Рэцэнзія на кнігу Л.Юрэвіча і Н.Гардзіенкі “Рада БНР (1947–1970): Падзеі. Дакументы. Асобы”

Аўтар: Мікола Пачкаеў, старшыня Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі. Сакратар інфармацыі Рады БНР.

(Пашыраная рэцэнзія, напісаная для разгляду Управай Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі).

 Аснову прапанаванай для падтрымкі ЗБВБ публікацыі кнігі Л.Юрэвіча і Н.Гардзіенкі “Рада БНР (1947–1970): Падзеі. Дакументы. Асобы” складаюць 400 старонак дакументаў дзейнасці Рады БНР эпохі М.Абрамчыка, сабраныя аўтарамі на працягу многіх гадоў у некалькіх архівах беларускага замежжа. Гэта само па сабе – вынік вялікай працы, першая такая сістэматычная публікацыя і безумоўна важны, арыгінальны ўнёсак у беларускую гістарычную навуку. Заяўленая аўтарамі ва ўводзінах мэта “першай прыступкі”, “каб нарэшце запачаткаваць напісанне гісторыі Рады”,  у гэткай публікацыі неаспрэчна мае вельмі паважнае ўвасабленне.

 У частцы публікацыі саміх архіўных дакументаў, мабыць, не патрабуецца разгляд і рэцэнзаванне. Можна выказаць шкадаванне, што аўтары, прапанаваўшы чытачу пратаколы пасяджэнняў, не ўключылі ў публікацыю выніковыя пастановы Рады, нават такія, на якія спасылаецца сам уводны аўтарскі нарыс яе гісторыі: напрыклад, на с. 5 згадваецца пастанова Рады ад 7 красавіка 1949 года, тэксту якой у зборніку, аднак, не знаходзім. З другога боку трэба зазначыць, што вялікую каштоўнасць для чытача мае падрыхтаваны аўтарамі апарат біяграфічных і іншых даведкавых каментароў, што дае падрабязнае ўяўленне пра кантэкст, акалічнасці падзеяў, якіх датычацца дакументы Рады, а таксама звесткі аб персаналіях.

 Тром раздзелам дакументаў папярэднічае даволі падрабязны нарыс ад аўтараў (с. 7-99), дзе яны неўзабаве кажуць аб разнастайнасці магчымых ацэнак і прапануюць свае погляды. Шмат увагі прысвечана цікаваму абмеркаванню такіх пытанняў, якія не маюць дакладнага асвятлення ў дакументах і пэўная рэканструкцыя якіх можа быць прапанавана толькі з крыніцаў ускоснага характару. Тут аўтары зрабілі вялікую працу прафесійных гісторыкаў па гэткай рэканструкцыі, абапіраючыся на ўвесь шырокі спектр дакументаў, якія былі ў іх распараджэнні.

 Такі ўводны аўтарскі агляд цікавы найперш тым, што знаёміць чытача з умовамі дзейнасці паваеннай Рады БНР: у кантэксце агульных палітычных падзеяў Халоднай вайны, шырэйшага палітычнага жыцця беларускай дыяспары, дыяспараў і палітычных прадстаўніцтваў іншых народаў з-за “жалезнай заслоны”. Асвятляецца не толькі дзейнасць Рады па ўнутрнаным згуртаванні паваеннай беларускай дыяспары на прынцыпах вернасці ідэалам БНР, ды шматгадовая рэпрэзентацыя дзяржаўнасці несавецкай Беларусі-БНР у вонкавых кантактах на Захадзе, але і менш вядомыя аспекты – як роля Рады ва ўстановах, якія беларусам уласна не належалі: такіх, як беларуская служба “Радыё Свабода”, Інстытут Вывучэння гісторыі і культуры СССР (Мюнхен), беларуская рэдакцыя Гішпанскага радыё - дзе, аднак, патрабавалася ініцыятыва Рады дзеля забесьпячэння беларускіх інтарэсаў, а потым іх адстойванне перад амерыканскімі і іншымі гаспадарамі такіх установаў.

 Гэтая частка кнігі ёсць, натуральна, найбольш спрэчнай. Аўтары нават злёгку пакрытыкавалі саму Раду: “Сама сучасная Рада БНР, на жаль, таксама не парупілася, каб укласці гісторыю хоць бы сваёй дзейнасці на эміграцыі” (с. 3). З аднаго боку, можна было б прызнаць такі закід аб’ектыўна заслужаным: у тым сэнсе, што Рада як установа сапраўды ніколі не выдавала сваёй вычарпальнай афіцыйнай гісторыі. Ды сучасная Рада БНР, як і Рада пры М.Абрамчыку, ніколі не ставіла сабе задачаў сама-мемарыялізацыі, не разглядаючы сябе найперш у якасці “гісторыі”. З другога боку, крыху дзіўна чуць гэткі закід ад прафесійных гісторыкаў. Адказ, відавочна, у тым, што гісторыю беларускай дзяржаўнай установы на выгнанні павінныя пісаць найлепш незалежныя прафесійныя гісторыкі, чые публікацыі будуць успрымацца грамадскасцю і навуковай супольнасцю з большым даверам, чым якія-колечы афіцыйныя выданні з боку самога прадмету такога гістарычнага разгляду.

