Учора, 2 сакавіка 2014 года, не стала Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Яму было 79 гадоў.
Рыгор Барадулін. Фота Джона Кунстадтэра
Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка, што на Вушаччыне ў Віцебскай вобласці. Выдатны беларускі паэт, перакладчык, даследчык беларускай мовы, ён з’яўляецца аўтарам некалькіх дзясяткаў кніг. Ён стаў апошнім беларусам, якому надалі званне Народнага паэта. Гэта адбылося ў 1992 годзе. У 1976 годзе ён быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы за зборнік вершаў “Рум” і пераклады з Федэрыка Гарсіі Лоркі. Сярод іншых атрыманых ім узнагародаў - Ордэн Дружбы народаў, Ордэн Знак Пашаны, латышскі Ордэн Трох Зорак, медаль Францыска Скарыны.
Рыгор Барадулін - Ганаровы сябра Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Ганаровы віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, Ганаровы доктар БДУ, ганаровы грамадзянін Вушацкага раёна.
“Адышоў унікальны для Беларусі і не толькі для Беларусі паэт, апошні паэт незямной прыгажосці. Натуральны, моцна беларускі. Паэт такой сілы, што я не магу яшчэ казаць пра яго веліч, гэта вызначыць час. Але шчасце, што Бог паслаў нам гэтага генія, чараўніка, празорцу. Гэта вельмі рэдка здараецца, што прыходзяць паэты такой сілы. Але шчасце, што гэта здарылася”, - так сказаў беларускі паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін у інтэрв'ю “Радыё Свабода”.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Рыгора Барадуліна.
Смуткуем з нагоды гэтай цяжкай страты для ўсяго беларускага народа.
Светлая і вечная яму памяць!
Развітанне з паэтам адбудзецца ў аўторак, 4 сакавіка 2014 года, у Чырвоным Касцёле ў Мінску.
З 9.45 да 11.15 Час развітання (ціхая малітва); 11.15 Развітальная паніхіда ў грэка-каталіцкім абрадзе; 12.00 Памінальная св. Імша ў рыма-каталіцкім абрадзе;
13.00 Развітальныя словы сяброў.
Пахаваюць Рыгора Барадуліна ва Ушачах побач з маці.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”