Бізнес і мастацтва: “Ты мяне паважаеш?”

Бізнес і мастацтва — сусветы розныя, якія ў Беларусі, на жаль, перасякаюцца нячаста. А супрацоўніцтва гэтых дзвюх сфераў магло б шмат добрага прынесці ўсім. І каб лепш паразумецца, кампанія “Будзьма беларусамі!” сабрала бізнесоўцаў і творцаў на дыскусіі “Культура партнёрства. Ці знойдуць агульную мову бізнес і мастацтва?” у прасторы “ЦЭХ”, што ладзіцца ў серыі веснавога цыклу “высвятлення стасункаў з культурай”.

Мастацтва зазвычай не пакліканае зарабляць. Але і развівацца без грошай не можа. Ёсць, вядома, прыклады, калі культурніцкія праекты рабіліся камерцыйна паспяховымі і ператвараліся ў бізнес, толькі гэта хутчэй выключэнне з правілаў, ды і не ўсе віды мастацтва такое могуць зрабіць.

“Ва ўсе часы ва ўсіх краінах мастацтва атрымлівае падтрымку — мецэнацкую, спонсарскую, дзяржаўную, — лічыць каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская. — Традыцыя мецэнацтва ў Беларусі сягае каранямі ў стагоддзі, варта згадаць хаця б Радзівілаў ці Сапегаў. Ці ёсць мецэнаты ў сённяшняй Беларусі? Адной з такіх асобаў з’яўляецца, да прыкладу, Валеры Казакоў — пісьменнік родам з Магілёўшчыны, старшыня нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, які дапамог вярнуць у Беларусь не толькі статут ВКЛ 1588 года, але і шмат іншых унікальных кніг і мастацкіх твораў”. Яна згадала і іншыя прыклады, калі выхадцы з Беларусі дапамагалі мастацтву сваёй радзімы: “У 1992 годзе Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выступіла ініцыятарам аднаўлення вобразу крыжа Ефрасінні Полацкай. Ідэя была ўхваленая Першым з’ездам беларусаў свету, і Экзархатам БПЦ. Дзякуючы супольным укладанням беларусаў-бізнесоўцаў з замежжа і з Беларусі нацыянальная хрысціянская святыня была адроджаная”. Аднак гэта хутчэй разавыя прыклады, чым тэндэнцыя. “Што зрабіць, каб бізнес і культура супрацоўнічалі шчыльней і эфектыўней? Відавочна, за адну сустрэчу адказу на гэтае няпростае пытанне не знойдзеш. Аднак кожная такая гаворка, кожная сустрэча набліжае нас да паразумення, а гэта — веру — прывядзе да новых паспяховых праектаў паміж бізнесам і мастацтвам”, — адзначыла Н. Шыдлоўская.

Як мастаку не застацца галодным

Наколькі сёння бізнес гатовы рабіць нешта ў сферы культуры? І як людзям мастацтва папрасіць грошы на свой праект, каб гэта не выглядала стасункамі “пабіралкі” і “тоўстага кашалька”? Менавіта з такіх пытанняў пачаў дыскусію яе мадэратар — літаратар, памочнік Старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў і шоумен Усевалад Сцебурака.

Эксперты адразу ж уключыліся ў размову:

Уладзімір Шаблінскі, арганізатар канцэртаў, прадзюсар, уладальнік хутара “Шаблі”: “Калі казаць пра запіс альбома альбо правядзенне культурніцкага мерапрыемства, то трэба ўсё ж імкнуцца да самаакупнасці без інвестараў і спонсараў. Існуе шмат паспяховых праектаў. Дадатковыя сродкі, вядома, вітаюцца, бо яны даюць магчымасць хутчэй данесці прадукт да спажыўца. Але тут усё залежыць ад матывацыі — і спонсара, і праекта, якому патрэбнае спансаванне”.

Маргарыта Корзун, культурніцкі менеджар, бізнес-аналітык, трэнер: “Я тут магу прадстаўляць абодва бакі — і бізнес, і мастацтва. Як прадстаўнік культуры я намагаюся не прасіць, а прапаноўваць. І любыя адносіны паміж бізнесам і мастацтвам разглядаю як партнёрства.

