Прэзентацыя кнігі Васіля Стомы адбылася 2 жніўня на малой радзіме пісьменніка, у вёсцы Лужкі Шаркаўшчынскага раёна, колішнім мястэчку, што сёлета святкуе 500-годдзе. Мерапрыемства было арганізаванае пры дапамозе Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Народжаны ў 1911 г. у Лужках Васіль Стома ў 1949 г. апынуўся ў Злучаных Штатах Амерыкі, дзе і напісаў свае маляўнічыя, поўныя гумару ўспаміны пра роднае мястэчка. “Маё мястэчка” ў 1980-я гг. друкавалася на старонках эміграцыйнага часопіса “Беларускі свет”, у 1998 г. — у метрапольным “Полымі” і толькі сёлета выйшла ў якасці кніжнага выдання.
Цікавасць да кнігі вялікая, асабліва на радзіме Васіля Стомы, дзе яшчэ можна знайсці сведак тых падзеяў, пра якія расказвае аўтар. З Лужак паходзіць стваральнік іўрыту Бен Егуда, тут служыў у касцёле ксёндз Язэп Германовіч, тут працаваў вядомы доктар Шыран…
На прэзентацыю ў мясцовым Доме культуры сабралася каля 40 чалавек як з саміх Лужак, так і з раёна. Сябра Управы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, гісторык Наталля Гардзіенка расказала пра дзейнасць Згуртавання і перадала для Лужкаўскага клуба ды Цэнтра Язэпа Драздовіча, што знаходзіцца ў суседніх Германавічах, падарункі ад “Бацькаўшчыны” і кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Далей быў аповед пра Беларускі інстытут навукі і мастацтва, створаны ў пачатку 1950-х гг. у Нью-Ёрку для аб’яднання беларускай інтэлігенцыі, што ў паваенны час апынулася на Захадзе. Сябрам гэтага Інстытута быў і аўтар “Майго мястэчка” Васіль Стома, і менавіта ў архіве ўстановы захаваўся машынапіс ягонай працы. Карыстаючыся нагодай, Наталля Гардзіенка выказала ўдзячнасць ад імя БІНіМа рэдактару кнігі “Маё мястэчка”, а таксама шэрагу іншых тэкстаў эміграцыйных аўтараў — мовазнаўцу Змітру Саўку.
Выступае Зміцер Саўка
Зміцер Саўка ў сваім выступе расказаў пра гісторыю выдання працы Васіля Стомы, ініцыятарам якога ў 1990-я гг. выступіў сябра БІНіМа, даследнік і архівіст, што жыве ў Нью-Ёрку, Лявон Юрэвіч. Дзякуючы прапанове апошняга і з’явілася колішняя публікацыя ў “Полымі”, а таксама і сёлетняе кніжнае выданне.
Прысутны на імпрэзе мастак Алесь Марачкін, што ўлетку жыве непадалёк ад Лужкаў, прачытаў вершы Язэпа Драздовіча, што паходзіў з Глыбоччыны.
Правядзенне імпрэзы было б немагчымае без арганізацыйнай працы грамадскай актывісткі з Германавічаў Ады Райчонак. Яна расказала пра цікавасць успамінаў Стомы і прадэманстравала, як яны перагукаюцца з іншымі творамі, прысвечанымі Лужкам.
Прысутныя падзякавалі і выдавецтву “Лімарыус”, у серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка” якога пабачыла свет кніга Васіля Стомы.
На прэзентацыі таксама выступілі мясцовыя ды навакольныя жыхары і краязнаўцы: Уладзіслаў Ляскоўскі, Кліменцій Кожан, Эдмунд Гірын, Мікалай Андзілеўка, Зміцер Лупач. Сваімі аповедамі яны дапаўнялі ўспаміны Васіля Стомы, пашыралі звесткі пра гісторыю Лужак.
Спецыяльным госцем імпрэзы быў бард Алесь Камоцкі, выступ якога вельмі цёпла прынялі прысутныя.
На сцэне - Алесь Камоцкі
Пасля яшчэ была прагулка па месцах, што апісваў Васіль Стома ў сваёй кнізе, ды адведванне Культурна-асветнага цэнтра імя Язэпа Драздовіча і Прыватнага літаратурна-мастацкага музея, створанага Адай Райчонак у Германавічах.