Віншавальны ліст з нагоды 25-годдзя Таварыства беларускай культуры ў Літве

Дарагія сябры!

Ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра віншуем вас з 25-гадовым юбілеем Таварыства беларускай культуры ў Літве!

1989 год, калі стваралася Таварыства, цяпер падаецца далёкім. Гэта быў вялікі час зменаў, калі рушылася савецкая імперыя, калі пачала актыўна адраджацца нацыянальная самасвядомасць народаў. У краінах на прасторы знікаючай савецкай дзяржавы прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў гуртаваліся ў супольнасці, каб заявіць пра сябе і свае каштоўнасці. На гэтай хвалі імкнення да свабоды і самавызначэння паўстала і Таварыства беларускай культуры ў Літве.

4 лютага 1989 года ў Вільні – горадзе, які поўніцца беларускай гісторыяй, – адбыўся арганізацыйны з’езд ТБК. За мэту было пастаўлена яднанне беларусаў, адраджэнне, захаванне і развіццё беларускай культуры ў Літве, а адным з прыярытэтаў дзейнасці – змаганне за свабоду Беларусі і дэмакратычныя каштоўнасці. Сёння мы з сапраўдным гонарам адзначаем, што ТБК упэўнена ідзе абраным шляхам, і на гэтым шляху нямала ўжо дасягнута.

Немагчыма нават пералічыць усяго, што за гэтыя 25 гадоў зроблена Таварыствам беларускай культуры. Аднак самае знакавае варта нагадаць.

Дзякуючы ТБК у Вільні была адкрыта беларуская сярэдняя школа імя Францішка Скарыны - “спадчынніца” знакамітай Віленскай гімназіі, была створаная кафедра беларускай мовы пры педуніверсітэце.

Цягам усяго часу працы ТБК  склалася  неперарыўная традыцыя штомесячных сустрэч на сядзібе, прысвечаных памятным падзеям беларускай гісторыі, выбітным нацыянальным дзеячам. Сядзібу наведваюць культурныя і грамадскія дзеячы з Беларусі ды іншых краінаў.

Таварыства беларускай культуры штогод збірае беларусаў на  Дзень Волі, угодкі Слуцкага збройнага чыну, адзначае  Дзяды, Каляды і іншыя традыцыйныя беларускія святы, ушаноўвае памяць беларускіх герояў. Сіламі Таварыства было выдадзена шмат кніг, на сядзібе сабраная бібліятэка, ёсць багаты архіў па гісторыі Беларусі і Літвы.

Выразнай з’яўляецца пазіцыя Таварыста адносна свабоды і дэмакратычных каштоўнасцяў. ТБК выступае арганізатарам грамадска-палітычных акцый у падтрымку правоў чалавека ў Беларусі, у падтрымку рэальнай незалежнасці і нацыянальнага развіцця.

Адна з важных падзеяў, якія ладзіць ТБК, – гэта канфэрэнцыя беларусаў Балтыйскага рэгіёна і Беларусі, якая ладзіцца раз на 4 гады. Апошняя, пятая такая канферэнцыя адбылася летась.

З гонарам і ўдзячнасцю хочам адзначыць, што ТБК ад самага пачатку са Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Нас яднаюць шматгадовае сяброўства і ўзаемная падтрымка. ТБК удзельнічала ва ўсіх з'ездах беларусаў свету і стала падтрымлівае кантакты з беларускімі дыяспарамі ў іншых краінах.

Асабліва хочацца звярнуць увагу на самаахвярныя высілкі ТБК, скіраваныя на тое, каб беларускасць прысутнічала ў сучаснай Вільні і была відавочнай не толькі для беларусаў: на Ліпаўскіх могілках і на могілках Росы ўсталяваныя помнікі беларускім дзеячам, а таксама ў адпаведных месцах горада – памятныя шыльды ў гонар славутых беларусаў. Так, дзякуючы намаганням ТБК і асабіста спадара Хведара Нюнькі зараз у Вільні ёсць памятныя шыльды такім выбітным асобам як Францішак Скарына, Кастусь Каліноўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі, Пётра Сергіевіч, Наталля Арсеннева, Адам Станкевіч, Максім Гарэцкі... Гэтыя памятныя знакі – не толькі сімвал пашаны выбітным постацям беларускай культуры і гісторыі, але і матэрыяльнае сведчанне гістарычнай беларускай прысутнасці ў Вільні.

Сёння колькасць беларусаў у Літве скарацілася больш чым на траціну ў параўнанні з тым, што было ў 1989 годзе. Аднак сваёй руплівай дзейнасцю ТБК даводзіць, што беларусы ў гэтай краіне ёсць, што яны захоўваюць нацыянальную ідэнтычнасць і робяць усё для таго, каб Беларусь і беларусаў шанавалі на гэтай зямлі. Безумоўна, даводзіцца сутыкацца з фінансавымі і іншымі праблемамі, але сябры ТБК не збочваюць перад перашкодамі і працягваюць сваю руплівую працу па захаванні і пашырэнні беларушчыны.

Калі бачыш, колькі ўсяго ўжо зроблена дзякуючы энтузіязму і самаадданай працы невялікай групы неабыякавых, патрыятычных беларусаў, хочацца схіліцца перад вамі ў паклоне.

Безумоўна, асобная падзяка нязменнаму кіраўніку ТБК і ганароваму сябру Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Хведару Нюньку, які ўсе гэтыя гады нястомна і плённа на справе паказвае веліч сваёй любові да Радзімы і неабыякавасць да лёсу беларусаў.

Вялікі дзякуй Вам, шаноўны спадар Хведар, за ўсё што Вы робіце не толькі дзеля беларусаў Літвы, а і дзеля ўсёй Беларусі! Дай Вам Бог заставацца такім жа бадзёрым і мэтаскіраваным яшчэ шмат-шмат гадоў! Няхай Вас ніколі не пакідаюць здароўе і радасць, няхай Вашыя блізкія і паплечнікі заўсёды будуць побач.

Дарагія сябры!

Ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” дазвольце яшчэ раз павіншаваць вас з юбілеем Таварыства беларускай культуры! Гэта свята і гонар для ўсіх нас! Зычым усім вам салідарнасці, імпэту і спору ў той нялёгкай справе, якую вы робіце! Няхай вам заўсёды стае для яе моцы, здароўя і натхнення, і няхай у вашых сэрцах заўсёды гарыць агмень любові да Беларусі!

Будзьма разам!

Жыве Беларусь!


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение