Шаноўныя сябры!
Ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуем вас з юбілеем Англа-беларускага таварыства! 60 гадоў — істотны тэрмін. За гэты час любы чалавек назапашвае багаты жыццёвы досвед. Калі ж казаць пра супольнасць людзей, з’яднаных агульнай справай, дык досвед такога згуртавання ўключае вопыт некалькіх пакаленняў. І выдатна, калі гэты вопыт спрыяе як захаванню традыцый супольнасці, так і развіццю яе дзейнасці.
Англа-беларускае таварыства можна смела назваць адной з самых старых і актыўных арганізацый замежжа, што займаюцца даследаваннем Беларусі і распаўсюдам ведаў пра Беларусь.
Таварыства, якое паўстала ў 1964 годзе, мае вытокі ў Згуртаванні беларусаў у Вялікай Брытаніі. Для нас вялікі гонар, што беларуская справа цікавая ў Вялікабрытаніі не толькі беларусам, якія жывуць там, але і карэнным жыхарам Каралеўства. І тое, што інтарэс гэты, які аднойчы стаў прычынаю з’яўлення таварыства, не знікае і не згасае ўжо 60 гадоў, па-сапраўднаму цешыць нас і паказвае, што Англа-беларускае таварыства — жывая, дзейная арганізацыя.
Дзякуй, дарагія сябры, што робіце яе такой, за тое, што вы з імпэтам і разуменнем важнасці сваёй справы, нягледзячы на фінансавыя ды іншыя цяжкасці, рупліва працуеце дзеля распаўсюду і абмену ведаў, звязаных з Беларуссю, яе гісторыяй і культурай. Тут, у Вялікабрытаніі, дзе пра нашу краіну ведаюць няшмат, гэта асабліва важна. Але хочам адзначыць, што справа, якую вы робіце, нашмат больш глабальная і сягае далёка за межы Вялікабрытаніі, бо вы робіце веды пра Беларусь даступнымі для ўсяго англамоўнага свету, а значыць, для многіх іншых краін.
Англа-беларускае таварыства працягвае сваю працу: ладзяцца цікавыя лекцыі і дыскусіі на беларускую тэматыку, выдаюцца кнігі, арганізоўваюцца святкаванні і канцэрты, адзначаюцца важныя для беларускага народа даты, праводзяцца іншыя цікавыя мерапрыемствы.
Асобна хочацца згадаць нядаўняе аднаўленне выхаду “Журнала беларускіх даследаванняў” пасля больш чым 20-гадовага перапынку. Гэта найстарэйшае англамоўнае рэцэнзаванае выданне беларускіх даследаванняў, якое пачало выпускацца яшчэ ў 1965 годзе.
Нельга не адзначыць і адно з апошніх вялікіх і важных мерапрыемстваў, якія Англа-беларускае таварыства зладзіла супольна са Згуртаваннем беларусаў у Вялікай Брытаніі, — канферэнцыю “Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі”, якая прайшла ў канцы сакавіка і сабрала блізу 50 удзельнікаў з розных краін.
Варта падкрэсліць і тое, што Англа-беларускае таварыства і Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі ўсе гэтыя гады ставяцца адна да адной з узаемнай павагай і нават маюць нямала агульных сябраў. Няхай і далей будуць моцнымі паміж вамі сяброўскія повязі!
Дарагія сябры!
Прыміце шчырую падзяку ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” за вашую працу.
Кожнаму з вас мы хочам пажадаць шчасця, радасці, аптымізму і, безумоўна, моцнага здароўя! Зычым вам імпэту, сілаў і плёну ў вашай справе, зычым новых адкрыццяў і новых сяброў!
Алена Макоўская,
кіраўнік МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
Ніна Шыдлоўская,
старшыня Рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
17 траўня 2014 г.