Дарагія сябры! Віншуем вас з нацыянальным святам – Днём Волі!
Гэты дзень адзначаюць беларусы ў шматлікіх краінах свету. Агульная гісторыя, памяць, любоў да Беларусі яднаюць нас нягледзячы на адлегласці. Мы разам згадваем, як 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта стала знакавым момантам на шляху беларускай дзяржаўнасці.
Мінула яшчэ сем дзесяцігоддзяў, перш чым нашая краіна зрабілася суверэннай рэспублікай. Гісторыя і сучаснасць яскрава дэманструюць, што пра захаванне набытай самастойнасці і свабоды мы мусім дбаць заўсёды. Гэта наш абавязак перад тымі, хто зрабіў першы крок да незалежнасці Беларусі, а таксама перад прышлымі пакаленнямі беларусаў.
Давайце разам, годна і ўзнёсла, адзначым нашае гістарычнае свята - Дзень Волі. Аддамо даніну павагі заснавальнікам Беларускай Народнай Рэспублікі, каштоўнасці якой і сёння застаюцца актуальнымі і вартымі таго, каб іх адстойваць. Нашая будучыня залежыць найперш ад нас! І мы хочам пажадаць вам, дарагія сябры, моцы і веры, узаемаразумення і салідарнасці дзеля таго, каб урэчаісніць ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі! Святла вам, здароўя і спагады!
Жыве Беларусь!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”