаць і выступіць у райцэнтры ці недзе на адкрытай пляцоўцы - гэта адно, але ўсё ж такі выступ у Белдзяржфілармоніі - гэта ўжо статуснае мерапрыемства, і калі на гэтым статусным мерапрыемстве цябе проста так выкрэсліваюць, то гэта мне незразумела. Я лічу, што гэта катэгарычна няправільна. Трэба даць магчымасць кожнаму калектыву выканаць хаця б па адным нумары. Усяго там, як мы палічылі на пальцах, скарацілі толькі пяць ці шэсць калектываў. Кожны калектыў няхай па тры, па чатыры хвіліны выступіць - хай бы далі ім гэтыя дваццаць хвілін. Ды нават калі б там было і сорак хвілін, людзі б сядзелі слухалі, гэта было б цудоўна - гэта ж ўпершыню за тры гады пасля першага фестывалю гэтае свята адбылося, прыехалі калектывы з усяго свету! Дык чаму не даць выступіць? Тады не запрашайце так шмат калектываў увогуле. Калі вы адразу на месцы вырашаеце, каго запрашаеце, каго не запрашаеце, тады мы не будзем траціць грошы, каб прыехаць. Камусьці прыезд забяспечвала, можа, консульства ці пасольства, а хтосьці ж ехаў, як мы, за свой кошт.