Віншуем Алега Трусава з юбілеем!

7 жніўня святкуе 60-гадовы юбілей сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, гісторык, навуковец, выкладчык, сябра беларускага ПЭН-цэнтра Алег Трусаў (Беларусь).

Алег Анатольевіч вядомы, перш за ўсё, як старшыня ТБМ. Гэта і не дзіўна, бо ён узначальвае Таварыства ўжо 15 гадоў. Пад яго кіраўніцтвам ТБМ стала сапраўды агульнабеларускай арганізацыяй, якая мае свае падраздзяленні ў 75 раёнах Беларусі. Таксама сябры ТБМ ёсць у Іркуцку, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Рызе, Вільні, Беластоку, Празе, Севастопалі.

ТБМ пад кіраўніцтвам Алега Трусава ўжо многія гады з’яўляецца надзейным партнёрам “Бацькаўшчыны”. Таксама Таварыства актыўна супрацоўнічае з кампаніяй “Будзьма беларусамі!” з самых першых дзён яе існавання. Шчыра спадзяемся, што гэтае супрацоўніцтва працягнецца і надалей.

У адным з інтэрв'ю Алег Трусаў прызнаўся, што самае вялікае шчасце для яго — гэта быць здаровым і працаваць, таму мы віншуем шаноўнага юбіляра і жадаем яму ў першую чаргу выдатнага здароўя і натхнення ў працы, а таксама надзейных паплечнікаў і здзяйснення задуманага!

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"