6 красавіка Барысу Кіту спаўняецца 104 гады!

Як ні сягне высока птах, Ляцеціме ў гняздо наніз. Зямля стаіць на трох кітах. Адзін з кітоў — спадар Барыс.

Рыгор Барадулін
 

Барыс Кіт - выбітны беларускі грамадскі дзеяч, настаўнік, знаны ва ўсім свеце навуковец, чалавек з вельмі цікавым лёсам. Праз усё жыццё Барыс Кіт застаецца шчырым беларускім патрыётам, які заўжды імкнуўся дамагаць землякам і Бацькаўшчыне. Прапануем вам, дарагія чытачы, пазнаёміцца з кароткім нарысам яго жыцця - жыцця, так багатага на падзеі, што пра яго можна напісаць яшчэ многа кніг.

Барыс Кіт нарадзіўся ў Пецярбургу ў беларускай сям’і, рос у асяродку нацыянальнай інтэлігенцыі, а ў 1918 годзе, пасля  кастрычніцкага перавароту, вярнуўся з бацькамі ў родную Навагрудчыну.

Тут ён скончыў беларускую гімназію, потым - універсітэт у Вільні. Прычым збіраўся ён паступаць на гістарычны факультэт, але ў выніку пайшоў на фізіка-матэматычны. Вось як расказваў пра гэта спадар Барыс некалькі гадоў таму:

“Яшчэ з часоў гімназіі я страшэнна любіў гісторыю. Калі запісваўся ў Віленскі ўніверсітэт, хацеў паступаць менавіта на яе. Гляджу: перад акенцам на гістфак сто чалавек стаіць. Направа ж прымалі дакументы на матэматыку, і там было якіх пяць чалавек. Так я стаў матэматыкам”.

З 1931 года Барыс Кіт выкладаў у “калысцы беларускага адрадджэння” - Віленскай беларускай гімназіі, а ў 1939 годзе зрабіўся яе дырэктарам. Многія вучні ўспаміналі і ўспамінаюць яго цёплымі словамі.

Сёлета ў сакавіку на кніжнай выставе ў Ляйпцыгу да беларускага стэнду падышла спадарыня Таццяна Шварцэнбергер. Яна расказала, што яе маці вучылася ў Віленскай гімназіі ў 1930-я, і з таго часу захаваўся здымак. Ён быў зняты ў дзень развітання з дырэктарам Анцукевічам, 17 верасня 1938 года.

Барыс Кіт - першы з правага боку ў шэрагу настаўнікаў. Маці Таццяны Шварцэнбергер, Яўгенія Сянькевіч, – другая злева дзяўчынка з белым каўнерчыкам за першым шэрагам настаўнікаў, з правага для гледача боку за настаўнікам у акулярах. У той час ёй было дванаццаць гадоў.

Надпіс на адваротным баку здымка

Дзякуючы Барысу Кіту ў Навагрудку зноў запрацавала беларуская гімназія, дырэктарам якой ён стаў. Падчас нямецкай акупацыі ён арганізоўваў беларускія школы, ратуючы моладзь ад высылкі ў Германію.

Другую сусветную вайну Барыс Кіт сустрэў у заходнебеларускім мястэчку Лебедзева, дзе працаваў настаўнікам. У часе акупацыі ён апынуўся ў нямецкай вязніцы - нібыта за сувязь з партызанамі, і яму пагражаў расстрэл, але дзякуючы вучням, ён быў вызвалены і нават аднавіўся на працы.

Месяц у нацысцкай турме ў 1944-м Кіт называе самымі страшнымі днямі ў сваім жыцці.

"Трыццаць дзён я чакаў расстрэлу. Кожны дзень прыганялі 30 чалавек, з якіх 25 ноччу расстрэльвалі. Я трыццаць разоў паміраў", — успамінае Барыс Уладзіміравіч.

Напрыканцы вайны Барыс Кіт эміграваў у Германію, дзе і сустрэў канец вайны. У Нямеччыне ён вывучаў медыцыну ў Мюнхенскім універсітэце, а таксама выкладаў у гімназіях. А потым, атрымаўшы дазвол, Кіт з’ехаў у Амерыку, дзе пачаў сваю даследніцкую кар’еру ў галіне астранаўтыкі. Ён зрабіў першае ў гісторыі фундаментальнае даследаванне якасцяў вадкага вадароду, пасля чаго яго пачалі выкарыстоўваць як асноўнае ракетнае паліва. Шмат у чым дзякуючы гэтаму стаў магчымы першы палёт чалавека на Месяц.

У ЗША Барыс Кіт зрабіўся вядомым і аўтарытэтным навукоўцам. За ўнёсак у развіццё астранаўтыкі ён быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі. Імя Кіта сярод славутых навукоўцаў Амерыкі замуравана ў капсуле часу ў сцяну Капітолія.

А яшчэ ў Амерыцы Барыс Кіт стаў адным  з заснавальнікаў найбуйнейшай ў ЗША беларускай спуольнасці ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Дзякуючы яго старанням больш за 300 сем’яў беларускіх палітуцекачоў пераехалі за акіян.

У 1972 годзе Мэрылендскі ўніверсітэт накіраваў Барыса Кіта ў Нямеччыну для правядзення навуковых даследаванняў. Там Барыс Уладзіміравіч планаваў спачатку прабыць некалькі гадоў, але ў выніку так і застаўся, бо сустрэў там сваё каханне…

У 1990-х Барыс Кіт тройчы пабываў у Беларусі. Тут ён рабіў спробы закласці нацыянальны ўніверсітэт еўрапейскага кшталту. А ў 2008-м годзе ў Навагрудку, ганаровым жыхаром якога ён з’яўляецца, быў адчынены музей Барыса Кіта.

Сёння мы вельмі радыя павіншаваць шаноўнага Барыса Кіта - “першага беларуса ў свеце”, як назваў яго Васіль Быкаў, - з Днём народзінаў!

Шаноўны спадар Барыс! Нас вельмі цешыць, што Ваш зямны шлях працягваецца, і спадзяемся, што яшчэ доўга Вы будзеце з намі, такі ж бадзёры, пазітыўны, шчыры і светлы, якім Вы былі заўжды! Зычым, каб здароўе Вас не пакідала, каб усмешкі і зычлівыя словы блізкіх людзей падмацоўвалі Вас і сагравалі Вашае сэрца, каб у душы заўжды была радасць!

Вы - гонар Беларусі!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”