Музейны «Кірмаш праектаў»: з Купалля на баль

Ці павінен музей забаўляць? Такім пытаннем задаваліся ўдзельнікі першай з сакавіцкіх дыскусій кампаніі «Будзьма беларусамі!». Гэтым разам на «Кірмашы праектаў», прысвечаным музейнай тэме, ужо абмяркоўвалі канкрэтныя захады: як зрабіць музей прывабным ды інтэрактыўным.

На суд аўдыторыі і экспертаў, якімі выступілі старшыня ICOM у Беларусі Алесь Зіменка, гісторык і антраполагСцяпан Стурэйка, а таксама загадчыца аддзела навукова-асветніцкай дзейнасці Нацыянальнага мастацкага музея Дзіяна Шантар, было прадстаўлена восем праектаў. Большасць імкнулася так ці інакш стварыць віртуальную прастору – для блукання па сходах Базыльянскіх муроў альбо па  краявідах Ашмяншчыны.

Квэст па пошуку папараць-кветкі

Аднаўленне купальскага абраду ў музейных сценах з дапамогай інфармацыйных тэхналогій. З такога праекта распачала “Кірмаш” Марыя Аляксандрава. Відэа-мапінг, digital storytelling, 3d-ролікі, інфакіёскі, маніторы з гульнямі і анлайн-туры – усё гэта прапануе Марыя для захавання і папулярызацыі нематэрыяльнай спадчыны. Эксперты выказаліся супрацьлегла. Сцяпан Стурэйка засумняваўся, ці здольная студэнтка рэалізаваць такі маштабны і надта дарагі праект, і параіў яго звузіць. У якасці больш простага варыянту ён бачыць сеткавую акцыю, падчас якой людзі маглі б выкладваць відэа, фота, гісторыі са святкавання Купалля ў адмысловай суполцы ў сацыяльных сетках, каб такім чынам справакаваць цікавасць да абраду. Дзіяна Шантар і Алесь Зіменка, наадварот, прапанавалі пашырыць праект на іншыя музеі і іншыя абрады і нават пашукаць падтрымкі ў ЮНЕСКА. Тое, што ў музеі Янкі Купалы ўжо цяпер дзейнічае магчымасць прагляду 3d-экспазіцыі, Марыю не зусім задавальняе, яна выказалася за тое, каб максімальна развіць гэтую мультымедыйную опцыю. Цікавую прапанову дадала глядачка з залы, якая параіла стварыць камп’ютарную гульню, дзе герой скокаў бы праз вогнішча ды шукаў папараць-кветку.

Страчаны музей

Беларускі віленскі музей імя Івана Луцкевіча, які быў расфармаваны ў 1944 годзе і за адраджэнне якога цягам дзесяцігоддзяў змагаюцца беларусы Вільні, можна адрадзіць прынамсі віртуальна. З такім праектам выступіла магістрантка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Ганна Андруковіч. Экспанаты будуць змешчаныя ў 3d-мадэль Базыльянскіх муроў, у якіх і знаходзіўся музей. Ганна збіраецца працягваць справу дзеячаў віленскага музея і дапаўняць зборы як сучаснымі экспанатамі, так і старымі архіўнымі дакументамі. Адказваючы на пытанні экспертаў, яна сказала, што маладую аўдыторыю такая форма музея зацікавіць тым, што можна будзе прайсціся па старых памяшканнях са скляпеннямі, трапіць у атмасферу Вільні 20-х гадоў. Але ўвогуле аўдыторыя праекта – гэта ўсе беларусы, бо стварыць музей наноў у тым выглядзе, у якім ён быў, ужо немагчыма: частка экспанатаў знаходзіцца ў Літве і Расіі.  Паколькі беларускі музей быў таксама і архівам, куды кожны мог прыйсці папрацаваць, у віртуальным музеі можна будзе таксама наблізіць любы экспанат, пагартаць дакументы. Каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!» і старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская прапанавала стваральнікам праекта супрацоўніцтва, а таксама выказала ўпэўненасць, што віртуальны музей будзе цікавы беларусам замежжа, прычым у тым ліку за кошт такой інтэрактыўнай формы.

