ПЯТЫ ФЕСТЫВАЛЬ AD.NAK! – ПАДЗЕЯ ГЛАКАЛЬНАГА МАШТАБУ!

Пяты фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! годна адзначыў свой першы юбілей. Фестывальны дзень адбыўся 25 чэрвеня ў Мінску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў (IBB).

Пяты фестываль AD.NAK! традыцыйна падвёў вынікі развіцця беларускамоўнага рэкламна-камунікацыйнага рынку за год, вызначыў найлепшых, а таксама ўзмацніў сусветны трэнд: калі ты хочаш быць заўважным, заўважаным і паважаным, трэба дбаць пра сваё, абапіраючыся на нацыянальнае, ментальнае. Тады ты паспяховы, тады ты – сучасны, ты – адметны! Асноўная ідэя, якую нясе Фестываль сёлета, – “Думай глабальна – дзейнічай лакальна!”, таму слоган фестывалю – “Трэба так! Дбай пра сваё – не прагадаеш!

http://budzma.by/wp-content/gallery/press_adnak/yyd_8692.jpg

Урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў папярэднічала насычаная адукацыйная праграма, у межах якой прайшлі семінары і майстар-класы вядомых экспертаў у рэкламна-камунікацыйнай сферы.

На конкурсную праграму Фестывалю AD.NAK!-2014 было пададзена болей за 400 заявак амаль ад 200 удзельнікаў, што дэманструе як устойлівае развіццё беларускамоўнага рэкламнага рынку, так і ўздым цікавасці да ўдзелу ў Фестывалі з боку маладых прафесійных рэкламістаў. Да прыкладу, у 2013 годзе было пададзена 314 заявак ад 105 удзельнікаў, у 2012 годзе – 330 заявак ад 110 удзельнікаў, у 2011 годзе – 272 заяўкі ад 100 удзельнікаў, а ў 2010 годзе – 105 заявак ад 59 удзельнікаў.

http://budzma.by/wp-content/gallery/press_adnak/yyd_8686.jpg

У гэтым годзе было прысуджана ажно 6 Гран-пры (у мінулым годзе – 2), 17 першых месцаў (6 у мінулым годзе),33 другія месцы і 41 трэцяе.

Самую вялікую колькасць заявак сабрала намінацыя “Графічны і камунікацыйны дызайн” – больш за 130. На другім месцы – “Сацыяльная рэклама”: было пададзена 43 работы. Упэўненае трэцяе месца ў “Інтэрактыўнай рэкламы” – 37 работ.

Сярод намінацый, у якіх не было больш дробнага дзялення на паднамінацыі, безумоўны лідар – “Беларускаарыентаваны рэкламны і камунікацыйны праект”: 32 заяўкі. У гэтым годзе журы аднагалосна адзначыла высокую якасць і значнасць пададзеных у гэтую намінацыю работ – 20 з іх увайшлі ў шорт-ліст, а 7 сталі пераможцамі. 26 работ было пададзена ў намінацыю “Грамадсказначныя праекты”. Сябры журы адзначаюць, што пераважная колькасць з іх – праекты, скіраваныя на прасоўванне беларускай мовы.

На жаль, ніводнай работы не было пададзена ў намінацыю “Маркетынгавая эфектыўнасць”, толькі некалькі  – у “Радыёрэкламу”, “Рэкламныя кампаніі” ды “Інавацыі”.

http://budzma.by/wp-content/gallery/press_adnak/yyd_8697.jpg

Частка фестывальных конкурсаў сёлета прайшла ў новым фармаце – воркшоп. У гэтым фармаце пад кіраўніцтвам прафесійных куратараў удзельнікам прапанавалася стварыць вонкавую і друкаваную рэкламы на злабадзённыя тэмы – супраць распаўсюду і ўжывання моладдзю сінтэтычных наркотыкаў (AD.NAK! СУПРАЦЬ DRUGS) і дзеля папулярызацыі безнаяўных разлікаў у краіне (ПЛАЦІМ БЕЗНАЯЎНА). У гэтым жа фармаце прайшоў конкурс ІНФАГРАФУЙ ГІСТОРЫЮ AD.NAK!, у межах якога канкурсанты рабілі сучасную інфаграфіку. Агулам тры воркшопы сабралі больш за 70 удзельнікаў.

http://budzma.by/wp-content/gallery/press_adnak/yyd_8663.jpg

Арганізатары AD.NAK! адзначаюць уплыў Фестывалю на рэкламны рынак –  сёння беларускамоўная рэклама робіцца адным з трэндаў! Напярэдадні падзеі партнёр фестывалю кампанія МАСМІ зрабіла маркетынгавае даследаванне на просьбу кампаніі “Будзьма беларусамі!”, прысвечанае выкарыстанню беларускай мовы. 56% беларусаў пазітыўна ацэньваюць наяўнасць беларускай мовы ў рэкламе, крыху болей – 60% – падтрымалі мову ў афармленні гарадоў і вітрынаў, што дэманструе ўстойлівую тэндэнцыю. Нагадаем, тыя ж лічбы ў 2012 годзе дэманстравала апытанне лабараторыі “Новак”.

http://budzma.by/wp-content/gallery/press_adnak/yyd_8629.jpg

Вынікі сёлетняга фестывалю сведчаць, што гэты трэнд не застаўся па-за ўвагай рэкламістаў. Шмат таленавітых прафесіяналаў уцягваецца ў працэс развіцця беларускамоўнай рэкламы. Але па-ранейшаму існуюць праблемы з падыходам да беларускай рэкламы, у ёй не хапае ментальнай дакладнасці – часам рэкламісты валошкамі і нацыянальнымі арнаментамі падмяняюць сутнасць беларускага характару. Такім чынам, арганізатары Фестывалю AD.NAK! адзначаюць: будучыня беларускай рэкламы – у пошуку гарманічнага спалучэння сучаснасці і традыцыі. А дадзеныя сацыялагічных даследаванняў, уздым цікавасці рэкламістаў да ўдзелу ў Фестывалі і вынікі Пятага AD.NAK! паказваюць яго вялікі патэнцыял і шырокія межы для развіцця.

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся па тэл.: +375 29 177-0121, 29 755-1434.

adnak@budzma.org

фота – Яўген Ерчак