Адзін з прыкладаў супрацоўніцтва, карыснага і для іміджу кампаніі-спонсара, і для мастацтва, быў конкурс Smart Art, які праводзіў Velcom разам з галерэяй “Ў” два гады таму. Вынікам конкурсу стала адкрыццё новых імёнаў маладых дызайнераў і мастакоў”.

Ірына Карзюк, кіраўнік групы карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom:

“Галерэя “Ў” сама прыйшла да нас з партнёрскай прапановай рэалізаваць гэты праект. І мы разам вырашалі, якую выгаду кожны з нас можа з гэтага атрымаць. То бок людзі прыходзяць да нас звычайна падрыхтаваныя, яны ведаюць, якія акцэнты мы робім у сваёй дзейнасці і якую аўдыторыю праз іх праект зможам прыцягнуць”.

Такім чынам, усе сышліся на думцы, што стаяць з працягнутай рукой мастак можа толькі для партнёрскага поціску.

Культурная рэвалюцыя вымушаная шукаць грошы

Анастасія Сцёпіна, каардынатар праектаў фонду “Ідэя”, адмысловец у галіне карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці: “Я тры гады супрацоўнічаю з фондам “Ідэя”, і мы рэалізоўваем праекты ў культуры і іншых сферах, якія падтрымліваюцца бізнесам. Калі ўсё пачыналася ў 2011 годзе, я бачыла, што ініцыятыва заўсёды зыходзіла ад культуры, а за бізнесам даводзілася практычна бегаць з гатовым праектам. Але цяпер магу сказаць, што сацыяльная адказнасць стала тэндэнцыяй, і ўжо бізнес першы выказвае гатоўнасць нешта рабіць у сферы культуры.

Вольга Сямашка, юрыст: “У Беларусі пытанне з фінансаваннем мастацтва даволі цяжкае, бо, каб атрымаць дапамогу з-за мяжы, трэба прайсці складаны працэс рэгістрацыі. Гэта не адпавядае міжнароднай практыцы. Унутры дзяржавы ёсць некалькі шляхоў атрымання грошай на мастацтва — у першую чаргу гэта ахвяраванні ад прыватных асобаў. Ёсць сумнавядомы ўказ прэзідэнта №300, паводле якога юрыдычныя асобы і ІП могуць перадаваць грошы згодна з юрыдычнымі дамовамі іншым арганізацыям. Тут узнікае шмат праблемаў, і кожны шукае свае шляхі іх вырашэння — праз займы альбо нават перавозячы замежныя грошы нелегальна. І гэта сумна, бо адказнасць вялікая. Беларусь разам з М’янмай, Егіптам, Алжырам, Бахрэйнам знаходзіцца ў ліку краін, дзе за няправільна атрыманую дапамогу прадугледжаная крымінальная адказнасць. Ёсць таксама Указ прэзідэнта № 145, паводле якога любая асоба, якая займаецца культурніцкай дзейнасцю, можа падаць заяўку ў Міністэрства культуры, і спонсар зможа атрымаць дадатковую ільготу на падатак. Усе астатнія ільготы, пра якія так любяць згадваць, калі кажуць пра спрыяльны клімат, датычаць дзяржаўных установаў, асабліва правядзення спартыўных мерапрыемстваў.

Такім чынам, умовы для культурніцкай дзейнасці вельмі неспрыяльныя. У нас цяпер павінная адбывацца трэцяя культурная рэвалюцыя, а мастакі, якія маглі б яе рабіць, знаходзяцца ў пошуках грошай”.

25 сацыяльна адказных

Хто ж гэтыя кампаніі, якія выдаткоўваюць грошы на культуру?

Анастасія Сцёпіна: “Я магу пералічыць банкі, аўтамабільныя кампаніі і мабільных аператараў. Але ўвогуле беларускі буйны бізнес і прадстаўнікі міжнародных кампаній вылучаюць грошы на такія праекты, бо гэта частка іх стратэгій. З дробным бізнесам пакуль усё сумна, бо ён не разумее, навошта гэта рабіць. Пры ягоным узроўні даходаў немагчыма праводзіць культурныя рэвалюцыі, ім трэба самім выжыць.

Менш за месяц таму мы зладзілі першую прэмію па сацыяльнай адказнасці, у ёй узялі ўдзел 25 праектаў. Гэта буйныя беларускія і замежныя кампаніі. Мала, але ўжо нешта”.

“Культуру выратуюць 20-гадовыя пацаны!”