У тэксце ўводнага аўтарскага нарысу, на жаль, можна сустрэць шэраг месцаў, дзе знаходзім або некарэктную фармулёўку факту, або прынамсі недасканала расстаўленыя акцэнты.  

Напрыклад, на с. 7 чытаем, што “частка радных на чале з старшынёй Пётрам Крэчэўскім не прызнала самароспуск 1925 г. і працягвала дзейнічаць у Празе...” На жаль, тут “прапушчана” крытычна важная акалічнасць: ідзецца аб самаліквідацыі ў 1925 годзе са здачай мандатаў накарысць БССР,  Ураду БНР, а не самой Рады БНР як установы. Старшыня Пётра Крэчэўскі і Васіль Захарка маглі працягваць сваю дзейнасць дзеля таго, што Рада заставалася нераспушчанай, бо паўнамоцна рэпрэзентаваная Прэзідыюмам, які і мог прызначаць Урады па меры неабходнасці. Замест удакладненняў аўтары, ні на што не спасылаючыся, згадваюць такі “факт” нібыта “самароспуску” проста мімаходзь. Так, мы бярэм пад увагу іх словы (с. 5), што ўвага кнігі прысвечана дзейнасці Рады БНР часоў Абрамчыка – 1947-1970 гадоў, аднак належна паясніць гэтую акалічнасць было, на наш погляд, вельмі важна, бо ў самім аўтарскім нарысе далей згадваецца аб варожых закідах супраць Рады з боку прыхільнікаў Радаслава Астроўскага на працягу 1940-х і 50-х гадоў, аб нібыта яе самароспуску яшчэ ў 1925 годзе. Аўтары паведамляюць аб такім закідзе, на жаль, не знаёмячы чытача з адказам на яго.

 Можна скрытыкаваць і некаторыя іншыя акцэнты. Месцамі пра Раду не зусім дарэчна згадваецца, паміж іншага, як пра “арганізацыю” (с. 94). Гучыць гэта не зусім карэктна з увагі на тое, што такім азначэннем Радзе тут нібы надаецца аднолькавы узровень і статус з усім мноствам  беларускіх грамадскіх арганізацыяў замежжа. З аднаго боку, безумоўна, свайго роду “арганізацыяй” Рада таксама ёсць. І можна пагадзіцца, што ўмовы існавання Рады на выгнанні былі аналагічныя ўсім эмігранцкім арганізацыям (с. 99). Аднак у гэтым кантэксце такое азначэнне кепска дапасавана да ўсяго, што ў самім нарысе гаворыцца аб адметным характары дзейнасці Рады БНР як працягу агульнай рэпрэзентацыі беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі на выгнанні. Гэткая дзейнасць, статус і кантакты навонкі менавіта ў такой якасці выразна ставяць Раду асобна ад усіх “іншых беларускіх арганізацыяў на Захадзе”.

 Іншым прыкладам, дзе аўтарская фармулёўка магла быць больш дасканалай, ёсць згадкі пра савецкі фільм “Людзі з чорнымі душамі” (c. 8, 362), як пра “дакументальны”. Больш дакладна трэба было назваць яго прапагандовым – самых найцямнейшых адценняў.

 Падсумоўваючы, падаецца слушнай выснова, што, хоць пэўныя моманты сфармуляваны, на наш погляд, некарэктна, аднак некарэктнасць назіраем толькі ў некаторых “дарэчы” згаданых акалічнасцях: не йдзецца аб нейкім наўмысным наўпроставым сцвярджэнні няслушных тэзаў або паведамленні несапраўдных фактаў.  Трэба ўзяць таксама пад увагу, што месцаў, якія заслугоўваюць крытыкі, сапраўды мала, ды што ўступны нарыс не з’яўляецца галоўнай часткаю гэтай публікацыі.

Нагадаем, што аўтары бачаць гэтую кнігу як першы ўнёсак ва ўкладанне гісторыі Рады БНР. Трэба прызнаць належнае: гэткае глыбокае знаёмства аўтараў з падрабязнацямі гісторыі беларускай эміграцыі, гэткая іх надзвычайная абазнанасць у дакументальных крыніцах ды сам вялізны абсяг працы, укладзенай у гэтую кнігу, ставіць планку для любых будучых публікацыяў аб гісторыі Рады БНР вельмі высока. Каштоўнасць гэтага дакументальнага выдання агулам будзе нашмат пераважаць моманты, якія могуць выклікаць крытыку, а недасканаласць акцэнтаў у фармулёўках застанецца на адказнасці аўтараў і павінна заахвоціць да працы будучых гісторыкаў у пошуках справядлівасці, дакладнасці і аб’ектыўнасці.