ДБАЕШ ПРА СВАЁ – СТАРТУЙ РАЗАМ З AD.NAK!

22 красавіка стартуе Пяты, юбілейны, Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!, які распачаўся прэс-канферэнцыяй, дзе ўзялі ўдзел Ніна Шыдлоўская (каардынатар ГКК “Будзьма беларусамі!”),Сяргей Скараход (кіраўнік праекта Marketing.by), Вольга Алейнік (кіраўнік Агенцтва візуальных камунікацыйAVC), Зміцер Курловіч (начальнік аддзела кіравання брэндам кампаніі velcom), Аляксандр Дзешкавец(кіраўнік кампаніі Universal Press).

Фестываль традыцыйна будзе прадстаўлены ў новай канцэпцыі, а менавіта: Думай глабальна – дзейнічай лакальна! Карыстаючыся гэтым трэндавым лозунгам, Фестываль AD.NAK! сёлета абвяшчае:

“Трэба так! Дбай пра сваё – не прагадаеш!”

Генеральным партнёрам Фестывалю ў гэтым годзе выступіла кампанія velcom. Дзякуючы такой падтрымцы пераможцы намынацый і конкурсаў Фестывалю атрымаюць каштоўныя прызы.

Як заўсёды, Аргкамітэт Фестывалю AD.NAK! робіць акцэнт на прыцягненні да ўдзелу перш за ўсё маладых талентаў, для якіх у пачатку прафесійнага шляху вельмі важная практычная рэалізаванасць сваіх працаў. Таму ўдзельнікам прапанаваная багатая і разнастайная конкурсная праграма, дзе канкурсанты змогуць паказаць свае прафесійныя здольнасці ў стварэнні рэкламы розных фарматаў – білборды і постары, інфаграфіка, аўдыёрэклама, сувенірная прадукцыя, а таксама стварэнне айдэнтыкі брэндаў і гандлёвых марак.

http://budzma.by/wp-content/gallery/adnak2014/tarantino-by-2014-adnak-5823.jpg

Прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах пятага Фестывалю AD.NAK! распачынаецца 22 красавіка. Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 9 чэрвеня. А фінальная частка Фестывалю – урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адметнай адукацыйнай праграмай – пройдзе 27 чэрвеня ў Мінску.

Сёлетні Фестываль AD.NAK! будзе прасякнуты ідэяй высокай каштоўнасці мясцовай камунікацыйнай глебы, якую можна развіць пры дапамозе новых сучасных фарматаў – воркшопаў і інтэнсіваў. У гэтым годзе арганізатары вырашылі правесці некалькі 2-дзённых воркшопаў, у межах якіх удзельнікі здолеюць стварыць і паказаць больш якасныя і арыгінальныя ідэі. Адукацыйна-практычныя мерапрыемствы пройдуць напрыканцы траўня – у пачатку чэрвеня пад куратарствам вядомых спецыялістаў рэкламна-камунікацыйнага рынку, пасля якіх удзельнікі будуць абараняць перад найбольш дасведчанымі беларускімі рэкламістамі свае працы. Найбольш старанныя аўтары і стануць пераможцамі сёлетніх конкурсаў.

Для ахвотных стаць прафесіяналамі рэкламнай і камунікацыйнай галіны варта быць пільнымі і дбаць пра тэрміны.

http://budzma.by/wp-content/gallery/adnak2014/tarantino-by-2014-adnak-5675.jpg

“Мы вырашылі першымі з усіх статусных рэкламных фестываляў увесці ў актыўны ўжытак такі конкурсны фармат, як воркшоп. Аднак удзельнікі гэтага фармату  адначасова з’яўляюцца ўдзельнікамі адпаведнага конкурсу, і аўтары найлепшых праектаў атрымаюць прызы і магчымасці практычнай рэалізацыі сваіх ідэй, – адзначыўСяргей Скараход, кіраўнік праекта Marketing.by, які выступае арганізацыйным партнёрам AD.NAK! – Дзякуючы такому падыходу арганізатары Фестывалю разлічваюць на большы прафесійны ўзровень конкурсных работ. Трэба таксама адзначыць, што ўдзел у воркшопах будзе, натуральна, бясплатны, як і ў астатніх намінацыях і конкурсах AD.NAK!

“Штогод Фестываль AD.NAK! адзначае ўсё большую колькасць якасных і амбітных рэкламных праектаў. У той жа час і колькасць цікавых культурніцкіх праектаў расце. Аднак далёка не ўсе культурніцкія праекты могуць дайсці да свайго спажыўца, ім не хапае камунікацыі. І Фестываль – гэта тая пляцоўка, якая дае магчымасць адбудаваць гэтую камунікацыю, “пасябраваць” культуру і бізнес, культуру і маркетынг, узбагачаючы адно аднаго. Мы мяркуем, што дбаць пра сябе, сваю зямлю, сваю культуру – гэта найлепшы спосаб быць цікавым для іншых у сучасным глабалізаваным свеце”, – кажа Ніна Шыдлоўская, каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі “Будьма беларусамі!”, якая з’яўляецца ініцыятарам правядзення Фестывалю AD.NAK!

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся па тэл.: +375 29 177-0121, 29 755-1434.

adnak@budzma.org

ПАДРАБЯЗНЕЙ ПРА ІДЭЮ ФЕСТЫВАЛЮ 2014 ГОДА

У гэтым годзе Фестываль вырашыў узмацніць выснову: калі ты хочаш быць заўважным, заўважаным і паважаным, трэба дбаць пра свае – беларускія – інтарэсы (асабістыя і/ці карпаратыўныя), абапіраючыся на нацыянальнае, ментальнае. Тады ты паспяховы, тады ты ў трэндзе, ты – адметны!

Асноўная думка, якую нясе Фестываль у гэтым годзе, – “Трэба так! Дбай пра сваё – не прагадаеш!”

Сёння ў многіх краінах свету ўзмацняецца трэнд, які атрымаў назву Glocal (спалучэнне глабальнага і лакальнага). Фестываль з першых сваіх крокаў уцягваў прафесійную супольнасць Беларусі ў гэтыя працэсы. Для бізнесу гэта значыць развіваць справу глабальна, надаючы пры гэтым значную ўвагу мясцовым умовам.

Кожны год у працу Фестывалю ўцягваюцца найбольш прафесійныя, паспяховыя і вядомыя прадстаўнікі рэкламна-камунікацыйнага рынку і бізнесу Беларусі. Яны ўжо працуюць у сусветным рэчышчы, шукаюць у лакальным цікавыя ідэі і рашэнні, якія робяцца запатрабаванымі і эфектыўнымі для беларускага бізнесу.

Новыя імёны з задавальненнем далучаюцца да справы Фестывалю. AD.NAK! ужо стаў жаданай і чаканай падзеяй, якая аб’ядноўвае высокапрафесійную камунікацыю і так неабходны кожнаму творцу эмацыйны складнік. Найяскравей гэта праяўляецца падчас заключнага івэнту – цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў Фестывалю AD.NAK!

ЛЕТАПІС ФЕСТЫВАЛЮ

AD.NAK!-2013: на конкурсную праграму Фестывалю было пададзена болей за 314 заявак ад 105 удзельнікаў.

Фестываль АD.NAK!-2013 ставіў мэтай звярнуць увагу прафесійнай супольнасці на невідавочную аксіёму: калі ты – беларусаарыентаваны, ты ўжо ў трэндзе. Фестываль падштурхоўвае адмыслоўцаў і энтузіястаў да пошукаў свайго “прафесійнага шчасця” менавіта ў беларусацэнтрычным сегменце – уключыць выключнасць!

AD.NAK!-2012: на конкурсную праграму Фестывалю было пададзена болей чым 300 заявак ад больш як 100 удзельнікаў.

Фестываль АD.NAK!-2012 ставіў мэту даць новы штуршок у развіцці рэкламна-камунікацыйнага рынку Беларусі і паказаць кампаніям іх брэнды і іх спажыўцоў з іншага боку, прымусіць па-новаму зірнуць на формы і сродкі камунікацыі брэндаў з аўдыторыямі.

AD.NAK!-2011: 272 заяўкі ад больш як 100 удзельнікаў.

Галоўная мэта АD.NAK!-2011 – выпрацоўка нацыянальных прыярытэтаў у рэкламе, пошук новых формаў камунікацыі, адзначэнне найбольш эфектыўных сярод даўно існых, высвятленне, наколькі якасным камунікацыйным інструментам ёсць беларуская мова, наколькі эфектыўная нацыянальнаарыентаваная рэклама.

AD.NAK!-2010: 105 працаў ад 59 удзельнікаў.

Галоўная мэта АD.NAK!-2010 – вызначэнне становішча беларускамоўнай рэкламы на сучасным этапе. Неабходна было не толькі сабраць максімальную колькасць працаў і ўдзельнікаў, але і зразумець, як далей будзе развівацца гэты кірунак рэкламы ў нашай краіне. Спаборніцкі акцэнт, уласцівы фестывалям рэкламы, быў адсунуты на другі план.

Аргкамітэт Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!

Фота: Аляксандр Ждановіч, tarantino.by