Абстаноўка трохі напалілася, калі Ігар Корзун, удзельнік з залы, прапанаваў прадстаўнікам бізнесу падтрымліваць андэграўнднае беларускае мастацтва. “Калі андэграўнд загнецца, то культуры не будзе!” Канцэрты заезджых зорак і нават пышныя мастацкія музейныя праекты не дапамогуць падняць культуру, упэўнены слухач.“Дапамогуць 20-гадовыя пацаны з гаражных гуртоў, пра якіх ніхто не ведае! Пісьменнікі, якія выдаюць кнігі за грошы з уласнай кішэні! Дзе бізнес, які іх падтрымае?” — хваляваўся спадар Корзун.

Прадстаўнікі бізнесу пярэчылі, што яны ўсё ж не могуць забываць пра сваю галоўную зацікаўленасць — зараблянне грошай, таму звяртаюць увагу на праекты, якія будуць карысныя для іх іміджу.

Наталля Гаварко, прадстаўніца бізнесу, удзельніца дыскусіі, выказалася шчыра: “Я вырасла ў сітуацыі культурнага голаду, мне цяжка зразумець, на якія, скажам, тэатральныя праекты звяртаць увагу. Бо ў Беларусі тэатр усё ж значна слабейшы за тое, што я бачыла ў іншых краінах. Грошай у абрэз, і хочацца ўкласці іх у нешта вартае, а разбірацца ў тэатральным мастацтве няма часу, бо трэба займацца бізнесам. Як мне ацаніць, які праект варты, а які не?”

Кропку ў гэтай спрэчцы паставіў Уладзімір Шаблінскі: “Сёння дробны бізнес вернуты да сітуацыі пачатку 1990-х і займаецца першасным назапашваннем капіталу. Пры гэтым палітычная сітуацыя такая, што любая прыватная ініцыятыва разглядаецца як варожая ў дачыненні да культуры краіны. Таму і забароненыя любыя гранты, якія могуць атрымліваць мастакі. Гэта будзе працягвацца да тых часоў, пакуль не зменіцца палітычная сітуацыя.

Як мы чулі, ёсць 25 буйных кампаній, якія падтрымліваюць беларускае мастацтва. Толькі тады памяняецца сітуацыя ў краіне, калі ўладальнік бізнесу, які заўсёды прымае рашэнне, перастане ўспрымаць падтрымку культуры як прасоўванне свайго канкрэтнага прадукту, а будзе разглядаць як унёсак у будучыню культурнай прасторы, дзе будуць жыць яго дзеці. Паколькі большасць беларускіх бізнесоўцаў маюць нерухомасць на Захадзе і бачаць будучыню сваіх дзяцей зусім не ў гэтай краіне, гэта можа працягвацца бясконца. Толькі калі вырасце дробны бізнес, які сёння знаходзіцца на ўзроўні лавачнікаў, але бачыць будучыню ў Беларусі, можна будзе пра нешта казаць”.

У Беларусі няма культуры культуры

Пісьменніца Антаніна Хатэнка вельмі эмацыйна адзначыла, што да Барбары Радзівіл ніхто не звяртаўся па падтрымку тэатра. Магнатка сама цікавілася і апекавалася культурай, бо ўсведамляла важнасць гэтай справы. Гэта было культурнай традыцыяй у Беларусі, пакуль не перарвалася ў часы Савецкага Саюза. Працуючы ў музеі Янкі Купалы, вельмі складана было знайсці грошы на выданне твораў знакамітага аўтара, звароты на дзяржаўныя прадпрыемствы не давалі плёну. Таму сённяшняя сітуацыя — гэта ўжо тое, што мы атрымалі ў спадчыну ад СССР. Трэба прызнаць, што ў грамадстве няма ўяўлення пра значнасць культуры, няма патрэбы ў фармаванні, стварэнні культурнай прасторы.

Агульны тэзаўрус

Дыскусія, спадзяемся, займее і практычнае значэнне для тых, хто мае ідэі і шукае падтрымкі бізнесу. Слова ўзялаРэната Петруш, прадстаўніца лагістычнай кампаніі “Фабеас”. Яна расказала, што на базе кампаніі, дзякуючы асабістаму памкненню яе дырэктара Андрэя Паддубскага, ствараецца “Беларуская прастора”, дзе змаглі б аб’ядноўвацца бізнесоўцы і людзі мастацтва. Кампанія можа прапанаваць памяшканні для правядзення мерапрыемстваў, апроч таго, сярод кліентаў “Фабеас” ёсць бізнесоўцы, гатовыя падтрымаць культурніцкія праекты, якія ім цікавыя.

Зміцер Саладуха з “ПАН-студыі” заклікаў не ўспрымаць культуру і бізнес у антаганізме: “Часам, як мы бачым на прыкладзе Шаблінскага, культура існуе ў форме бізнесу. А бізнес трэба ўспрымаць як культурніцкую з’яву. Калі мы так глянем на гэтую сітуацыю, то зразумеем, што ў нас можа быць агульнае, нам проста не хапае камунікацыі. Трэба толькі знайсці агульны тэзаўрус”.

Рэфлексій і каментароў ад удзельнікаў было так шмат, што ў нейкі момант эксперты апынуліся ў пазіцыі слухачоў. Агулам з дыскусіі, што агаліла шэраг балючых пытанняў у сённяшняй беларускай ментальнасці, дзяржаўна-грамадскім ладзе, можна зрабіць і канструктыўныя высновы.

Глеба для дыялогу бізнесу і мастацтва ёсць: і ў кропкавых прыкладах падтрымкі прадпрымальнікамі культурніцкіх праектаў, і ва ўзаемным “голадзе” бізнесоўцаў і культурніцкіх дзеячаў, і, самае важнае, у канкрэтнай прапанове па стварэнні фізічнай камунікацыйнай пляцоўкі ад кампаніі “Фабеас”.

Важнасць стварэння пастаяннай камунікацыйнай платформы, ці то ў форме інстытуцыі (юрыдычнай асобы), ці то ў форме нефармальнага, сеткавага аб’яднання, неаднаразова падкрэслівалася ў размове. Па-першае, таму, што менавіта аб’яднанымі высілкамі прадпрымальнікаў і творцаў магчыма лабіраваць змены ў заканадаўстве, каб статус культурніцкіх праектаў, установаў і творцаў быў хаця б не прыніжаны ў параўнанні са спартовымі. Па-другое, нашай культуры бракуе менеджменту, бізнес-кампетэнцый. Калі творчы прадукт не можа сябе падаць правільна і зразумела, а бізнес не мае часу разбірацца ў абстрактных катэгорыях, камунікацыйны “мост” не будзе пабудаваны з паветра. Трэба вырошчваць сістэму культурніцкага менеджменту.

Пакуль мы не маем культуры спажывання мастацкага прадукту ў шырокім сэнсе, пакуль не маем развітых мастацкіх рынкаў (для кожнай галіны), нішто не замінае кожнаму з нас (і мастацкім дзеячам, і бізнесоўцам) выхоўваць на ўзроўні свайго праекта, сваёй каманды павагу да іншага боку. Сапраўды, ніхто нічога нікому не вінны, наадварот — мы разам працуем на тое, каб “сёння было крыху лепш, чым учора”. На тое, каб нашае грамадства развівалася, мела і думала больш. Таму канцэпцыя сацыяльнай адказнасці была згаданая невыпадкова. Калі вырашэнне грамадска значных задач, згуртаванне супольнасцяў становіцца генеральным кірункам дзейнасці, аб’яднаць высілкі бізнесу і культуры значна прасцей, а вынік больш эфектыўны.

Таму давайце больш адказна і ўважліва ставіцца адно да аднаго, імкнуцца разумець, шукаць, што нас яднае, а не дзеліць. І рабіць гэта разам — больш эфектыўна. Давайце разам фармаваць нашу культурную прастору!

Ток-шоу 1 красавіка стала трэцім у серыі веснавога цыклу дыскусій ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” па высвятленні стасункаў з культурай. Вас чакаюць яшчэ дзве адкрытыя дыскусіі:

8.04. Культура ствараць прастору. РЭКАНСТРУЮЕМ МІНСК

15.04. Культура каштоўнасцяў. РАСШЫФРОЎВАЕМ НАЦЫЯНАЛЬНЫ КОД БЕЛАРУСАЎ

Запрашаем усіх неабыякавых і цікаўных да ўдзелу ў дыскусіях!

Будзьма актыўнымі! Палепшым жыццё разам!

Аляксандра Дорская

Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч