Віншуем Валера Санько з юбілеем

29  жніўня свой 75-гадовы юбілей святкуе сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, пісьменнік, журналіст, краязнаўца, кнігавыдавец, доктар народнай медыцыны, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі энергаінфармацыйных навук Валер Санько.

Валер Аляксеевіч Санько нарадзіўся 29 жніўня 1939 г. у вёсцы Вялікая Сліва Слуцкага раёну Мінскай вобласці.

Закончыў з адзнакаю Баранавіцкае медвучылішча (1958), факультэт журналістыкі БДУ (1961–1967), Мінскую ВПШ (1976–1978), аспірантуру ІМЭФ АН БССР (завочна, 1967–1970). Працаваў фельчарам у Пінскім раёне, Мінску. Супрацоўнічаў з газетамі “Чырвоная Змена” (1963–1965), “Звязда” (1965–1972), працаваў у выдавецтвах “Беларусь” (1972–1975), “Народная асвета” (1978–1982).

Арганізоўваў і ўзначальваў упершыню створаную ў Беларусі рэдакцыю краязнаўства (выдавецтва “Полымя”, 1982–1989). Быў намеснікам рэдактара міждзяржаўнай чарнобыльскай газеты “Набат” (1990–1991), дырэктарам выдавецтва “Хата” (1992–2006).

Запісы беларускага фальклору Валера Аляксеевіча друкаваліся ў газетах, часопісах, у трох тамах акадэмічнага пяцідзесяцітомавага выдання беларускага фальклору.

Тройчы быў кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі (ад Беларускай сялянскай партыі, 1995, 1995, 1996).

Аўтар і суаўтар 17 кніг. Найболей значныя празаічныя – “Жыватворныя крыніцы” (1979), “Усё скончана: мы прайшлі па Маскве” (1993), “Не плач, маці” (1995), “Дахаты пойдуць усе” (1999), “Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах” (2009), аповесць  пра забойства Янкі Купалы “Грэх на іх нязмыўны” (2013). Над дакументальным раманам пра Чарнобыльскую катастрофу “Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе” (2013) працаваў 19 гадоў. У суаўтарстве вышлі кнігі прозы – “З вудай і стрэльбай” (1974), “Знаёмства” (1982), “Беларускія спартсмены ў баях за Радзіму” (1985). Аўтар дзвюх кніг па лячэнню травамі (з Н. І. Аляксейчык, 1992, 1994), дзвюх кніг аб прыкметах і афарызмах: “Размова з прыродай” (1990), “Гаворыць – старажытны Рым, гавораць – пра старажытны Рым” (2003).

Управа Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе шаноўнага юбіляра са святам і зычыць выдатнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, як мага болей пазітыўных падзей ў жыцці!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”