Дарагія сябры!
Ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуем вас з 25-гадовым юбілеем “Беларуска-Эстонскага Згуртавання”!
Чвэрць стагоддзя таму, у 1989 годзе, намаганнямі неабыякавых да сваёй культуры і гісторыі беларусаў на эстонскай зямлі стварылася гэтая супольнасць. Яна была закліканая найперш яднаць тых, хто любіць Беларусь, захоўваць і папулярызаваць беларускую мову і культуру, годна прадстаўляць беларускую нацыю ў шматнацыянальным рэгіёне Іда-Вірумаа. І сёння мы з гонарам адзначаем, што ўвесь мінулы час “Беларуска-Эстонскае Згуртаванне” на самым вышэйшым узроўні вырашала пастаўленыя мэты.
“БЭЗ” рэгулярна ладзіць беларускія святочныя мерапрыемствы з удзелам свайго цудоўнага ансамбля, праводзіць фестываль беларускай песні “Родныя напевы” і фестываль беларускага гумару “Усмешка па-беларуску”, а таксама садзейнічае ў арганізацыі традыцыйных выставаў Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”. Гэтыя імпрэзы збіраюць разам беларусаў, эстонцаў, прадстаўнікоў іншых нацыянальных супольнасцяў у Эстоніі і гасцей з самой Беларусі. Сябры Згуртавання ўдзельнічаюць у міжнародных мерапрыемствах як у Беларусі, так і ў іншых краінах, у тым ліку ў Літве, Польшчы, Чэхіі.
Менавіта “БЭЗ” паспрыяў таму, што беларускія суполкі паўсталі ў Нарве і ў Сіламяэ, а таксама таму, што пачалі плённа развівацца пабрацімскія адносіны эстонскага горада Йыхві і беларускіх Паставаў. Дзякуючы ініцыятыве сяброў “БЭЗу” ў 1998 годзе ў горадзе Ківіылі была ўсталяваная мемарыяльная шыльда беларускаму пісьменніку Яну Скрыгану. На сённяшні дзень гэта адзіны памятны знак у Эстоніі беларускаму дзеячу культуры.
Усё акрэсленае адлюстроўвае вялікую зацікаўленасць “БЭЗу” ў шырокім узаемадзеянні з прадстаўнікамі Беларусі, Эстоніі ды іншых краінаў дзеля агульнага ўзбагачэння культураў.
У гістарычным аспекце важна зазначыць, што 95 гадоў таму, у 1919 годзе, былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны паміж урадамі Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і першай Эстонскай Рэспублікай на ўзроўні Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, а беларускае зямляцтва вызначыла сваю культурніцкую прысутнасць на эстонскай зямлі, стварыўшы Беларускі нацыянальны камітэт у Таліне (Рэвелі). Таму сённяшняя дзейнасць “БЭЗу” лагічна і гістарычна падмацавана працягвае даўнія традыцыі сяброўства беларусаў і эстонцаў.
З вялікім задавальненнем і прыемнасцю адзначаем, што “Беларуска-Эстонскае Згуртаванне” дваццаць тры гады таму ўдзельнічала ў стварэнні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, а цяперашняя старшыня “БЭЗу” Зінаіда Клыга ўсе гады ўваходзіць у Раду Згуртавання. У 2013 годзе на Шостым з’ездзе беларусаў свету яна пранікнёна выступіла ў абарону беларускай мовы, якая дагэтуль не заняла належнае месца ў Беларусі. І дазвольце выказаць спадарыні Зінаідзе Клыга асобную падзяку за тую няпростую, аднак важную працу, якая дае вялікі плён не толькі для беларусаў Эстоніі, але і для беларусаў усяго свету.
Шаноўныя сябры! Дзякуй вам за руплівую штодзённую дзейнасць! І дай вам Бог моцы для чарговых здзяйсненняў і новых здабыткаў!
Слова "бэз" у беларускай мове – гэта кветка, кветка вясны. Дык няхай вясна 2014 года, юбілейнага для нашага роднага беларуска-эстонскага “БЭЗу”, будзе цёплай і сонечнай. А ўсім нашым землякам у Эстоніі ад шчырага сэрца таксама зычым дабрабыту, плёну ў працы, шчаслівай будучыні і росквіту на карысць нашых дзвюх братэрскіх нацый – беларускай ды эстонскай, на карысць нашых незалежных і суверэнных дзяржаваў – Рэспублікі Беларусь і Эстонскай Рэспублікі.
Мы ганарымся вамі.
Мы назаўжды разам!