Прыгажосць Ашмяншчыны і «энцыклапедыя савецкай улады»

Дырэктарка Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча Настасся Навіцкая прыехала на кірмаш з двума праектамі. Першы з іх – распрацоўка  музейнага сайта, куды можна было б выкласці віртуальны тур па Ашмяншчыне, які быў створаны на аснове здымкаў літоўскіх фатографаў. Такім чынам Настасся плануе прывабіць турыстаў прыгажосцю ашмянскай зямлі, а заадно і патэнцыйных наведнікаў музея. Эксперты параілі Настассі ўсё ж не разглядаць стварэнне сайта як панацэю і для пачатку больш актыўна весці акаўнты музея ў сацыяльных сетках, а таксама паказаць выбітнасць Ашмяншчыны ў выглядзе адзінага маршрута з найбліжэйшымі гістарычнымі помнікамі.

Другі праект выклікаў у зале гістарычныя спрэчкі. Ашмянскі музей вырашыў правесці перасоўную выставу, на якой дэманстраваўся б альбом з фотаздымкамі выбараў у Ашмянскім раёне адразу пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. Настасся сказала, што савецкая тэма зноў набывае актуальнасць, а выстава магла б даць «свежы погляд на ўсталяванне савецкай улады». Алесь Зіменка выказаўся, што такую выставу проста нельга везці ў Мінск без сур’ёзных тлумачэнняў, бо не так зразумеюць. «Гэтая выстава пры наяўнасці пэўных каментароў магла б быць цікавай у Варшаве, каб паказаць Беларусь, якую Польшча страціла, альбо ў Кіеве. Калі б гэта быў не прапагандысцкі альбом, то было б цікава даведацца, як склаўся лёс людзей на фота, хто яны. Але прапаганда застаецца прапагандай, проста мяняюцца кантэксты». Настасся адказала, што выстава задумвалася даўно, і сумна пагадзілася, што сёння яна сапраўды выклікае непажаданыя паралелі.

Новы анімаваны герой Браслава

«Ці любіце вы мультфільмы?» – спытала Надзея Дударонак, дырэктарка Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў. Яе праект – стварэнне цыклу флэш-мультфільмаў пра гісторыю Браслаўскага раёна. Сцяпан Стурэйкапрапанаваў наўзамен іншы варыянт – спектаклі на гістарычную тэму, у якіх маглі б удзельнічаць дзеці з усяго раёна ў якасці сцэнарыстаў ды акцёраў. Астатнія эксперты параілі выпускаць мультфільм не на дысках, а ў анлайн-версіі, а таксама адмовіцца ад конкурсу на найлепшы сцэнар і героя мультфільма, а даверыць гэта прафесійным аніматарам і сцэнарыстам, калі арганізатары не хочуць атрымаць у выніку нешта накшталт зубра Валеры.

Гісторыя для малых

Малодшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея  Сяргей Ганчарэнка прадставіў праект асветніцка-забаўляльнага часопіса для дзетак. Часопіс, які будзе выходзіць у 48 нумарах, мае мэтай у нясумнай форме пазнаёміць маленькіх чытачоў з беларускай гісторыяй і скарбамі музея. Прысуд экспертаў: без прафесійнай рэдакцыі годнага часопіса не атрымаецца. Дзіяна Шантар параіла зрабіць гістарычны комікс, а таксама дадаць да кожнага нумара сувенір, каб дзеці маглі калекцыянаваць муляжы экспанатаў музея. А Алесь Зіменка са скепсісам заўважыў, што сучасныя дзеці ахвотней будуць віртуальна разразаць халоднай зброяй з фондаў музея нейкія прадметы на экране айпада, чым знаёміцца з гісторыяй на папяровых старонках разам з героямі часопіса – хлопчыкам і яго верным сябрам вужыкам.

Музей у Крэве

 

Андрэй Шулаеў, старшыня дабрачыннага фонду «Крэўскі замак», выступіў з думкай пра стварэнне музея ў Крэве, якога дасюль няма. Праект сумяшчае віртуальны музей і рэальную перасоўную выставу. Сцяпан Стурэйкавыказаў захапленне дзейнасцю фонду, але адгаворваў ад стварэння музея, які, на яго думку, будзе каменем на шыі, пераконваючы заставацца гнуткай грамадскай ініцыятывай. Андрэй Шулаеў бачыць стварэнне музея сваёй супермэтай, бо яго ў Крэве сапраўды не хапае.

Машына часу

 

Пры канцы “Кірмашу” Зміцер Рагачоў прывёў слухачоў на пышны баль. Праект яго называецца правакацыйна – «Машына часу як замена музею» – і прэзентуе жывую экспазіцыю: відовішчныя перфомансы, удзельнікам якіх могуць стаць наведнікі музея. То бок чалавеку прапануюць фізічна акунуцца ў іншую эпоху – памахаць шабляй, прымераць строй у стылі ампір, закружыцца ў танцы альбо зведаць этыкет таго часу. Эксперты спыталі Змітра пра цану строяў, неабходных, каб далучыцца да перфомансаў, а таксама прапанавалі дадаць тэарэтычны складнік – патлумачыць людзям, чым адрозніваецца форма, якая гісторыя ў той ці іншай зброі. Алесь Зіменка параіў усім прадстаўнікам музеяў учапіцца ў Змітра, каб ён са сваёй камандай прыехаў з інсцэніроўкамі і танцамі на іх мерапрыемствы.

Такім чынам, свае ідэі на музейны «Кірмашы праектаў» прынеслі як самі музейшчыкі, якія перажываюць за справу, так і людзі з іншых сфераў, гатовыя прапанаваць музеям новыя ініцыятывы. Адметна, што большасць добра прадуманых і спраўных ідэяў былі прывезеныя з рэгіёнаў.

Музейны “Кірмаш праектаў” задумваўся як спроба знайсці ідэі і ад адмыслоўцаў у музейнай справе, і ад шырокай грамадскасці. І ён пацвердзіў падазрэнні арганізатараў: з аднаго боку, наведнікі хочуць, каб музеі сталі больш прывабнымі і цікавейшымі, з іншага – прапанаваць канкрэтныя праекты для гэтага гатовыя найперш самі супрацоўнікі музеяў, а не наведнікі. Так, з 8 праектаў, прэзентаваных на “Кірмашы”, толькі адзін быў не з музейнага асяродку. Парады ад экспертаў былі карысныя ўсім. Па-першае, многім ініцыятарам  праектаў варта зразумець і сфармуляваць сваю сапраўдную мэту і каму насамрэч патрэбная рэалізацыя праекта. На мове маркетынгу і менеджменту: трэба найперш дакладна і шчыра вызначаць сваю мэту і мэтавую аўдыторыю. Можна падтрымліваць дзейнасць установы, можна імкнуцца “прыстроіць” або выкарыстаць ужо напрацаваны матэрыял, а можна (у тым ліку праз гэта ўсё) вырашаць грамадсказначныя задачы, дапамагаць іншым і самім рухацца наперад.

Але нават дакладна ўсведамляючы, хто мэтавая аўдыторыя, трэба больш даследаваць яе, разумець больш дэтальна яе патрэбы і чаканні. Важна таксама дакладна прадумваць, у якой форме рэалізаваць задуму, праз які прадукт або паслугу максімальна эфектыўна выканаць пастаўленую задачу. Вызначыўшы гэтыя ключавыя моманты, можна будзе абмінуць многія непатрэбныя праблемы на шляху рэалізацыі задумы.

Больш дэталёва ацаніць праекты, а таксама даць парады і паўдзельнічаць у іх удасканаленні можна тут. Далучайцеся да абмеркавання!

Кампанія “Будзьма беларусамі!” дзякуе ўсім удзельнікам “Кірмашу праектаў” і жадае поспехаў у іх рэалізацыі.

Будзьма партнёрамі! Зробім музейнае жыццё разнастайнейшым разам!

 Аляксандра Дорская Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение