У лепшы свет адышоў Генадзь Бураўкін, знаны беларускі паэт, журналіст, дыпламат, грамадскі дзеяч, сябра Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў, Рады беларускай інтэлігенцыі, сябра Беларускага ПЭН-цэнтру. У жніўні яму споўнілася б 78 гадоў. Апошнія месяцы ён змагаўся з анкалагічным захворваннем. Памёр Генадзь Мікалаевіч у сваёй кватэры раніцай 30 траўня.
Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 верасня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна. На гады яго дзяцінства прыпаў страшны час нямецкай акупацыі, якую цудам удалося перажыць.
Пазней, у мірны час, Генадзь Бураўкін скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ (1959). Затым працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», у газеце «Літаратура і Мастацтва», быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі. Паводле ягоных згадак, праца журналістам навучыла яго паважліва і адказна ставіцца да слова.
Калі Генадзь Мікалаевіч працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», то друкаваў творы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, а таксама знакамітую кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі».
12 гадоў (1978—1990) ён быў старшынёй Дзяржтэлерадыё БССР. На той час на беларускім радыё і тэлебачанні была спрэс амаль адна руская мова. Генадзь Бураўкін паклаў шмат высілкаў дзеля таго, каб беларускай мовы ў эфіры рабілася больш і больш, а змагацца за гэта было вельмі няпроста, не абыходзілася і без даносаў.
У 1990-м за падтрымку дэмакратычных сіл і прадстаўленне эфіру лідарам БНФ Генадзя Бураўкіна вызвалілі ад пасады на Дзяржтэлерадыё і накіравалі на дыпламатычную працу. Так ён стаў першым прадстаўніком нашай краіны пры АНН у Нью-Ёрку. Там ён працаваў з 1990 па 1994 гг. – гэта быў надзвычай адказны і важны перыяд, калі перастала існаваць БССР і з’явілася Рэспубліка Беларусь. У тыя часы беларускую дыяспару ЗША, як і іншых заходніх краінаў, савецкая ідэялогія лічыла калабарантамі і здранікамі. Натуральна, што беларусы далёкага замежжа з вялікім недаверам ставіліся да любых прадстаўнікоў Беларусі на дзяржаўным узроўні. І менавіта дзякуючы Генадзю Бураўкіну стала стварацца аснова для даверу паміж дыяспарай і маладой беларускай дзяржавай. Падчас сваёй працы ў ЗША Генадзь Мікалаевіч сустракаўся з Вітаўтам Кіпелем, Янкам Запруднікам, Масеем Сяднёвым, Наталляй Арсенневай і іншымі дзеячамі беларускай эміграцыі. Дзякуючы яму ўстанаўліваліся гэтыя першыя, такія важныя кантакты.
Генадзь Бураўкін заўжды карыстаўся вялікай павагай з боку беларусаў замежжа. Ён быў адным са стваральнікаў Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, аўтарытэтам для кожнага сябра Згуртавання. Яго аўтарству належыць назва кніжнай серыі “Бацькаўшчына” – “Асобы Беларусі”. Генадзь Мікалаевіч заўжды быў побач у найбольш складаныя і цяжкія часы для нашай арганізацыі.
У 1993 годзе Генадзь Бураўкін звярнуўся да старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь з просьбай аб вызваленні ад дыпламатычнай пасады, бо ў гэты час у Беларусі адбываліся важныя падзеі, ішло станаўленне беларускай дзяржавы, і спадар Генадзь адчуваў, што на Радзіме ён патрэбны больш. У 1994 годзе ён вярнуўся ў Беларусь, дзе працягваў актыўна працаваць на карысць нашай Бацькаўшчыны. У 1994-1995 гадах ён быў намеснікам міністра культуры і друку, а ў 1995-2001 гадах працаваў у часопісе «Вожык». У 2000 годзе быў сустаршынёй Усебеларускага з'езду за Незалежнасць, на якім быў прыняты Акт незалежнасці Беларусі. Некаторы час Генадзь Бураўкін узначальваў Таварыства беларускай мовы. Акрамя таго, ён быў сябрам Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў, Рады беларускай інтэлігенцыі, сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру.
Вершы і песні на словы Генадзя Бураўкіна вядомыя, бадай, кожнаму беларусу. Наўрад ці знойдзецца той, хто не засынаў у дзяцінстве пад яго “Калыханку”. Усяго ж цягам жыцця Генадзь Бураўкін напісаў больш за два дзясяткі паэтычных кніг. За адну з іх - зборнік “Варта вернасці”, які выйшаў у 1978 годзе, - паэт быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы.
***
Народ мой,
дзякую табе,
Што і на міг мне не дазволіў,
Каб я кагосьці абязволіў,
Жыў у кагосьці на гарбе,
Што ў радаслоўную ўпісаў
He гандляроў і прайдзісветаў,
А плытагонаў, і паэтаў,
I штукароў ганчарных спраў.
Народ мой,
дзякую,
што ты
Велікадушна даў мне ў рукі
He алебарды і шчыты,
А лемяхі і першадрукі,
Што нашаптаць мне не забыў
He грукатню бравурных маршаў,
А задуменнасць песень нашых,
Дзе столькі болю і жальбы.
Народ мой,
дзякуй,
што нідзе
Мяне балюча не ўпікнулі
За твой далёкі век мінулы,
За сённяшні твой сіні дзень.
I аднаго хачу ў жыцці,
Каб ты не паглядзеў з дакорам,
Каб за мяне ніколі сорам
Табе душу не засмуціў.
Генадзь Бураўкін, са зборніка “Варта вернасці”
Сёння Генадзь Бураўкін пакінуў гэты свет. Гэта боль і смутак для кожнага з нас.
Генадзь Бураўкін з тых, хто ствараў незалежную Беларусь. І мы верым, што яго паэзія, яго слова і плён яго добрых справаў будуць жыць разам з намі далей, як і нашая светлая памяць пра яго.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Ніжэй мы змяшчаем здымкі з нашых архіваў.